ХІ
На абед падалі абрыдлы боршч. Герман лена боўтаў лыжкаю ў талерцы, пазіраў спадылба на інтэлігента-худабзея, што сядзеў насупраць. Гэтым разам худабзей быў без жонкі і ўвесь час круціў галавой, кідаючы трывожныя позіркі ўбок кабет з-за суседняга століка. Калі ж адтуль чуўся вясёлы смех, ён суравеў з твару і ціха ўздыхаў.
— Вы тут колькі ўжо?
Пытанне прагучала знянацку, Герман нават страпянуўся.
— Шосты дзень, — прамовіў наш герой, зварухнуўшы пальцамі, і худабзей з роспаччу ў голасе выдыхнуў:
— А я вось заўтра ад’язджаю.
Больш яны не прамовілі ні слова. Ды яно і добра. За тры дні Лазюк — новы сусед па пакоі — так абрыдзеў сваімі размовамі, што вушы прасілі цішыні, а душа забыцця і спакою.
Новы сусед выглядаў на дзівака. Тры дні адседзеў у санаторыі, а ў горад так і не выйшаў. І нават ідучы ў бювет, сюд-туд азіраўся і стоена прамаўляў: «Ты, Гера, не ведаеш гэтых бандэраўцаў… Яны мне ўжо ў цырульні пагражалі». А яшчэ Лазюк паталагічна баяўся проймы і ўвечары з грукатам зачыняў вокны адразу на дзве форткі. Так што шчымлівыя мелодыі, якія гучалі на танцпляцоўцы і якія Герман прагнуў паслухаць, былі амаль не чутны і замест іх у вушы лезла Лазюковая балбатня. Балбатаў сусед у асноўным пра палітыку: кляў зладзюгу-Кучму і гэтак жа рашуча хваліў Лукашэнку, сцвярджаючы пры гэтым, што калі праз пяць гадоў Беларусь і Расея не аб’яднаюцца, пачнецца трэцяя сусветная вайна.
Учора ўвечары Лазюк набыў у санаторным вестыбюлі брашуру «Урынатэрапія» народнага лекара Сямёна Кандыбы, чытаў яе да самае ночы, тое-сёе цытаваў, і Герман, слухаючы, як трэба збіраць ды кіпяціць мачу, пукаціў вочы ды заціскаў рот далонню. А раніцай, калі ішлі ў бювет, народны лекар падміргнуў ім з плаката, што вісеў поруч з каляровай афішай спевака Грызадуба. Кандыба, як высветлілася, надоечы прыехаў у Трускавец і збіраўся даваць кансультацыі на галоўнай гарадской танцпляцоўцы…
— Ну дык як, Гера, пойдзем? — прамовілі над вухам, і Герман ачуўся ад думак: тою хвіляю ён якраз даядаў сырную запяканку. Сусед па пакоі ўжо паеў і стаяў поруч, выціраючы папяровай сурвэткай сальныя вусны. Ісці на танцпляцоўку не хацелася. Дый ад адных аповедаў пра кіпячэнне сцакаў цягнула на ваніты. Але ў голасе Лазюковым гучала такая пякучая просьба, што ён кіўнуў галавой, глынуў кампоту і здушана вякнуў — небараку падалося, што санаторныя кухаркі насцалі ў кампот — нездарма ж ён быў саланаватым і цёплым.
Ля ўвахода на танцпляцоўку стаяў невялічкі натоўп, прычым сабраліся там адны кабеты. Натоўп хваляваўся, варушыўся, і недзе ў нетрах ягоных гучаў мужчынскі барытон — відаць, гэта прамаўляў той самы Кандыба. З-за людской гаманы словы Кандыбавы гучалі няўцямна. Яны падышлі бліжэй, пачулі немы жаночы воклік: «А чым лячыцца?!» — і пераканаўчы мужчынскі барытон адказаў: «Вось гэтым!»
Над натоўпам узнялася трохлітровая, да грэлкі падобная клізма.
— Вось гэтым! — паўтарыў Кандыба, і Лазюк, заяснеўшы тварам (Кандыба гаварыў па-расейску), уплішчыўся ў натоўп.
— Клізму трэба ставіць пяць разоў на дзень. Толькі тады можна дасягнуць эфекту.
— А ваду цёплую ліць ці якую? — крыкнулі адразу некалькі чалавек.
Натоўп разам зашумеў, і Кандыба, перакрыкваючы гаману, абурана выдыхнуў:
— Вы што… — гамана на момант суціхла, і народны лекар, апусціўшы долу клізму, паведаміў: — Толькі ўрына! Ніякай вады! І не дай вам бог ужываць свежую… Выключна трохдзённую! Адстоеную і адфільтраваную!
— А піць таксама трохдзённую? — крыкнуў з натоўпу Лазюк.
— Пяцідзённую… — жартам гукнуў у адказ чырванатвары бамбіза, што праходзіў міма і спыніўся на імгненне пасярод ходніка. — Навярнуў пару шклянак з пахмялюгі — і як агурок!
Некалькі цётак у натоўпе — усе яны стаялі з нататнікамі і асадкамі ў руках — злавесна зашыкалі. Хвіліну натоўп узбуджана гаманіў, пасля чаго ўладны Кандыбаў голас ізноў апанаваў прастору.
— І яшчэ… Не давайце веры таму, хто заклікае ўжываць урыну як сродак ад аблысення. Каб аднавіць валасяныя цыбуліны, галаву трэба рэгулярна змазваць калам вадкай кансістэнцыі. Намазваеце звечара, нацягваеце на галаву поліэтыленавы мяшэчак…
— І йдзяце на танцы! — чарговым разам гукнуў бамбіза і пад абураныя жаночыя воклікі рушыў па сваіх справах.
Агідны камяк падкаціў да горла. Утаймоўваючы рвотныя сутаргі, Герман заціснуў рукою рот, змахнуў няпрошаную слязіну і, ужо адышоўшы ў другі канец прысадаў, ліхаманкава схапіўся за патыліцу. Яму здалося, што галава ягоная перапэцканая гаўном і на патыліцу нацягнуты поліэтыленавы мяшэчак.