Выбрать главу

— Якы ты сёгонні п’яны… — пачулася за дзвярыма, і Герман з галавою падбіўся пад коўдру.

— А чому ліжко нэ адрамантувалы? — запыталася «львівська підлюка», убіўшыся ў пакой. Кабета з цяжкасцю варочала языком.

— Сёння нядзеля… хто табе будзе рамантаваць, — азваўся Сашко і, відаць, не распранаючыся, грымнуўся ў сваю «труну».

— Хоця б штаны зняв, — прабурчала кабета.

Сашко ў адказ мацюкнуўся, упіта прамармытаў: «Не магу… сіл маіх больш няма», — і Герман, ратуючыся ад задухі, вынырнуў з-пад коўдры.

У кволым святле было бачна, як «львіўка» сцягвала уніз спадніцу. Спадніца зачапілася за пятку, кабета матанула нагой, спадніца заляцела на Германаў ложак, і Герман спалохана падкурчыў ногі.

Сашко з сяброўкаю сцішыліся ў «труне»; сяброўка пачала была пасопваць, ды раптам ачулася, штосьці горача і няўцямна зашаптала.

— Слухай… давай сёння без гэтага… — прыспана буркнуў Сашко.

— Ты шчё, бл…ь… як бэз цього? — паспела абурыцца кабета перад тым, як на падвоканні — настойліва і трывожна — азваўся мабільнік.

— Нэ подымай! — крыкнула кабета, а Сашко, чарговым разам мацюкнуўшыся, са злосцю гаркнуў у слухаўку:

— Ну, чаго ты, йоп… тарабаніш?..

Слухаўка стоена зумкнула, і Сашко змяніў тон:

— Гэта ты, Мікола?

Колькі часу слухаўка штосьці шапялява прамаўляла, Сашко парывіста аддзімаўся, з трывогаю ў голасе выдыхнуў:

— Ну не па тэлефоне… не па тэлефоне… — і, прычакаўшы хвіліну, дадаў: — Паслязаўтра буду.

— Дзе гэта ты будзеш паслязаўтра? — гулліва запыталася кабета, калі мабільнік адключыўся.

Замест адказу Сашко са стогнам перавёў дых, а потым, рыпнуўшы матрацам, прабубніў: — Ды адчапіся ты… у мяне праблемы…

— Мэні шчё… пійты? — ужо ацверазелым голасам запыталася кабета, і Сашко, падхапіўшыся, махнуў у паветры нейкай апранахай:

— Давай, сапраўды, вымятайся. Забірай свае трусы, забірай свае гандоны… дзякуй богу, не выкарысталі…

Герман зноў нырцануў пад коўдру, але коўдра, падхопленая разам са спадніцаю нервовай жаночай рукой, спаўзла да самага пояса.

— Ты шчэ пошкадуеш, козлына марыупольська, — гукнула кабета ад самых дзвярэй, і ў спіну ёй ударыў шпурнуты Сашком чаравік.

Х

Раніцай, а шостай гадзіне, Германа абудзілі тэлефонныя гудкі і сіпавата-непракерханы суседаў голас:

— Дзяўчына… кх-х, як мне… як мне даляцець… к-х… да Марыупаля?

«Божухна, няўжо з’едзе?» — падумаў Герман, асавела мружачыся на зырка асветленае акно.

— Праз Кіеў? А калі самалёт?

— Няўжо буду спаць дасхочу? — прашаптаў наш герой, назіраючы, як сусед, з мацюгамі і вохканнем, выбіраўся са свайго лежбішча. Герман прыкінуўся спячым і потым, скрозь прыжмур, назіраў, як сусед матляўся з канца ў канец пакоя, усхвалявана гамонячы па мабільніку. Хаця Сашко гаварыў алегарычна ды эківокіста, падцягваючы пры гэтым паркалёвыя трусы — яны па старой завядзёнцы спадалі з левага паўзадка, — Герман зразумеў, што сусед заганяе разам з хаўруснікамі металапракат і што мінулым панядзелкам партыю металу затрымалі на мытні.

Не паспеў сусед скончыць размову, як у пакой зазірнула медычка ў белым халаце.

— Затулывада… — жанка з зацятай уважлівасцю зірнула на суседа, — чому вы нэ ходытэ на процэдуры? — Не чакаючы адказу, кабета кіўнула Герману: — А вы колы прыйіхалы?

— У суботу… з раніцы, — прамямліў наш герой, нацягваючы коўдру да самага падбароддзя.

— Після сніданку йдытэ до лікаря. 120-та кімната.

— Будзе мне… працэдура, — муркнуў Сашко, калі дзверы зачыніліся.

Выцягнуўшы з шафы вялізную сумку, сусед стаў пакаваць у яе свае мэтлахі. Пакуючы, выцягнуў з тумбачкі нейкі пачак, пакруціў у руцэ.

— Перадаю эстафету… з бананавым смакам… — гукнуў сусед, і Герман з жахам убачыў на грудзіне пачак кітайскіх прэзерватываў.

Неспакойная ноч — спаў нейкія тры гадзіны — дарэшты затлуміла галаву. Выкуліўшыся са сталоўкі, Герман спыніўся пасярод фае, з утрапеннем, усё адно як прыспешваючы чых, зірнуў на высокую столь, пацёр чырвоныя павекі — яны шчымелі ад бессані, — але так і не даў рады згадаць, куды ён мусіў з’явіцца «після сніданку». І толькі падышоўшы да стэнда з партрэтам Пятра Грызадуба — тут прадавалі квіты на канцэрт, — пачуў, як нейкая кабета спытала ў сяброўкі: «Колы тобі до лікаря?» — і пабег шукаць 120-ы пакой.