Выбрать главу

Пакуль знайшоў патрэбныя дзверы, да горла падкаціла халодная млосць, і жанкі, што чакалі прыёму, на імгненне патанулі ў шарым мроіве. Герман адсопся, плюхнуўся ў крэсла.

— Зоя казала, трэба пяць баксаў даваць. Іначай ніхто лячыць не будзе, — прамармытала адна з жанок, і тут жа замарачны шум увушшу прарваў барытоністы суседавы голас: — Будзе мне… працэдура!

Герман расплюшчыў вочы. Сашка поруч не было. Сусед, відаць, ужо пад’язджаў да Львова, а голас ягоны яшчэ гучаў і хваляваў сэрца, і Герман, згадаўшы поціск вузлавата-ўчэпістай Сашковай рукі, пашкадаваў, што той так рана з’ехаў у свой Марыупаль.

Санаторны тэрапеўт, маладая і рудавалосая, выхапіла з Германавых рук курортную карту, загадала, не ўздымаючы вачэй, падкасаць рукаво.

— Ужываеце? — запыталася маладуха, напампаваўшы паветра ў танометр.

Паветра з жаласлівым сіпам сышло, аслабаніўшы руку ад халоднага поціску.

— Ціск высокі… для вашых гадоў, — лекарка напісала нешта ў курортнай кніжцы, зыркнула спадылба. — А праўда, што ў вас, у Беларусі, дэманстрантаў б’юць?

— Не, ужо не б’юць, — адказаў Герман, піхаючы кніжку ў кішэнь пінжака.

— А што так?

— На дэманстрацыі ніхто не ходзіць.

Такі адказ прыйшоўся лекарцы даспадобы, і яна задаволена пасміхнулася.

Дзіўныя рэчы чыняцца ў свеце. Яшчэ ад ранку Герман з заміраннем сэрца чакаў ад’езду Сашка, а цяпер, згадаўшы потную лысіну, прышчавы азадак і поўную нутранога адчаю фразу: «Фу, бл…ь, толькі яйцы і памыў», — са шкадаваннем уздыхнуў. Толькі цяпер зразумеў — як яму будзе не ставаць тут, у чужым горадзе, гэтага дабрадушна-цельпукаватага залётніка.

Калі ж зайшоў у свой пакой і пабачыў дробныя трэскі на падлозе — санаторныя цеслі адрамантавалі Сашкоў ложак, — адчуванне ўласнай закінутасці і нікчэмнасці халоднымі абцугамі сціснула душу. Ён ціха лёг на пасцель, заплюшчыў вочы і на мяжы явы і сну ўбачыў праваднічку. Дзяўчына сядзела поруч, плаксіва смаркалася ў хусцінку і раўніва прамаўляла: «Гера, ну як тобі нэ соромно? Ты ж всі свойі грошы на сучок пустыв…»

Ён праспаў рэшту дня. Раз-пораз скрозь сон прарываліся рыпенне дзвярэй і людскія галасы. Хтосьці — усё адно як з бочкі — гукаў: «Затулывада з’іхав?» Другі голас — дзявочы і бразгатлівы — пытаўся: «Дэ ця кобэліна?» На кароткае імгненне ён расплюшчваў вочы, штосьці мармытаў у адказ і абудзіўся толькі адвячоркам, унюхаўшы агідны пах адэкалону.

— Лазюк, — адрэкамендаваўся хударлявы мужчына перадпенсійнага ўзросту, са стрыманай насцярожлівасцю працягваючы руку.

На вуснах новага суседа блукала невыразная ўхмылка.

— Я ў рэгістратуры адразу сказаў: жыць буду толькі з земляком. Мяне сюды, у 112-ы пакой, і накіравалі.

Сусед, відаць, быў з гаманлівых, бо адразу ж загаварыў пра адведзіны трускавецкай цырульні.

— Дома пастрыгчыся не паспеў, вырашыў тут зайсці. Хаджу, гляджу на шыльды… А ў іх жа ўсё па-хахляцку. Пакуль знайшоў гэтую… як яе? Пярульню… пярдульню…

— Перукарню, — буркнуў Герман, неадрыўна пазіраючы ў столь. На тле шарай, пазначанай бруднымі пісягамі столі яму прымроілася спачатку аголеныя калені праваднічкі, а потым напаўаголены Сашкоў азадак.

— І могуць жа па-расейску шпрэхаць, а ўсё адно па-свойму. Я ім зрабіў заўвагу, маўляў, я з вамі па-расейску, давайце і вы… Дык яны мне пагражаць сталі… сволачы бандэраўскія.

Сусед нахіліўся да люстра, спрабуючы ўгледзець, як яму пастрыглі патыліцу.

— У нас таксама… гэтыя… Янка Купала з Якубам Коласам… мову прыдумалі, — сусед скасіў вока, чакаючы, што Герман падтрымае размову, але той маўчаў, асавелымі вачыма пазіраючы ўгору.

…На сутонні Герман вырашыў схадзіць на пошту — патэлефанаваць дадому. Убіўшыся ў душную кабіну, набраў патрэбны нумар, і слухаўка, як ні дзіўна, азвалася звонкім голасам. Ён пазнаў Алю Наймушыну — суседку, што жыла ў сумежнай кватэры і часцяком заходзіла да Лізаветы пабалбатаць «за жыццё». Аляўціна была дзіўнай асобай — не ўжывала мяса, загартоўвалася па метадзе Парфірыя Іванова, наведвала да таго ж зборкі нейкай секты, і Герман заўсёды трымаўся ад яе ўбаку.

— Перадаю! — гукнула суседка, і слухаўку скалануў незадаволены Лізчын голас:

— Ну… што ты там?

— Ды вось, званю… — Герман насупіўся, спытаў, дзеля прыліку, пра надвор’е, потым пра швагра, а пачуўшы, што той другі дзень запар піячыць з нейкім папом-расстрыгам, буркнуў штосьці на развітанне і больш дадому не тэлефанаваў.