— Адкуль прыехалі, прыгажуні? З Дрогобыча? А мы з Херсона.
За суседнім сталом усчалася вясёлая гутарка; кабеты страсянулі грудзямі, бліснулі залатымі фіксамі, і Герман адчуў, як з яго сышла ў зямлю апошняя ясачка надзеі.
Кабет у адкрытых сарафанах ён сустрэў па дарозе ў сталоўку, і адна з іх — бялявая саракоўка — абдарыла яго цікаўным позіркам. Потым, сеўшы за свой стол, саракоўка яшчэ пару разоў зыркнула ў ягоны бок, Герман заклапочана крануўся шорсткіх, два дні не голеных шчок, і толькі тады зразумеў, што кабета цікавілася не ім, а ягоным суседам па стале — хударлявым, інтэлігентнага выгляду тыпусам з клінападобнай барадой. Інтэлігент увесь час круціўся ў крэсле і цішком пазіраў на кабет у сарафанах.
Апроч хударлявага мужчыны за яго сталом сядзелі пахілая бабулька ў старамодным капялюшыку, якая неадрыўна, з пачуццём пакрыўджанай немачы, глядзела на фаянсавую сальніцу, ды суровая, ягоных гадоў жанчына. Інтэлігент, праўдападобна, быў яе мужам. Пры гэтым усе трое зацята маўчалі.
Нечакана наўкол загаманілі, паўскаквалі з крэслаў; Герман азірнуўся і ўбачыў кельнерку. Кельнерка, пад ухвальныя воклічы, каціла перад сабою вазок з двума вялікімі рондалямі і высокім стосам талерак.
— Боршч вязуць, — прамовіў худабзей, скасіўся на жонку, і тая, адвёўшы вочы, злавесна прасіпела:
— І як я яшчэ жыву з такім вырадкам?..
Па абедзе Герман падняўся на адзінаццаты паверх, з насцярогаю зайшоў у свой пакой. Напарнік ляжаў у адных трусах на ложку, а поруч з ім, на крэсле, сядзела нейкая чарнявая дзяўчына. Герман кіўнуў галавой, прысеў на ложак.
— Як тобі нэ соромно. В тэбэ ж жынка е, а ты тут з курвамы крутысся, — з дакорам казала дзяўчына, і сусед ў адказ соладка пазяхаў.
— З якімі курвамі? З табой? — запытаўся сусед пасля хвіліны маўчання. Гаманіў ён па-расейску, і гэта ўсцешыла Германа.
— У-у, підлюга! Шчэ яку холэру мэні підкінэш, — дзяўчына падхапілася на ногі, збіраючыся, як бачна, пайсці, але перадумала і зноўку села на крэсла.
— Не бойся, не падкіну. Бо падкідваць больш не буду, — сусед ізноў пазяхнуў, а Герман, пабачыўшы, што на яго не звяртаюць увагі, ціхенька прылёг на ложак.
Дзяўчына яшчэ доўга ўшчувала суседа, той паціху пачаў сапці, відаць, заснуў, Германа таксама пачало цягнуць на сон, ён кульнуўся на левы бок ды нечакана прыхапіўся, улякнуты тэлефонным званком.
— Слухаю, — азваўся сусед, прыціснуўшы да вуха мабільнік.
Мабільнік азваўся незадаволеным зумканнем.
— Ну я… ну што ты хацела? — голас суседавы дрыжэў і зрываўся. — Якія яшчэ бабы? Што ты там вярзеш?!
— В його тут баб богато, цілу ніч з імі піячыць, — гукнула дзяўчына, і сусед, заціснуўшы слухаўку рукою, паспрабаваў заехаць дзяўчыне нагой у азадак, але тая ўжо гукала ад дзвярэй: — Всі грошы спустыв… на львівську курву.
— Ды гэта прыбіральшчыца, у пакоі прыбірае, — ужо спакойным голасам паведаміў сусед, і слухаўка азвалася доўгай і няўцямнай тырадай. — Якія н-нахер бабы. Ляжым во ў пакоі… з таварышам, — стаўшы на карачкі, сусед прапоўз па ложку, працягнуў Герману слухаўку.
— Ляжы-ым… — выдыхнуў Герман, і слухаўка, памаўчаўшы, зумкліва прамовіла:
— Таксама, відаць, бля…ун?
Герман уражана лыпнуў вачыма, а сусед, адключыўшы мабільнік, працягнуў шырокую пяцярню:
— Сашко. З Кіева? — запытаўся ён, падбіваючыся пад коўдру.
— З Беларусі, — азваўся Герман і цяжка ўздыхнуў.
— Ну як там у вас? Жыць можна?
— Можна, — няўпэўнена адказаў Герман, і душу ягоную апанавала ціхая маркота.
Неўзабаве яны разгаварыліся — Сашко наракаў на здароўе, казаў, што яго змучыла пякотка, што ў жоўцевым пухіры захрас камень дыяметрам 15 міліметраў, што жыць яму засталося не больш як год і што жонка — сваёй недарэчнай рэўнасцю — вырашыла звесці яго са свету.
— А гэта хто была? Ваша сястра? — запытаўся Герман, каб змяніць тэму гаворкі.
— Хто? Аксана? — сусед з уздыхам мацюкнуўся. — На выправу разам ездзілі, у Карпаты. Трахнуў яе пару разоў у кустах, дык яна мне цяпер жыцця не дае.
Герман прыўзняў галаву, з недаверам зірнуў на друзлае Сашковае падбароддзе, але, падумаўшы, што сусед жартуе, убіў патыліцу ў падушку.
— Летась у Есентуках адпачываў, у санаторыі «Украіна», дык пяць баб апрыходаваў, а як дадому ехаў, яшчэ і правадніцу паваліў. Якраз да Растова пад’язджалі. Спёка неверагодная, дыхаць няма чым, а мы ў ейным катуху зачыніліся — і давай! Я там ледзь не памёр, і галаву пабіў аб паліцу.