Выбрать главу

Сашко памацаў лабешнік, паказваючы тое месца, дзе ён набіў гузак, а Герман, пакінуўшы дыхаць, падкурчыў ногі, каб быць далей ад суседа. Яму і раней даводзілася чуць аповеды пра санаторныя залёты. У аповедах фігуравалі дзве, ну тры спакушаныя жанчыны, але каб спакусіць адразу пяць, ды яшчэ і правадніцу, такое цяжка было ўявіць, і Герман, зірнуўшы на суседа, амаль уголас падумаў: «Хлусіць».

Цэлую гадзіну ён круціўся ў ложку, спрабуючы заснуць, але сон зляцеў з павекаў. Герману мроіліся валасатыя рукі, — дакладна такія былі ў Сашка, — рукі лашчылі дзявочыя лыткі, краналіся гладкіх каленяў, лезлі пад форменную спадніцу; маладая праваднічка — тая самая, якую ён сустрэў у цягніку, — задыхана вохкала, рассоўвала калені, і Герман, каб пазбыцца хваравітага наслання, куляўся з боку на бок. Кульнуўшыся безліч разоў, ён падхапіўся на ногі і асцярожна, каб не абудзіць суседа, выйшаў з пакоя.

Па калідоры, гулка шоргаючы нагамі, ішоў гурт пенсіянераў, пры гэтым кожны з іх трымаў у руцэ невялічкі імбрык з выгінастым носікам альбо поліэтыленавую шклянку: адпачывальнікі ішлі піць мінеральную ваду.

Бювет уяўляў сабой вялізную ашклянела-бетонную ратонду, якую таксама працінала сонечнае святло і скаланалі бязладныя зыкі. У гэтым гармідары Герману нават заклала вушы, але тут жа здолеў вылучыць сярод тлуму зацятае чханне і басавітую песню: непадалёку ад увахода, у атачэнні тузіна слухачоў, стаяў брывасты мужчына і густым басам выдыхаў:

— Рідна маты мойа-а-а… ты ночэй нэ доспала-а-а…

Мужчына, відаць, быў прафесійным спеваком, бо голас ягоны натужліва вібрыраваў, прымушаючы звінець залітыя сонцам шыбы.

— Хто цэ? — запыталася нейкая жанчына.

— Цэ ж Грызадуб! — вырвалася адразу з некалькіх глотак, і Герман канчаткова пераканаўся, што брывасты мужчына — оперны спявак.

Ён спыніўся на хвіліну, слухаючы прафесійна-густы бас, але, убачыўшы разгоністы надпіс: «Нафтуся», пайшоў да кранікаў, з якіх лілася мінеральная вада.

Пра «Нафтусю» яму яшчэ дома паведаміла суседка Аляўціна. «Ваду трэба піць праз саломіну, — папярэдзіла абазнаная ў курортных справах суседка, — а то ад яе зубы крышацца». Таму і давялося прыхапіць з дому фаянсавы кубак ды жменю поліэтыленавых саломін.

Вада была агіднай на смак, тхнула нафтай, да таго ж была цёплай. Герман зрабіў пару глыткоў, скасавурыўся, выглядаючы — куды выліць пітво, і выліў у сметніцу.

— Яка погана! — прамовіла, падслухаўшы ягоныя думкі, рабаціністая кабета. Кабета, відаць, таксама ўпершыню глынула «Нафтусі».

— Не кажыце, — азваўся Герман, і ў гэты момант ля ўва­хода ўдарылі ў ладкі, і натоўп, што стаяў вакол спевака, пасунуўся да дзвярэй.

— Як гарно співав… Хто такый?.. Вы нэ чулы? — кабета ўскінула на Германа падфарбаваныя вейкі.

Жаночы позірк — на кароткае імгненне — нарадзіў у душы адчуванне палёту.

— Грызаду-уб, — паведаміў ён з веданнем справы, расцягваючы да немагчымасці апошні склад.

— Грызадуб?! — кабета нават прысела ад нечаканасці, дыхнула пахам дарагіх духоў, кінулася да выхаду.

Лыткі ў кабеты былі незагарэлыя і жылаватыя. Герман праводзіў іх учэпістым позіркам, выйшаў з бювета і адразу ж патрапіў пад шаты трускавецкага парку.

У парку было прахалодна і ціха. Густая зацень лагодзіла зрок, і толькі там-сям асфальтавы ходнік пазначалі плямы сонечнага святла. Дрэвы наўкол былі старыя, пасаджаныя, відаць, яшчэ пазамінулым стагоддзем. На некаторых, самых пракаветных, віселі шыльдачкі: «Дуб звычайны»… «Бук еўрапейскі»… «Ціс ягадны»…

Ціс нагадваў елку, адно што шыпулькі меў мяккія і доўгія. Герман прымружыўся, выглядаючы — ці растуць на дрэве ягады, — і нечакана за спінай ягонай пачуліся нетаропкія крокі. Па ходніку ішлі чацвёра адпачывальнікаў.

— «Ціс ягадны», — уголас прачытала жанчына, што ішла паперадзе, і Герман пазнаў кабеціну з-за суседняга стала.

— А чы можна йіх йісты, ційі ягоды? — запыталася, абцягнуўшы сарафан, яе сяброўка — тая ішла пад ручку з сівагаловым херсонцам.

— Страшна отрута! — наструнена паведаміў сівагаловы. — В нас одын кінь пойів, тай і…

— Падох?! — разам выдыхнулі кабеты.

— Ні-і… відкачалы! — гаркнуў мужчына, і ўсе чацвёра дружна зарагаталі.

Сябрына рушыла ў бок бювета, а Герман, мацюкнуўшыся, пайшоў, прыспешваючы крок, у адваротным кірунку.

«Як хутка людзі сыходзяцца, — думаў наш герой, шыбуючы шырокім ходнікам, — тры гадзіны як пазнаёміліся, а ўжо…» — ён мелькам азірнуўся. Сівагаловы, запаволіўшы хаду, паклаў руку на жаночы азадак, і кабета ў адказ прытулілася скронню да ягонага плечука.