Твару стала горача — нібыта пякельны самум наляцеў з-за дрэваў і апаліў шчокі. Герман правёў па шчацэ далонню, згадаў, што ўжо другія суткі не галіўся, з крыўдаю на сябе самога крэкнуў. Двухдзённае шчацінне рабіла яго старым і неахайным.
Ходнік папятляў між дрэваў, збег з пагорка, вывеў на асветленыя сонцам прысады. Безліч жаночых каленяў асляпіла яго, прымусіла прымружыцца. Жанчыны — усе скрозь у цёмных акулярах — сядзелі на лаўках, гарталі часопісы, некаторыя елі марозіва, і ўсе разам слухалі Кіркорава, голас якога вырываўся з будкі гуказапісу. Былі тут і мужчыны, але іх было няшмат. Герман прайшоўся ў канец прысадаў, прысеў на лаўку поруч з мужчынскай кампаніяй. Кампанія аб нечым зацята спрачалася.
— Та насрав він на цю збірну! — гукаў прафесарскага выгляду мужчына з сівой хэмінгуэеўскай бародкай. — Він там за кордоном такі грошы мае, шчо нам нэ снылыся. Ну на яку холэру він будэ ў Кыйіві ногы собі ломаты?
— Всі збіглы. Нэма кому граты. Дэ тількі «зэлэны» покажуць — воны вжэ там, — абурана прамовіў мужчына, які сядзеў поруч з Германам.
— І збігуць… а шчо тут робыты, в цьйому колгоспі? На підлюгу-Кучму дывытыся? — азваўся «прафесар», нервова тузануўшы бародку.
Мужчыны, што сядзелі на лаўцы, гамузам заспрачаліся, адзін нават замахаў кулакамі, але неўзабаве ўсе разам аціхлі і «прафесар» з уздыхам прамовіў:
— Бэз Тараса Грыгор’евыча нам п…ць.
Слухаючы бязладную гаману, Герман падумаў быў, што гаворка ідзе пра знакамітага паэта, але неўзабаве высветлілася, што Тарас Рыгоравіч, якога раз за разам згадвалі суразмоўнікі, быў футбаліст, які з’ехаў гуляць за мяжу. Пры гэтым тры суразмоўнікі ганілі футбаліста, а «прафесар», тузаючы бародку, яго абараняў. Герман футболам не цікавіўся, таму, пазяхнуўшы, зірнуў на мажную цётухну, якая сядзела на другім баку прысадаў і, заплюшчыўшы вочы, прыспана тузала галавой. Тут, у засені густалістага каштана, яго неўзабаве таксама змарыў сон. Галава Германава пачала тузацца, і сонная замарач раз-пораз перарывалася воклічамі футбольных заўзятараў. Яму прымроілася праваднічка; дзяўчына ляжала на ніжняй лаўцы, і яе кароткая спадніца была задзёртая да самых майтак. Герман памкнуўся крануцца спакуслівых каленяў, і ля вуха абурана выдыхнулі: «Та він ворот нэ бачыць! Два голы за сэзон!» На кароткае імгненне вочы апанавала сонечнае святло, потым наплыў мяккі морак. Ён ізноў памкнуўся да дзявочых каленяў, і хтосьці — зусім побач — брахліва выгукнуў: «Знайшлы гравця… Він майжэ два рокі в дублі відсэдзів!»
Хаця наўкол гаманілі, сон прыйшоў ціхі і суладны. Спаў ён добрых паўгадзіны, і калі раптам абудзіўся, футбольных заўзятараў поруч ужо не было, лаўкі наўкол былі пустыя, і толькі мажная цётухна па-ранейшаму сядзела насупраць, звесіўшы галаву на грудзі і даглядаючы такім чынам дзясяты сон.
VІІ
Пасля вячэры забег у свой пакой, каб надзець пінжак — збіраўся прайсціся па парку, — крутнуў вентыль, і ў далонь ударыў напорлівы струмень: вада лілася і халодная, і гарачая. Сэрца радасна сцялася, і твар кальнулі спачатку халодныя, а потым гарачыя іголкі.
З нязведанай дагэтуль асалодай ён доўга галіўся пад дожджыкам, потым гэтак жа доўга мыўся, шаруючы прывезенай з дому вяхоткай віслае чэрава, і выкуліўся з душавой дарэшты змораны і распараны. Ісці ўжо нікуды не хацелася, да таго ж суседа ў пакоі не было, і яму заманулася пабыць на самоце.
Як стаяў — так і грымнуў на ложак; пад ложкам штосьці трэснула, матрац з аднаго боку праваліўся да самай падлогі, а разам з ім абарвалася уніз і трапяткое сэрца: «Сапсаваў майно! А як прымусяць адкупляць?!» Ён ліхаманкава сцягнуў матрац, падняў з падлогі драўляны брусок, што яго трымаў, і тут жа азірнуўся, шукаючы, чым бы прыбіць дзеравяку. Урэшце прыбіў іржавай гантэляй, якую знайшоў у шафе для вопраткі. Дзеравяка, аднак, трымалася кепска, і Герман, з ліхаманкавым бляскам уваччу, памяняў месцамі ложкі — свой і суседаў. Нарабіў пры гэтым ладнага груку, лёг — цяпер ужо з асцярогаю — у пасцель і гучна уздыхнуў.
…Даўно яму не было так добра, так лагодна, як тою хвілінай. Даўно не адчуваў ён такога душэўнага суладдзя. І свежая прасціна, якой накрыўся, крухмальна шапацела і пахла горнай лавандай.
За акном згасаў ружовы вечар. Акно было злёгку прачыненае, і адтуль, знадворку, кволымі хвалямі наплывала музыка: дзесьці ў парку ладзілі танцы. Ён глядзеў на ружовы прастакутнік вакна і ўяўляў людскі натоўп, рознакаляровыя агні вакол летняй эстрады, і праваднічку ў белай кашулі, якая стаяла наўзбоч эстрады з жоўтым чыгуначным сцяжком у руках. Неўзабаве пачулася мелодыя «Шэрбурскіх парасонаў», сэрца захоплена сцялася, душа паляцела насустрач свайму шчасцю, але нават у думках, у віртуальным свеце ружовых фантазій, ён так і не наважыўся запрасіць праваднічку на танец.