— Ён там, у рэдакцыі, — даляцеў з падворка плаксівы голас, і па правай назе паплыло мяккае і пяшчотнае цяпло. Яно плыло ўсё ніжэй і ніжэй, аж пакуль пад нагою не пачала расцякацца цёмная пляма. Пляма расла ва ўсе бакі і неўзабаве стала нагадваць па форме Чорнае мора. І вось, калі ў калідоры цяжка затупалі, а пад вокнамі жаласна заенчылі, дзве плямы зліліся, адкрыўшы вачам бязмежны прастор, і схаладнелае сэрца парывістым біццём вітала сутокі стыхій.
Мішка Чобат
Калі я вучыўся ў інстытуце… не буду казаць, у якім, быў у мяне сябар — Мішка Чобат. Займаліся мы з ім у адной групе, і Мішка той быў добрым знаўцам класічнай расейскай літаратуры. Аднойчы нават выйшаў пераможцам конкурсу мясцовых пушкіністаў. Меў ён са сваіх ведаў і сякую-такую капейчыну: кожнага году, у траўні, пісаў на замову творапісы для школьных іспытаў. Пачыналіся яны так: «Аповесць Мікалая Васілевіча Гогаля “Шынель” згуляла вялікую ролю ў развіцці прыгожага пісьменства». Назвы твораў і аўтары, вядома ж, вар’іраваліся. У наступным сказе Мішка згадваў якога-небудзь літаратурнага аўтарытэта. Скажам, у выпадку з памянёным аповедам цытаваліся словы Хведара Дастоеўскага. Ну, гэтыя: «Усе мы выйшлі з гогалеўскага “Шыняля”. Калі-нікалі Мішка даваў пачытаць свае опусы («Зірні, можа памылкі ўбачыш»), і калі я іх чытаў — не ведаю нават, з якой прычыны, — у душы гучалі песні. Прачытаю, fоr exаmple, словы Дастоеўскага, і ўвушшу гучыць рэвалюцыйны марш: «Вышли мы все из “Шинели”, дети семьи трудовой…» І пры гэтым да мужных мужчынскіх галасоў абавязкова далучаўся высокі бабін фальцэт.
Мне найбольш запомніўся творапіс па гогалеўскім «Шынялі», таму яго і згадваю. Надта шчымліва апісаў сябрук галоўнага героя — Акакія Акакіевіча. Прыніжанага і зацкаванага чалавека, які сядзеў доўгімі вечарамі ў цемры, бо эканоміў на свечках. І ўсё дзеля таго, каб набыць сабе прыстойнае адзенне. «Вось ён, свет сацыяльнай няроўнасці і несправядлівасці!» — з пафасам гукаў пры канцы творапісу Мішка Чобат, гарантуючы тым, хто здолеў перапісаць тэкст без арфаграфічных памылак, пяцёрку на выпускных іспытах.
Між тым, як і ў гогалеўскага героя, які марыў пашыць сабе форменны шынель, была ў Мішкі свая мара: набыць фірмовыя джынсы. На календары быў пачатак сямідзясятых. Джынсы тады каштавалі вялікіх грошай, дый набыць іх можна было толькі ў партовых гарадах, праз надзейных знаёмцаў. І хаця ў Мішкі лішніх грошай ніколі не вялося, мара набыць мадняцкую абнову не адпускала, незаўважна ператварыўшыся ў сэнс жыцця. Атабарылася яна, мара, у Мішкавай душы не проста так. На другім курсе сябрук закахаўся. І не абы ў каго, а ў Ленку Перэльцвайг, лабарантку з факультэта прыродазнаўства. На яе ў нас многія казелілі вокам. Ленчынаму бацьку, галоўнаму рэжысёру тэатра, выпала неяк паехаць на гастролі за мяжу, адкуль ён прывёз дачцэ блакітныя «левайсы». У гэтых «левайсах» Ленка і гойсала па інстытуцкіх калідорах, факусіруючы на сваіх пакручастых клубах захопленыя позіркі не толькі студэнтаў, але і маладых выкладчыкаў. Не дзіва, што Мішку апанавала ідэя зраўняцца з Ленкай, як цяпер кажуць, у прыкідзе, і ў сваіх зманлівых лятунках ён бачыў сябе ў джынсах, у стракатай югаслаўскай кашулі і з цыгарэтай «Кент» у зубах.
На трэцім курсе, у верасні, наш курс выправілі «на бульбу». Завезлі далёка — аж у Глыбоцкі раён. Удзень мы завіхаліся на бульбяных палетках, а ўвечары ладзілі ў вясковым клубе танцы ды біліся з тамтэйшымі мальцамі. Жылі мы з Мішкам у хаце дзядзькі Юзіка. Дзядзька, дарэчы, быў жывым увасабленнем гогалеўскага Башмачкіна: такі ж нізенькі, рабаціністы, з невялічкім плехам, але не на лобе, а на патыліцы, і з тым колерам твару, які Гогаль трапна назваў гемараідальным.
Дзядзька Юзік жыў бабылём, ад самага ранку хадзіў на падпітку і любіў пагаманіць з намі, студэнтамі. Гаманіць ён мог пра што заўгодна, але ўлюбёнымі тэмамі былі: 1) як пагана жыць у калгасе і 2) якое файнае жыццё ў Амерыцы. Яму, вясковаму гаваруну, пашчасціла пабываць у Штатах! Мы спачатку не далі таму веры, але потым, пабачыўшы каляровыя фотаздымкі, на якіх наш суразмоўца — паголены, у фасоністым пінжаку — стаяў на тле нью-ёркскіх небасягаў, зірнулі на дзядзьку Юзіка з захапленнем і павагаю. У Нью-Ёрку жыў ягоны старэйшы брат. Паехаў перад самай вайной на заробкі ў Аргенціну, потым перабраўся ў Амерыку ды там і застаўся.