Выбрать главу

Праз гадзіну, адчыніўшы ўдарам нагі рассохлыя дзверы, Макар выйшаў з пад’езда і парывіста ўдыхнуў звінючага паветра. За гэтую гадзіну нічога навокал не змянілася — дзесьці на верхнім паверсе ўсё так жа фальшыва пілікаў гармонік, па сметніку блукалі тлустыя гракі, ад першага пад’езда ад’ехала машына — Макару нават падалося, што гэта быў Мішкаў уазік, — а над Азярышчанскім возерам падымаўся ўгору вечаровы туман. І ўсё ж такі штосьці змянілася ў свеце, штосьці ў ім адбылося. І Макар, яшчэ раз удыхнуўшы паветра, зразумеў: змянілася ягоная душа. Душа стала маладой і лёгкай, яна варушылася ў грудзях, падступала да горла, адчайна прасіла песні.

Перапоўнены пачуццямі, Макар капнуў нагой трусы, якія ён кагадзе шпурнуў у фортку і якія цяпер ляжалі пасярод ходніка, і, згадаўшы, як дрыжэла Данута, як роспачна схапіла яго за вушы і зморана застагнала, раскінуўшыся ў крэсле, здрыгануўся і ад макаўкі да пятак пакрыўся гусінай скурай.

Адразу ж уваччу паўстала іншая сцэна — калі Данута, вохнуўшы раз астатні, уперлася яму ў грудзіну каленам і рашуча прамовіла:

— Не трэба.

Данута прамовіла гэта ў той момант, калі ён, Макар, ужо спусціў штаны і сапрэлы дручок слізгануў па імшыстых валасах, і гэтыя два словы ўтаймавалі юр, і дручок, зачапіўшыся за карункавы пас, абмяк, і разам з ім абмякла — бязвольна і пакорліва — усё ягонае цела.

Дома ён доўга і бязмэтна блукаў па пакоі, потым доўга мыўся пад душам, спяваючы на поўны голас, нарэшце, плюхнуўся на канапу і паліў да позняй ночы, зачараванымі вачыма паглядаючы на шэрую столь.

Тае ночы ён не спаў, і толькі на золку, калі ў вокны ўбіўся няўтульны світанак, унурыўся — ці то ў сон, ці то ў паўсонную замарач; яму мроіліся нейкія страшныя патарочы, увушшу звінелі нечыя галасы, і недзе на доле, у недасяжнай далечыні, ляжалі, спавітыя ранішнім сном, дзве размытыя плямы. Адна, вялікая, была Чорным морам, другая, меншая — Азоўскім. Плямы цьмяна блішчэлі, вабілі і ўадначас пужалі сваім халодна-ртутным бляскам, з кожным імгненнем яны павялічваліся ў памерах, і Макар, за хвілю да таго, як плюхнуцца ў марскія хвалі, прачнуўся.

Сонца ўжо грэла пятку, на гадзінніку была палова на восьмую, а за сценкай, як заўсёды такім часам, стрымана лаяліся суседзі.

Макар падхапіўся з ложка.

— Праспаў, халера! — вырвалася з самлелых грудзей, і левая нага патрапіла, як заўсёды, у правую калошу.

Праз дзесяць хвілін ён ужо ціснуў званок Дануцінай кватэ­ры, і старая порхаўка, рыпнуўшы завесай, прамовіла ў спіну:

— У санаторыю з’ехала… на машыне… з мужыком нейкім.

Порхаўка зашамкала штосьці пра блудлівых мужыкоў, а Макар налёг ілбом на вушак, скрыгатнуў зубамі і застагнаў, ды з такім адчаем, што старая перахрысцілася і спалохана прычыніла дзверы.

* * *

— Сядайце, таварыш Мурленя. Вы нас не пераканалі. — Першы ляпнуў рукой па стале, а калі спорткамітэтчык стаў казаць штосьці ў сваё апраўданне, ляпнуў яшчэ раз, ды так, што ўсе аціхлі, і пранізлівую цішыню неабачліва парушыў чмель. Ён ізноў уляцеў у залу, скрыжаваўшы на сабе асавелыя позіркі раённых актывістаў.

— Ці той гэта? — суцішна запытаўся Мішка Мандрык, і тут жа, зірнуўшы на ўскудлачаную галаву Фаіны Сцефурак, вакол якой наразаў колы гудлівы свавольнік, з палёгкай прашаптаў: — Той самы.

Стрэлкі гадзінніка між тым канчаткова абвіслі, паказваючы палову на сёмую. Якраз гэтай хвілінай сімферопальскі хуткі спыняўся на станцыі Азярышча. Макар зыркнуў на райкамаўскі гадзіннік, потым на свае «камандзірскія», асуджана вохнуў і расшпіліў яшчэ адзін гузік на кашулі.

Апошнія тры дні даліся Макару ў знакі: ён пазбыўся сну, зблажэў з твару, і жыццё ягонае ператварылася ў суцэльны кашмар. Апанаваны мазахісцкімі мроямі, ён уяўляў, як Данута мілуецца на марскім беразе са старымі армянамі, уяўляў, як яе загарэлыя, абцягнутыя белымі панчохамі калені лашчаць нечыя валасатыя лапы, і ад тых мрояў рабілася млосна, кроплі халоднага поту беглі па драбах, і Макар у адчаі прагнуў лізнуць перасмяглым языком высокае неба.

Зрэшты, неба ён так і не лізнуў, але затое дастаў адрас санаторыя, у якім адпачывала Данута. Два дні круціўся ў райкамаўскай прыёмнай, а на трэці дзень, паклаўшы на край Марынінага стала размяклую шакаладку, пачуў: