Выбрать главу

«Пазік» пайшоў угору, і малады кіроўца, не азіраючыся, гукнуў:

— Санаторый «Каштан». Наступны «Верхавіна».

Герман чарговым разам згубіў раўнавагу, крануўся далонню жаночага азадку, і Пергідроль, азірнуўшыся, ухвальна пасміхнулася. Аднак у той жа міг усмешка зляцела з фарбаваных вуснаў, і кабета, з інтанацыяй нечаканай згадкі, выгукнула:

— Ой, дзяўчаты, зараз міма «Каштана» паедзем — пакажу вам, дзе марозіва прадаюць. Такога смачнага нідзе не ела.

«Ці нажарэцца калі?» — падумаў Герман і ў той жа міг аўтобус абурана страсянуўся на калдабане.

Санаторый «Рубін» — высозная, увабраная ў шкло будыніна, стаяла на пагорку, і ранішняе сонейка навылёт высвечвала яе нутро — дваццаць чатыры лесвічныя маршы. Па маршах увішнымі мурашамі бегалі людзі, і гэта наводзіла на думку, што ў санаторыі не працуе вінда. Калі ж Герман атрымаў у рэгістратуры ключ ад пакоя і падышоў да той самай вінды, аказалася, што працавала толькі адна кабіна, і ёю карысталіся выключна інваліды, пенсіянеры ды новапрыбылыя з валізамі. Ахвочых падняцца на свой паверх было процьма, таму наш герой крахтануў, бязгучна мацюкнуўся і нетаропкай хадою рушыў па лесвіцы, слізгаючы позіркам то па дзявочых каленях, то па сівых карпацкіх пагорках, што ўздымаліся з-за далягляду. Ля дзвярэй 112-га пакоя Герман з хваляваннем перавёў дых.

Ключ аніяк не лез у шчыліну — дзверы, відавочна, былі зачыненыя з адваротнага боку, — і ён пастукаў косткамі пальцаў па вушаку. Стукаў добрых пяць хвілінаў, нарэшце за дзвярыма вохнулі і нехта змучана выдыхнуў: «Зараз».

Адчыніў дзверы нізенькі, лысаваты тыпус, пакамечаны твар якога нагадваў сушаную грушу. Нічога не сказаўшы, сусед пайшоў да ложка, пры гэтым паркалёвыя трусы ягоныя з аднаго боку спаўзлі уніз, напалову агаліўшы прышчаватую кумпячыну. Грымнуўшыся на ложак, тыпус адразу ж засоп, і Герман чарговым разам перавёў дых.

Перш-наперш трэба было памыцца. Падхапіўшы ручнік і мыльніцу, новы пастаялец зайшоў у ванную, і пад нагамі ягонымі гучна бразнула пустая бутэлька. Тузін гэтых самых бу­тэлек ляжаў поруч з унітазам, а адна — з-пад пярцоўкі — плавала ў ночвах, што стаялі пад душам. Ніякай ваннай у пакоі не было: вада, відаць, лілася непасрэдна на падлогу, балазе, у куце мелася забітая валасатымі змылкамі вадазліўная адтуліна. Ён крутнуў па чарзе спачатку правы, а потым левы вентыль, і кран, спалохана здрыгануўшыся, адказаў яму смаркатым сіпеннем. «Божухна, куды прыехаў!» — прастагнаў наш герой і з гідлівым прыжмурам абмыў твар вадою з начовак.

Трускавец выглядаў мястэчкам утульным і ў чымсьці нават сімпатычным. Усё наўкол патанала ў зяленіве разгалістых дрэваў — дрэвы былі падобныя да каштанаў, але мелі больш светлае лісце, — і з нетраў зялёнага акіяна там-сям выплывалі на паверхню карпусы санаторыяў, залатыя купалы храмаў, а на асмужаным даляглядзе, у неверагоднай далечыні гарбінамі агромістых драмадэраў пукаціліся Карпацкія горы. Дарога бегла серпанцінам, ля санаторыя «Вясна» паварочвала направа, і далей трэба было спускацца па бетонных сходах. Тут, на сходах, чынілася штосьці неверагоднае. Амаль на кожнай прыступцы сядзелі бязногія калекі, цыганаватага выгляду цёткі, змарнелыя, дарэшты не ацверазелыя гулякі, нарэшце, дзяўчаты-падлеткі, якія цягнулі да мінакоў дрыжачыя далоні і няскладнымі галасамі лямантавалі: «Люды добрыйі, дайтэ копійочку!» Ідучы між жабрачых радоў, Герман цямнеў з твару, адводзіў убок вочы і з пачуццём законнай гордасці думаў пра тое, што ягоныя супляменнікі-беларусы, як бы бедна ні жылі, ніколі не будуць сядзець на прыступках ды прасіць міласціну.

На цэнтральным пляцы віраваў невялічкі кірмаш. Герман паблукаў па кірмашы, прыцаніўся быў да сонечных акуляраў — сонца адбірала вочы, дый на дзявочыя калені зручна назіраць, насунуўшы на нос акуляры, — але згадаў, што яшчэ не мяняў даляры на грыўні, і крутнуў галавой, выглядаючы будку з шыльдай «Exchаnge». Крутнуў ды тут жа ўвабраў галаву ў плечы, бо ўгледзеў Пергідроль з даўганосай шатэнкай. Кабеты ішлі па пляцы, пра штосьці гучна балбаталі, і да вушэй Германавых даляцела кароткая фраза: «Цікава, што будзе на абед?» І наш герой, згадаўшы, што а першай мусібыць у санаторнай сталоўцы, шырокім крокам рушыў за кабетамі.

V

Дзе на курортах людзі знаёмяцца? Вядома ж, у сталоўках.

«У вас трэцяя дыета — сорак восьмы стол», — зычны голас сталоўскай распарадчыцы быў чутны нават тут, на другім баку разлеглай залы. Новапрыбылыя курортнікі, два мужчыны сярэдняга веку, валюхастай хадою прайшлі міма Германа, уладкаваліся за суседнім сталом, за якім ужо сядзелі, няроўна дыхаючы, дзве кабеты ў празмерна адкрытых сарафанах. Мужчыны рыпнулі крэсламі, і адзін з іх, папярэдне керхануўшы, запытаў: