Ажаніўся ён у трыццаць два гады. Жонка ягоная, Лізавета Іванаўна, дагэтуль перажыла двух мужоў — адзін засіліўся, другі, прыхапіўшы з кватэры ўсё каштоўнае, збег на радзіму — у Краснадарскі край, адкуль — ужо пасля Германавага жаніхоўства, — дасылаў віншавальныя паштоўкі з краявідамі партовага горада Ейска.
Чым такім спакусіла яго Лізавета, Герман і сам не мог адказаць. Ну, пажвавела пару разоў ягоная спалоханая з дзяцінства пісіня, напружана паматлялася ў паветры, потым, пасля вяселля, кульнулася на бок і больш ужо не аджывала. І доўгімі начамі, захінуўшыся падушкай ад смуродлівага жончынага дыхання, ён ляжаў без сну і мроіў пра дзявочыя калені. Загарэлыя, шчыльна стуленыя, яны, ад нядаўняй пары, не давалі спакою, спараджалі хваравітыя фантазіі, і вільготны язык ягоны варушыўся між вуснаў, спрабуючы ўбіцца, наколькі можна, у лагчынку, што бегла між каленяў. Апанаваны такой дзіўнай жарсцю, ён пагартаў аднойчы падручнік сексапаталогіі, спрабуючы ўведаць — як называецца такое адхіленне, але нічога такога не знайшоў. Вычварэнцы млелі ад брудных жаночых майтак, ад зубачыстак, якімі карысталіся незнаёмыя кабеты, ад унітазаў, на якія сядалі прыгажуні, але каб нехта калаціўся і гарэў чорным агнём, пабачыўшы стуленыя дзявочыя калені, такога вычварэнства сексапаталогія не ведала.
…За вагонным акном бясконцай чарадой мільгцелі асветленыя сонцам хвоі.
— Я б зараз бананіну з’ела, — даляцеў з-за спіны змораны голас Пергідролі.
— Праз паўгадзіны Баранавічы. Там на станцыі іх поўна, — заўважыла шатэнка, і цягнік, у прадчуванні хуткага прыпынку, захістаўся, тузануўся, з аглушальным грукатам прамінуў чыгуначны мост.
— Мой Вася любіць бананы, — прамовіла, змагаючыся з позехам, Пергідроль. — Пакладу манкі — ні за што не будзе есці, а з бананам дык усё начыста з’есць ды яшчэ дабаўкі просіць.
— А я ў кашу «галіну-бланку» кідаю, — падала голас трэцяя кабета і роспачна чхнула.
Цягнік праскочыў яшчэ адзін мост. За мутным акном праплылі карова з цялём, старая воданапорная вежа, несамавітыя, гаўнянага колеру будынкі. Герман прыціснуў нос да шыбы, спрабуючы ўгледзець, якую станцыю прамінаюць, ды тут у канцы калідора зазвінелі шклянкамі і запыталі: «Гарбату будзеце?»
Герман зірнуў на дзявочыя калені — прыгажуня праваднічка ішла па калідоры, — і стоена ўздыхнуў.
— Што ж гэта вы… — нягучна, але патрабавальна прамовілі за спінай, і ён азірнуўся, — грэбуеце нашай кампаніяй? — Давялося, з вінаватай усмешкай на твары, зайсці ў купэ, насцярожліва прымасціцца на лаўцы.
— У Трускавец? — запыталася Пергідроль, і ён моўчкі кіўнуў галавою.
— Які санаторый?
— «Рубін», — азваўся Герман, і Пергідроль, а разам з ёю і даўганосая шатэнка, разам выдыхнулі:
— Як жа там добра кормяць!
Герман пакасіўся на пукатыя, з сінім адценнем, жаночыя калені — акурат такія былі ў Лізаветы, — і стаў чакаць — калі ў купэ, пазвоньваючы шклянкамі, увойдзе прыгажуня. Ён заплюшчыў вочы і ўявіў галавакружны пах лаванды і ўбачыў пляму сонечнага святла на дзявочых каленях, а калі, праз пару хвілінаў, размежыў павекі, дык убачыў зусім іншую правадніцу — крутабокую бабізну з чорным пухам пад сінім каўказскім носам.
— А вам гарбату несці? — запыталася бабізна, ён штосьці буркнуў у адказ, залез на верхнюю паліцу і застыў там у паставе нябожчыка — задзёршы галаву і сашчапіўшы рукі на грудзіне.
ІV
Калі наступным ранкам ён выкуліўся з вагона, маладая праваднічка (а можа, гэта толькі здалося) усміхнулася яму і нават (гэта ўжо дакладна здалося) зрабіла лёгкі рэверанс. Германа падхапіла людская плынь, ён рушыў у натоўпе і пры гэтым увесь час азіраўся. Пры канцы перона ходнік пакручаста збег з пагорка. Наш герой выцягнуў шыю, прыўзняўся на дыбках і апошні раз угледзеў прыгажуню ў белай кашульцы.
На прыстанцыйным пляцы стаялі некалькі раздзяўбанага выгляду аўтобусаў.
— Хто до «Рубіна»?! — крыкнулі ад крайняга «пазіка», і ён, схапіўшы ў ахапак валізу, стаў прабівацца да адчыненых аўтобусных дзвярэй.
«Пазік», няйначай, прыгналі з могілак металалому: пластык у салоне быў парэпаны, лінолеум пад нагамі пузырыста пукаціўся, а кожная заклёпка над галавою была пазначаная ржавым пісягом. Аўтобус, аднак, даволі жвава скрануўся з месца, і Герман, шукаючы апірышча, абапёрся далонню на чыйсьці мяккі азадак.
— Яны тут страшныя нацыяналісты, — прагугнілі пад бокам, і Герман пазнаў па голасе Пергідроль. — Ты ім па-руску, яны табе па-хахляцку…