Выбрать главу

Апоўначы, знясілены мілоснымі фантазіямі, ён заснуў і дзесьці праз гадзіну быў абуджаны грукатам дзвярэй і пявучым жаночым голасам:

— Сашко, ты мэні любыш чы ні?

Ён не паспеў раздзерці павекі, як на твар насунулася штосьці мяккае і ўдушліва-цяжкое. Герман тузануўся, хапаючы ротам паветра, і Сашко незадаволена прамовіў:

— Ну куды ты сунешся?… Гэта ж не мой ложак.

Герману ўпершыню ў жыцці селі на галаву, але ён не абурыўся: стаіўся пад прасцінай, спалохана лыпаючы вачыма.

— Уф-ф… — выдыхнула кабета, бухнулася на Сашкоў ложак, чыркнула запалкай.

Герман асцярожна, без дыху, сцягнуў прасціну з твару і ў святле запаленай сярнічкі ўгледзеў ускудлачаную жаночую галаву.

— Скількы мы сьогонні выпылы? — гучна запыталася кабета, дыхнуўшы — у Германа быў чуйны нос — густым гарэлачным смуродам упярэмешку з тытунёвым дымам.

Той, да каго яна звярталася, завіхаўся ў прыбіральні і выйшаў адтуль праз пару хвілінаў.

— Фу, бл…ь, толькі яйцы і памыў, — прамовіў Сашко, ляпаючы босымі нагамі па падлозе.

Сашко ўспоўз на ложак, таксама прыпаліў цыгарэту.

— Ты б хоць у ванную зайшла… — буркнуў Сашко пасля першай зацяжкі.

— Та ж воды нэма…

— Ну ёсць там… у начоўках.

Жанчына з шумам выдыхнула дым.

— Ты там свойі яйцы мыеш, а я буду лыцё мыты?

Сусед вылаяўся.

— Я цябе прашу не твар памыць, а …

— Якы ты, Сашко, грубы…

Герман ізноў накрыўся прасцінай. «Няўжо будуць мілавацца? У адным пакоі з чужым чалавекам?!» Да апошняга імгнен­ня ён не даваў таму веры, а калі вынырнуў з-пад прасціны і зірнуў адным вокам нам суседскі ложак, дык угледзеў у цемры шырокі азадак, які з ліхаманкавым імпэтам падскокваў угору.

— Ох! Давай! Цілы дэнь цього чакала! — прасіпела кабета; у гэты момант пад ложкам штосьці трэснула, хтосьці з дваіх — відаць, Сашко — пёрнуў, і скаціўся на падлогу.

— Шчё?! Шчё такэ?! — загарлала кабеціна, і сусед, свецячы ў цемры белым азадкам, прамармытаў: — Не бачыш? Ложак зламалі!

Сашко, з мацюгамі на вуснах, прымасціўся каля каханкі, у ложку ізноў штосьці зламалася, і спружынавы матрац пад спалоханы жаночы воклік абрынуў на падлогу.

— Як в труні, — пралепятала кабета і пырснула здушаным смехам.

Герман выцер ражком прасціны ўпрэлы лабешнік, крадком памацаў распаленыя вушы. «Бегчы! Бегчы прэч з гэтага прытону!» — адчайная думка лёгкім свербам азвалася ў патыліцы. Ён прыўзняўся на локці, выглядаючы штаны і кашулю, ды тут жа падумаў: «І куды ж ты, браток, пабяжыш?»

І сапраўды: куды можна было бегчы цёмнаю ноччу ў не­знаёмым горадзе?

Колькі часу Сашко з кабецінай маўчалі і не варушыліся. Нарэшце, аддыхаўшыся, кабеціна штосьці горача зашаптала, і Герман пачуў толькі апошнюю фразу: «Хочаш, я його подійму?»

Герман замёр без духу: падумаў, што кабета вырашыла і яго далучыць да справы. Аднак да таго не дайшло: кабета мела на ўвазе зусім іншае.

На дне суседскага ложка заварушыліся, зашапталіся, Сашко злёгку застагнаў, і Герман памкнуўся бегчы. Ён ужо скінуў нагу на падлогу, ды тут жа схаваў яе пад прасціну: на падвоканні з гучнымі пералівамі заспяваў мабільны тэлефон.

Сашко доўга мацаў рукой па падвоканні, нарэшце зморана прастагнаў:

— Слухаю…

— А хто гэта там у цябе так сапе? — з натугаю зумкнуў мабільнік.

— Сусед, — няўпэўнена адказаў Сашко.

— Вы што, у адным ложку спіцё?

— У розных, йопт’аюмаць! Ты мне, н-нахер, дома жыцця не даеш і тут штоночы тарабаніш!

— Вось і йопт’аюмаць… вось і нахер… — плаксіва азваўся мабільнік і праз імгненне, ужо адключаны, ляснуўся на падвоканне.

— І як ты з йію жывэш? — прамармытала кабеціна.

— Не звягай… і без цябе млосна, — прамовіў сусед, і кабета рашуча крутнулася на бок.

Крутнуўся на бок і Сашко, а дзесьці праз хвіліну пакой напоўніўся мернымі зыкамі. Пс-с… — суцішна выдавала кабеціна; у-ф-ф… — зморана, як той дзіравы кавальскі горан, выдыхаў Сашко. Яшчэ праз пару хвілінаў абое захраплі. Захраплі разняволена, аглушальна, раскоціста. Пры гэтым у грудзіне жаночай штосьці агідна клекатала; кабета дзерла тхара з такім шалёным імпэтам, што ў Германа пазакладала вушы.

Хр-р-р! — адрывіста хроп Сашко, маракуючы, што гучней ад яго схрапянуць немагчыма, і тут жа ягоная сяброўка, набраўшыся духу, скаланала паветра клекатліва-зацяжным каскадам гукаў: к-к-кх-х-х-р-р! «А ці будзеш?» — казала тым самым кабеціна, і Сашко на момант сцішваўся і няўцямна мармытаў спрасоння. А чацвёртай гадзіне — Герман зірнуў на гадзіннік — у сценку пастукалі. Спачатку стукнулі кулаком, потым нечым жалезным, ды так хвацка, што ў пакоі дзынкнулі шыбы. Сашко на міг абудзіўся, зварухнуўся і захроп яшчэ гучней, пакрыўшы керхатлівымі абертонамі немы храп сяброўкі.