Выбрать главу

Кабеты войкнулі, разам падхапіліся, пашыбавалі па бульвары; Герман, стаўшы на карачкі, гэтак жа імпэтна папоўз у адваротны бок, прадзіраючыся тварам праз вецце пасохлай туі, і на загадкава пачырванелым твары ягоным прысуседзіліся дробныя пісягі, пякучы сорам і душэўная пакута.

ІX

На абед ізноў падалі боршч. Старой у капялюшыку чамусьці не было, і худабзей, пад няўхвальным жончыным позіркам, агораў дзве талеркі, аблізаў лыжку і стаў неўпрыкмет казеліць вокам на сарафаністых кабет, што сядзелі непадалёку. Герман таксама зірнуў на кабет, і адна з іх — ружавашчокая весялуха, — тыцнуўшы відэльцам на яго, нахілілася да сяброўкі, штосьці прашаптала на вуха, і кабеціны, прыціснуўшы далоні да вуснаў, пырснулі смехам. Зарагаталі, азірнуўшыся, і херсонскія мужланы. Герману перацяло дыханне і боршч заказытаў у носе. Яму падалося, што на лаўцы ў парку сядзелі менавіта гэтыя весялухі.

— Чуеш, паскуда? З цябе смяюцца! — прасіпела худабзеева жонка, і ў Германа адлягло ад сэрца.

Худабзей апусціў вочы, заездзіў на азадку:

— Гэта ўсё твае фантазіі.

— Фантазіі! А чые гэта трусы пад ложкам ляжалі… сцаныя?… — суседка рэзкім рухам адсунула ад сябе талерку. — Пайду зараз, кіну ў пысу сцаннё гэтае…

Суседка паспрабавала ўстаць, але худабзей схапіў жонку за рукаво, стоена прамармытаў:

— Муля, табе шкодна хвалявацца.

— Паскуда, — выдыхнула Муля і з дзіўным для такой хвіліны імпэтам стала есці гуляш…

…Не паспеў Герман адчыніць дзверы свайго пакоя, як да вушэй даляцеў дакорлівы Аксанін голас:

— Ну, Сашко, доеб…сь… Навіць ліжко зламав.

Аксана сядзела ў крэсле, панылымі вачыма глядзела на Сашка. Той ляжаў, як у труне, — на ўбітым да падлогі матрацы, — стуліўшы павекі і склаўшы ў крыж рукі.

— А ты знаеш, шчё вона лекувалася? — запыталася дзяўчына, калі Герман, нацягнуўшы коўдру, кульнуўся на бакавую.

— Хто? — прыспана азваўся Сашко.

— Хто-хто… сучка твоя львівська.

— Ды якая яна львоўская! Тут, каля пошты, жыве. Я нават у яе ў кватэры быў.

— Цэ взагалі нэ йійі квартыра! Цёткіна. Вона тут крутыця, каб на дурняка попіячыць, з такімі дурнямы, як ты.

Аксанін голас паволі аддаліўся, і ў свеце запанавала цішыня. А яшчэ запанаваў шэры мышасты паўзмрок, у якім нарадзіўся лагодны летні дождж. І чым гучней лапаталі кроплі, тым святлей рабілася ўваччу, і нечакана, як на экране, ён убачыў абмытую дажджом платформу, людскі натоўп і самотную постаць ля крайняга вагона. Гэта была яна, красуня-праваднічка! Красуня штосьці крыкнула, ён наструніў слых і пачуў натужны вокліч:

— І як тобі нэ соромно? Ты ж всі свойі грошы на сучок пустыв!

Герман прымружыўся, крутнуўся на левы бок і, ратуючыся ад абрыдлых Аксаніных дакораў, з галавой убіўся пад коўдру.

Ноччу ён ляжаў без сну і слухаў навакольныя зыкі. Дзесьці ля суседняга санаторыя пілікнуў, ды тут жа і аціх, гармонік, выбухнулі смехам жанчыны, прыспана дзяўкнуў шчанюк, а за тонкай — у адну цагліну — перабойкай рыпнуў ложак і нехта спалохана храпянуў.

Суцішнай хвілінай одуму Герман думаў пра жонку.

Ягоная Лізавета была жанчынай сварлівай, наравістай і — Герман ведаў гэта дакладна — мела каханка: міліцыянта-даішніка. Пра міліцыянта ён пачуў зусім выпадкова ад суседкі — Аляўціны Наймушынай. Суседка забегла неяк па соль — жонкі якраз не было ў хаце, — напоўніла сальніцу і, як нічога якога, запыталася: «А хто гэта Лізку на даішнай машыне падвозіць? Сваяк які?» Герман спачатку нічога не адказаў, потым буркнуў няўцямна: «Сваяк», — а дзесьці праз тыдзень, завітаўшы дахаты і адчуўшы ў паветры цыгарэтны пах — сам ён не паліў, — зайшоў у ванную і знайшоў у бачку з нямытай бялізнай складзеную ў столку прасціну, спрэс залітую загуслай спермай.

Ён не раўнаваў жонку, але ўсведамленне, што Лізавета трахаецца з нейкім калхазанам — хто ж яшчэ ідзе ў мянты? — які залівае сямейныя прасціны ліпучай спермай, кроіла сэрца і не давала спакою. Ён стаў употай прыглядацца да жонкі, і кожнага разу заўважаў змены ў яе паводзінах. Лізавета пачала круціцца каля люстра, зрабіла манікюр, набыла на рэчавым кірмашы трусы «танга» і ажурныя панчохі. А яшчэ стала яго пацвельваць, маўляў, што за мужык — ні да дня, ні да ночы, — кожнага разу прамаўляючы адну і тую ж фразу: «Калі ты са мной не можаш, дык з якой іншай паспрабуй». Казала нібыта жартам, але пры гэтым голас яе дрыжэў і шчокі заліваў гарачы румянец. Лізавету, як бачна, даймалі згрызоты — здраджваць мужу без гэтага немагчыма. Таму і прагнула злапаць Германа з якой маладзіцай, каб такім чынам ачысціць сумленне. Лізавета і ў Трускавец адпусціла яго з лёгкім сэрцам, у спадзеўцы, што муж зблытаецца з якой хахлушкай. І вось, прабаўляючы на мулкай пасцелі сваю другую курортную ноч, Герман уявіў страшную карціну: ягоная жонка, апраненая ў тыя самыя карункавыя панчохі, мілуецца з даішнікам. Даішнік быў цемнаскурым, спрэс голым, і толькі на кучаравай галаве злёгку варушылася, у тахт руху бліскучага цела, даішная, з салатавым аколышам, фуражка. Уражаны мазахісцкай уявай, Герман рохнуў спрасонку, фуражка ўпала з кучаравай галавы, і аднекуль з калідора даляцелі няцвёрдыя крокі.