Выбрать главу

— Ну, хто тут ёсць? — пачуўся неўзабаве прыглушаны Калупайкаў голас, і пад шафаю рыпнулі масніцы.

Разважаючы на добры лад, можна было меркаваць, што Калупайка зазірне ў пусты кабінет дый сыдзе з рэдакцыі. Але ж рыпенне маснічын засведчыла іншае: сакратар абкама сыходзіць не надта спяшаўся.

Макар паміргаў у цямноцці, прыпаў левым вокам да замочнай шчыліны і ўбачыў Калупайку, які набліжаўся да шафы. Сэрца ёкнула, Макар адхінуўся ад шчыліны, стукнуўся патыліцай аб заднюю фанерыну і ад страху перастаў дыхаць. Не дыхаў ён хвіліны тры, а калі зноў прыпаў да шчыліны, Калупайка ўжо сядзеў у крэсле і з лагоднай усмешкай на твары накручваў тэлефонны дыск.

Голас Калупайкавы гучаў глуха, невыразна, і асобныя словы нават цяжка было разабраць.

— Нам трэба пагаманіць, — стоена казаў сакратар і нават тут, унутры фанернай шафы, было чутна, што сакратар хваляваўся.

Калупайка кашлянуў, са стогнам уздыхнуў і пасля паўзы прамовіў:

— Ну добра, не жадаеце размаўляць са мной асабіста, давядзецца размаўляць з кіраўніком абласнога камітэта партыі. Карацей, я высылаю «Волгу».

Макар бачыў праз шчыліну, як Калупайка падышоў да вакна, махнуў рукой, і на падворку парывіста загула машына.

Потым госць стаў хадзіць па кабінеце, запусціўшы рукі ў штаны і штосьці там перабіраючы, і Макар, падгледзеўшы гэта, скрывіўся і прыпаў вуснамі да пляшкі.

«Волга» вярнулася надта хутка, але галава паспела захмялець, замочная шчыліна плыла перад вачыма і даводзілася штохвілі міргаць, каб яна не сплыла канчаткова.

На калідоры зацюкалі жаночыя туфлікі. Макар прыпаў да рыльца, потым да шчыліны і ўраз працверазеў: у кабінет увайшла Данута. Увайшла рашуча, грацыёзна, пераблытаўшы думкі ў галаве і чарговым разам перацяўшы дыханне.

Данута села ў крэсла, і ў шчыліне сталі бачны толькі частка загарэлай рукі ды мысок лакіраванага туфліка.

Калупайка штосьці сказаў — словы гэтыя праляцелі міма вушэй, — а вось Дануціна фраза: «Жонцы паспавядайся!» — казытнула не толькі слых, але і душу.

— Дана, ну як ты не разумееш, — прамармытаў Калупайка, абхапіўшы рукамі галаву. — Развод для мяне — гэта канец кар’еры. Ты гэтага хочаш?

— Я ўжо нічога не хачу, — адгукнулася Данута, і з відавоку зніклі адразу і рука, і мысок лакіраванага туфліка.

— Твае выбрыкі проста здзіўляюць, — сакратар абкама шаргануў нагой па падлозе. — Тады, на «Качыным востраве»… — У гэтым месцы сакратар уздыхнуў: — «Пакахаю першага, хто ўваліцца ў залу…» Ну, павісла ты на гэтым п’яным ёлупні. І што? Думала, я пабягу тапіцца?

Пачуўшы пра «Качыны востраў», Макар тузануўся, бухнуў азадкам у заднюю сценку і замёр без духу.

— Э-эх, Данка! — вырвалася з сакратарскай глоткі, і Макар ізноў зірнуў у шчыліну. — Няўжо ж я цябе тут пакіну?

Калупайка дастаў з кішэні нейкую паперку, пачаў чытаць:

— Вуліца Савецкая, 45 А… Трыццаць шэсць квадратаў, санвузел раз’яднаны… — У гэты міг Дануціна рука пацягнулася па паперкі, а Калупайка, схапіўшы Дануту за пальцы, юрліва гукнуў: — Спачатку пацалунак!

І тут надарылася неверагоднае: Данута падхапілася з крэсла і спрытна ўселася на Калупайкавых каленях.

— Ну ты хоць яму аддалася? — пралепятаў сакратар, цалуючы аголены Дануччын плячук.

— Вось яшчэ! — фыркнула Данута, чытаючы паперку, а Калупайка, пасля роспачнага ўздыху, прамовіў: — Ну як жа… гэты ёлупень у цябе цэлых дзве гадзіны адседзеў.

Данута паспрабавала злезці з каленяў, але сакратар на­дзейна абхапіў яе за сцёгны.

— Гэта табе Мандрык сказаў, шпіён твой?

— Ну, не злуй, — Калупайка прымірэнча перавёў дых, — я гэтага п’янтоса хачу ў Маскву паслаць, у Акадэмію грамадскіх навук.

Валасатая рука накрыла абцягнутае белай панчохай калена, паткнулася пад спадніцу, і ўсё патанула ў тумане. Макар ліхаманкава працёр вочы, і ў галаве ягонай замітусіліся, шукаючы выхаду, абрыўкі фраз: «Павісла на ёлупні… Мандрык… шпіён твой…» Галаве стала горача, цела скаланулі дрыжыкі, ён рассунуў палавінкі дзвярэй і ўбачыў, што з Калупайкам цалуецца не Данута, а нейкая страхамордлівая карга.

— Ведзьма, — прашапталі сасмяглыя вусны, лёгкія ўвабралі паветра, і Макар, выкуліўшыся з шафы, страшным голасам загарлаў: — С-сука!

Жаночы віскат зліўся з рэхам гэтага крыку, перад вачыма мільганулі задзёртая спадніца, расшпілены прарэх і шэрыя мужчынскія туфлі. Туфлі затупалі па падлозе, узняліся ў паветра, імкнучыся да адчыненага акна; Макар ухапіўся рукамі за левую туфліну і пачуў звон разбітага шкла, мацюкі і трэск штыкецін пад вокнамі.

Ён з цяжкасцю падняўся на ногі, перакінуў з рукі ў руку сакратарскі абутак, а згледзеўшы на падворку міліцэйскага палкоўніка, памкнуўся зноў залезці ў шафу. Па дарозе наступіў на пляшку, падскочыў, спалохана паглядзеў сабе пад ногі. Недапітая гарэлка разлілася па падлозе, дакладна паўтарыўшы абрысы Азоўскага мора.