Выбрать главу

— Кожны год, на польскія каляды, пасылку прысылае, — плаксіва-падпітым голасам казаў дзядзька Юзік і махаў рукой.

Гаспадар наш уставаў а пятай гадзіне. Доўга, са здушанымі воклічамі, мыўся пад рукамыйнікам, піў на кухні гарбату і выпраўляўся парадкаваць гаспадарку. Абуджаныя дзядзькавай валтузнёй, мы зябка падцягвалі ногі да чэрава і ляжалі з заплюшчанымі вачыма. Такім часам заўсёды карцела пазбыцца лішняй вільгаці, ды лянота была ўставаць. Першым звычайна не вытрымліваў сябрук: выбягаў з хаты ў адных трусах ды майцы.

Выбег ён і тым ранкам. Я, як заўсёды, накрыўся коўдрай з галавой і наструнена чакаў калі рыпнуць дзверы: пасля Мішкі быў мой чарод падавацца на двор. Праз пару хвілін сябар звычайна вяртаўся. Аднак гэтым разам прайшло ладна часу, я ўжо стаў задыхацца без свежага паветра, і, вылезшы з-пад коўдры, падбег да акна.

Тое, што пабачыў, мяне, прызнацца, уразіла. Гаспадар наш раскідваў сахаром гной на лехах, а за ім — на цырлах, пацепваючыся ад халадэчы, — чыкіляў Мішка Чобат.

Я спехам, не патрапляючы нагой у калашыну, апрануўся і пачуў, як Мішка крыкнуў з парога:

— Ды я вам свае аддам. Ім наогул няма зносу. І пляшку «чарніла» наверх…

Мішка наляцеў на мяне ў цёмных сенцах, каротка мацюкнуўся, пабег у святліцу і стаў трэсці заплечнікам, выцягваючы адтуль свае паношаныя, вайсковага крою, нагавіцы.

— Пазыч колькі можаш, заўтра аддам, — муркнуў сябрук, нават не зірнуўшы ў мой бок.

Я ўдыхнуў паветра, збіраючыся спытаць: чаго ён бегаў у трусах па падворку, — ды тут у хату ўвайшоў гаспадар, і мне стала зразумела Мішкава хваляванне.

На гаспадары былі фірмовыя, па самыя калені завэдзганыя гноем, джынсы. Абноўку, па ўсім відаць, прыслаў брат з Нью-Ёрка, і дзядзька Юзік падумаў, што гэта рабочая вопратка.

У кішэні ў мяне было два рублі з капейкамі.

— Дзеўкі прачнуцца — у іх пазычу, — паведаміў Мішка, дрыготкай рукою пералічваючы грошы. Дзеўкі з нашай групы жылі ў суседніх хатах.

Дзядзька зайшоў за фіранку, што вісела ля ложка, з вохканнем сцягнуў нагавіцы. Мішка схапіў блакітнае, перапэцканае гноем шчасце, шчоўкнуў пальцам па каляным лейбле, сцішана выдыхнуў:

— «Супер-райфл»! Фірма! Нават лепш за «левайсы»! — Але тут жа схамянуўся і, нібыта звяртаючыся да мяне, гукнуў у бок рухавай фіранкі: — Колькі б ты даў за такія порткі?

— Пяцёрку можа б і даў, — прамовіў я ў адказ, і Мішка, задаволена падміргнуўшы, нацягнуў нагрэтыя дзядзькавай шырокай дупай «супер-райфлы» на свой худы азадак.

Таго ж дня сябрук адпрасіўся з’ездзіць дахаты. Паехаў нібыта па грошы, каб вярнуць даўгі, але насамрэч Мішку не цярпелася прайсціся «па броду» ў фірмовых джынсах. Назад ён не вярнуўся.

Праз тыдзень наша група, атрымаўшы ў калгаснай канторы разлік, вярнулася «з бульбы», і я выправіўся наведаць сябра. Мішка ляжаў, дарэшты ўпіты, і кепска варочаў языком. З усяго ім сказанага я разабраў толькі слова «ўкралі». Зрэшты, ужыў ён больш грубае слова. Пра тое, што тут надарылася, дачуўся ад ягонай маці.

«Я якраз бялізну мыла, і раптам Мішка ўвальваецца. «Памый, — кажа, — мама, штаны», — і дае мне нейкія сінія порткі. І дзе ён такія знайшоў? Усё калашынне ў гаўне. Я памыла ды ў двары сушыць павесіла. У нас жа зроду нічога не кралі, а тут…»

Я слухаў Мішкаву маці і ўяўляў, як сябар, адрыгнуўшы піўным духам, увайшоў у хату, спытаў: «Дзе джынсяры?» — і агаломшана кінуўся да акна. Джынсаў на абвіслай вяроўчыне ўжо не было. Там, чорнай меткай лёсу і белым сцяжком капітуляцыі перад яго падступнасцю, матляліся на ветры мужчынскія трусы і праедзеныя ў прамежнасці жаночыя майткі.

У гогалеўскім аповедзе, пасля таго, як у галоўнага героя зладзеі сцягнулі шынель, на начных вулках стаў з’яўляцца прывід, які рабаваў мінакоў. Здымаў з іх шынялі ды футры. Праз пару гадоў у нашым горадзе таксама з’явіўся прывід, які нейкім неверагодным чынам краў з гаўбцоў верхніх паверхаў вывешаныя на прасушку джынсы.

Я тады ўжо вучыўся на пятым курсе, і, вяртаючыся ўначы з пагулянкі, заўважыў на даху аднаго з дамоў цёмную постаць. Чалавек стаяў на краі пляскатага даху і прыглядаўся да развешанай на гаўбцы бялізны. У руках ён трымаў ці то спінінг, ці то кароткае вудзільна. Мне стала зразумелым — хто і якім чынам крадзе з гаўбцоў джынсы. Твару начнога злодзея не ўгледзеў, але быў перакананы, што гэта Мішка Чобат.

Курортны аповед

І

Герману прысніўся страшны сон. Прыснілася, што знік Лукашэнка. Пра тое знікненне небарака дачуўся з інфармацыйнай праграмы «Панарама». Уключыў — у сне, вядома ж, — тэлевізар, а там стрыжаная дыктарка падупалым голасам паведаміла: паехаў, маўляў, гуляць у хакей і назад не вярнуў­ся… Усіх, хто штосьці ведае пра месцазнаходжанне, просьба паведаміць… і тэлефонныя нумары на ўвесь экран.