— Макар, што з табой? Дзе ты быў? — голас сябрукоў прагучаў глуха, усё адно як з нейкай бездані.
Мандрык схапіў яго за пінжак, паклаў на каршэнь сваю вузлаватую, упрыгожаную сіняй катвігай руку, зазірнуў у самыя вочы, і ў Макара адлягло ад сэрца.
Потым была «Каліна»: шалёная п’янка, песні, гарачыя румзы на сябруковым плячы, нарэшце тэлефонны званок з рэстараннай кухні, дакорлівыя Дануціны словы: «Ну я ж прасіла…», якія прыглушала сквірчэнне секунцоў на патэльні… Потым былі скокі да поўнай зморы, цьмянае святло ліхтароў, брэх сабак у Зарэччы і сіплыя Мішкавы мацюгі ля вуха: «Ды куды ты, йоп!.. Далася табе гэтая лярва».
Ноччу ён спаў на падлозе, не распрануўшыся, у сне яму мроіўся Дануцін смех уперамешку з Мішкавымі мацюкамі, мроілася чмялінае зумканне, сквірчэнне секунцоў на патэльні; ён ізноўку падаў у Чорнае мора, а за хвілю да таго, як плюхнуцца ў цёмныя хвалі, дрыгануў нагой і з цяжкасцю размежыў павекі.
Тыя, каму даводзілася прачынацца на падлозе ўласнай кватэры, звычайна адразу ж ішлі на кухню, выпівалі нагбом паўчайніка і, завітаўшы ў прыбіральню, з воклікам: «Ой, бля-а…»— валіліся на канапу. Макар, аднак, не пайшоў на кухню — ён наогул не мог нікуды пайсці, бо не даваў рады падняцца на ногі. Пусціўшы густую сліну і прыклаўшы далонь да пабітага лоба — пабіў надоечы аб дзвярны вушак, — герой аповеду папоўз да тэлефона.
Палец ніяк не патрапляў у дзіркі тэлефоннага дыску, і патрэбны нумар прыйшлося набіраць пяць разоў запар. Была шостая гадзіна раніцы, таму ў слухаўцы доўга спявалі гудкі, чулася мернае рыпенне, падобнае на рыпенне старых спружынаў у ложку, нарэшце гудкі абарваліся і на другім канцы дроту прыспана азвалася Данута.
— Станіслава Данутаўна, — блытана прасіпеў Макар, кашлянуў, каб прачысціць глотку, і тая, да каго ён звяртаўся, скаланула мембрану страшным воклічам:
— Забудзь мой нумар, жывёліна!
Слухаўка азвалася кароткімі гудкамі, выпала з рукі, матлянулася на вітым шнуры, паўтараючы сцэну са шпіёнскіх фільмаў.
А палове на дзясятую Макар прыйшоў у рэдакцыю і перш-наперш зазірнуў у кабінет адказнага сакратара.
Хаміцкі — мужык цёрты, цынічны, які зжыў са свету трох жонак, але і той, пабачыўшы шэфа, спалохана адхінуўся, і ў пашыраных зрэнках ягоных мільганула неспакойная думка: «Вось што робіць з чалавекам каханне!»
На шэфа было страшна глядзець: твар меў зялёнае адценне, валасы ўскудлачаны, на лобе наліваўся сінечай аграмадны гузак, а вочы звузіліся, і цяжка было зразумець — на каго яны глядзяць: на яго, Хаміцкага, ці на брэжнеўскі партрэт, які вісеў на сцяне.
— Ну, як тут? — запытаўся шэф не сваім голасам, і адказны сакратар няўцямна перасмыкнуў плячыма.
Шэфава рука палезла ў кішэнь, кінула на стол скамечаны трульнік, затым храбусткі рубель — усё, што засталося ад аванса, — і адказны сакратар, без слоў зразумеўшы, што да чаго, схапіў грошы і выбег у калідор.
Калі б Макару прапанавалі адарваць палец, сесці на вогнішча альбо выдаліць пару здаровых зубоў, а наўзамен паабяцалі патушыць агонь, які палаў у душы, ён бы без ваганняў пагадзіўся. Але ж ніхто нічога не прапаноўваў, душа гарэла сінім полымем, і Макар не знаходзіў сабе месца. Ён мерыў кабінет нервовым крокам, — хадзіў ад шафы да акна і наадварот, — потым стаў хадзіць вакол стала, пару разоў парываўся некуды пазваніць, але, падняўшы слухаўку, ізноў кідаў на вагар, а адчуўшы лёгкае ўдушша, падцягнуў непадатныя аканіцы і адчыніў акно.
Мядовы ветрык крануўся лоба, на кароткае імгненне разагнаў пякельныя думкі. Макар заплюшчыў павекі, удыхнуў пахі летняга дня, а калі зірнуў на свет, дык убачыў пляшку гарэлкі ў руках адказнага сакратара.
— У Будулая ўзяў, — паведаміў Хаміцкі і, у спадзеўцы атрымаць свае сто грамаў, праглынуў няпрошаную сліну.
Гарэлку ў Азярышчы, з прычыны ўборачнай кампаніі, давалі толькі ў рэстаране, і ад ранку, калі рэстаран быў на замку, даводзілася бегаць да цыганоў, што жылі ў Зарэччы.
— Давай! — незадаволена выдыхнуў Макар, стомлена ўздыхнуў і стаў лічыць працяглыя Сазонавы глыкі.
…Гарэлка апаліла паднябенне, з натугай прайшла ў нутро. Макар скрывіўся, адрыгнуў, зноў прыклаўся да рыльца, і ў гэты момант на рэдакцыйны падворак выехала, бліснуўшы бамперам, шэрая «Волга». Машына спынілася пасярод двара, каротка газанула, і з яе выйшлі двое: нейкі міліцэйскі чын і сакратар абкама Калупайка.
Прыгнуўшы галаву, Макар выбег у калідор, мерачыся даць дзёру праз заднія дзверы, але згадаўшы, што тыя зачынены, вярнуўся ў кабінет, прыхапіў са стала недапітую пляшку і з грукатам уваліўся ў шафу.