Выбрать главу

Прачнуўшыся, Герман засяроджана паcкроб ніз жывата, доўга пацягваўся, а пачуўшы шум вады ў кухні, крыкнуў:

— Ліза!

На кухні бразнула патэльня, і шум вады ўзмацніўся.

— Лізавета Іванаўна!

— Ну чаго ты?! — незадаволена азвалася жонка.

— Сон прысніўся… — Герман прыўзняўся на локці, уваччу мільганула вясёлая іскрынка. — Чуеш?..

— Я ад ранку на кухні прэю, а яму сны сняцца. Уставай ды смецце вынесі, а то ўжо мухі гудуць.

Усмешка зляцела з вуснаў. Герман ціха мацюкнуўся, змучана падняўся з ложка. Ён хацеў быў пайсці на кухню, каб паведаміць жонцы, што працуе на паўтары стаўкі і ў першы дзень адпачынку мае права паспаць лішнюю гадзінку, ды тут у вітальні — нечакана і трывожна — бомкнуў званок…

— Го-о! Яшчэ ў трусах?! — гаркнуў ад парога швагер — Лізчын брат Мікола.

Мікола перакінуў з рукі на руку вядро шаўкавістай вішні.

— А я ўжо на лецішча з’ездзіў. Сабраў вам тут на кампот…

Хвілін праз пяць швагры селі на кухні, і Лізавета, папярэдне ўздыхнуўшы, паставіла на стол пачатую пляшку гарэлкі. Мікола пацёр далоні, пачаў быў распавядаць пра свайго новага суседа — айца Яўлампія, якога пазбавілі сану, і ў рэшце рэшт сур’ёзным голасам запытаўся:

— Чаго надзьмуты?

— Ды так… — Герман перакрывіў твар, а Лізавета, выходзячы з кухні, незадаволена прабурчала:

— Сніцца яму там нешта…

Мікола падчапіў відэльцам скрылёк маласольнага гурка:

— Што там у цябе? Начныя кашмары з палюцыямі?

Герман сумеўся, насупіў кусцістыя бровы.

— Прыснілася, што Лукашэнка знік.

Зрэнкі Міколавы вомігам звузіліся.

— Як гэта — знік?

— Ну так… знік ды і ўсё тут.

Мікола кінуў жаваць і ўтаропіўся ў швагра:

— А як ты пра тое даведаўся?

— Як даведаўся… Тэлевізар уключыў…

— Ува сне?

— Ну а дзе ж яшчэ, — з нервовай інтанацыяй выгукнуў Герман, і швагер таропка папоўніў чаркі.

— Нікому толькі не кажы, — Мікола хукнуў у руку, адным глытком асушыў чарку. — А то ў «дурку» патрапіш.

Слова «дурка» заварушылася ў мазгах, стала, як той жук-караед, падточваць самалюбства, і Герман з агідаю крэкнуў.

— Змарнеў ты, Гера, апошнім часам, — швагер усхапіўся на ногі, адчыніў фортку. — У цябе, дарэчы, калі адпачынак?

— Сёння першы дзень, — буркнуў Гера, і швагер, прыпальваючы цыгарэту, ад нечаканасці закашляўся. — Слухай, да нас пуцёўкі прыйшлі. На тры тыдні… у Трускавец. Палову кошту прафсаюз аплачвае. Магу пагаманіць…

— І колькі будзе каштаваць? — азвалася са святліцы Лізавета.

— Дзевяноста баксаў без дарогі.

Мікола пусціў у фортку струмень шызага дыму, а Лізавета, памаўчаўшы, з вясёлым адчаем паведаміла:

— Хай з’ездзіць. Са мной ужо тры гады не спіць, дык, можа, хахлушкі ўзбадзёраць? — Лізавета ўключыла пыласмок і скрозь натужлівы шум выдала нейкую доўгую тыраду, але Мікола пачуў толькі самы канчатак:

— …МТС няшчасны!

— Ліз, пры чым тут машынна-трактарная станцыя?! — гаркнуў, спрабуючы перакрычаць натужлівы шум, Мікола.

Шаргануўшы насадкай па падлозе, Лізавета адключыла пыласмок.

— Бірка такая… на казытун вешаюць. «Можа Толькі Сцаць» — азначае, — паведаміла сястрыца; браценік зарагатаў, і рогат ягоны праглынуў злавесны шум пыласмока, які зноў апанаваў прастору.

ІІ

Хвілін пятнаццаць, не меней, ён бегаў па пероне, пытаўся: «Дзе тут на Трускавец?» — і знайшоў свой вагон за хвіліну да адыходу цягніка. Маладая, апранутая ў празрыста-белую кашульку праваднічка махнула рукой, маўляў, залазьце хутчэй, а ён, разявіўшы рот, забыўшыся пра ўсё на свеце, атарапела глядзеў на дзявочыя калені. Потым убіўся ў тамбур, праваднічка з грукатам апусціла металёвую прыступку, вагон рэўматычна рыпнуў жалезнымі суставамі, і сасмяглыя вусны шапнулі два кароткія словы: «Якія калені!»

У купэ сядзелі тры кабеціны, якія на яго нават не зірнулі: былі занятыя размовамі.

— А я так раблю, — прамаўляла мажная кабета, якая сядзела ля акна і, пазіраючы ў люстэрка, папраўляла спаленыя пергідролем валасы. — Стаўлю на гадзінку ў духоўку, а потым булёнам заліваю. Ну і на гарнір макарона.

— А ці паліваеш чым? — запыталася кабета, што сядзела насупраць.

— Анягож! Падліўку раблю. А як часу няма, дык смятаны бухну.

— Слухайце, а як гэта запяканку рабіць? — падала голас трэцяя кабета, высокая шатэнка з доўгім носам.

Герман прымружыў вочы, згадваючы, дзе яму даводзілася бачыць такі нос, і тут жа з палёгкай уздыхнуў: дакладна такі нос быў у генерала дэ Голя.