VІІІ
Раніцою — змораны, ускудлачаны, з чорнымі ад бяссоння вачамі, — Герман падбег да акенца санаторнай адміністрацыі і дзве гадзіны чакаў, калі яно адчыніцца.
— Перасяліце ў другі нумар! — гукнуў ён, калі акенца адчынілася, і не пазнаў уласнага голасу.
— А шчё такэ? — буркнула адміністратарка, фарбуючы вусны пунсовай памадай.
Герман на міг сумеўся, правёў далонню па лобе.
— Сусед храпе. Аж сцены дрыжаць. Нават з суседняга пакоя стукалі…
— Сьогонні голоўного лікаря нэма, а а без нього мы вас нэ пэрэсэлымо.
Адміністратарка прыцмокнула нафарбаванымі вуснамі, і Герман, піхнуты ў бок аграмаднай валізай, — за ім стаяла чарга новапрыбылых курортнікаў, — з панылай павольнасцю рушыў да выхаду.
Сонца, як і ўчора, адбірала вочы, галава з недасыпу была пустой, а ў страўніку халодным ледзяком варушылася млосць.
— Каб на вас згуба! — прамовіў Герман, невядома да каго звяртаючыся, і ў гэтым воклічы чулася пякучая крыўда, крыўда на сябе самога: такога затурканага, закамплексаванага, прыніжанага Сашком і яго бессаромнай сяброўкай.
— Чоловік! А чоловік! — гукнулі за спінай, і ён азірнуўся.
Аксана — тая самая чарнявая дзяўчына, што сядзела ўчора ў іхным пакоі, — махнула рукой, подбежкам рушыла насустрач.
— Ну як там… — задыхана запыталася дзяўчына, — ночувала львівська курва?
Герман тузануў плечуком.
— Дывысь: він нэ знае! А чому морда така страшна? Нэ спав ніч? Нэ дала… гадзюка та підколодна?
Дзяўчына паставіла рукі ў бокі, пачала глядзець некуды ўгору, выглядаючы, па ўсім, вокны іхнага пакоя, а Герман — спачатку прыстаўным, а потым шырокім крокам пашыбаваў па ходніку — прэч ад балбатлівай Аксаны.
«Няўжо-такі азыз? — далонь заклапочана пацёрла запалыя шчокі. — Яшчэ пару такіх начэй — і мяне і родная жонка не пазнае».
Паркавыя лаўкі былі незанятыя, і ён прымасціўся акурат на тое месца, дзе сядзеў учора — пад шатамі старога каштана. На супрацьлеглай лаўцы сядзела ўсё тая ж мажная кабета і гэтак жа, як учора, прыспана тузала галавой.
Хвілін праз пяць яго і самога пацягнула на сон. «Прыкархнуць бы дзе ў цяньку», — падумаў наш герой, змагаючыся з позехам і асавела паглядаючы на дзвюх дзяўчат-малалетак, якія шпурлялі адна адной фасфарычна-салатавы мячык. Мячык шпокаў па асфальце, вясёлкава бліскаў на сонцы, падлятаў да зялёных шатаў. Неўзабаве вясёлкавы скакун зашамацеў за Германавай спінай.
— Дзядуля, дастаньце мячык!
Герман азірнуўся. Дзядуляў навокал не было.
— Хто, я?! — запытаў Герман, і дзяўчынкі разам выдыхнулі:
— Вы!
За лаўкай шчыльнай сцяной стаяла пажоўклая туя. Ён прадзёрся праз зарасці і патрапіў на невялічкую, закрытую з усіх бакоў высокім кустоўем пляцоўку, пасярод якой ляжаў той самы мячык.
— Лавіце! — крыкнуў Герман.
Мячык паляцеў у высокае неба, а наш герой, нядоўга думаючы, лёг на траву, убіў патыліцу ў разгаліну старой туі і адразу ж заснуў. Спаў доўга, пару гадзінаў — сонца тым часам паспела перапаўзці праз высокія кусты і свяціла ў вочы, — але абудзіла яго не сонца, а нечае няўцямнае мармытанне.
— Ці чуеш? — прамармыталі непадалёку, — сапіць нехта…
Герман стаіўся, асцярожным рухам памасіраваў навярэджаную патыліцу.
На лаўцы, спінамі да яго, сядзелі дзве кабеты.
— Ды хто тут будзе сапці? — прашаптала адна з кабет і, сцішыўшы голас, запыталася: — А што гэта за Нюра?
— Ай… рудая такая… За суседнім сталом сядзела.
— А-а… Нюрка… з Данецка? — кабета яшчэ больш сцішыла голас: — І што там было?
— Пайшла яна да масажыста… ну, да таго, сівога… — міма лаўкі, гучна лаячы футбаліста Шаўчэнку, прайшлі футбольныя заўзятары, і апавядальніца на хвілю перапыніла аповед. — Ну… узяўся ён плечы ціскаць. Нюрка казала, ёй нават дыханне заняло. І так, кажа, захацелася… Узяла і ў штаны залезла…
— Сівому?! — дрогкім голасам перапытала сяброўка.
— Ну не сабе ж… Казала — узялася за казытун, а ён такі кво-олы… Пару разоў цісканула, ён і пырснуў.
— Хто? Казытун?!
— Ну казытун… казытун…
У нос Герману ўбілася мурашка. Ратуючыся ад невыноснага свербу, пакутнік вылупіў вочы, страсянуў чупрынай, аберуч схапіўся за вілаваціну старой туі і чхнуў, ды так хвацка, што галаву заклініла ў вілаваціне, а з суседняга каштана зляцеў да часу зжаўцелы ліст.