А наступным ранкам, калі нацягваў нагавіцы і ў крэсле адарваўся гузік, ён стаў шнарыць рукою па падлозе і нечакана ўгледзеў пад Лазюковым ложкам бутэльку са сцакамі. Увечары, калі сусед, па старой завядзёнцы, выправіўся на калідор глядзець тэленавіны, Герман — папярэдне абгарнуўшы бутэльку газетай — вынес яе ў прыбіральню, з гідлівай гіморай адліў палову сцакаў ва ўнітаз і напорлівым струмком дадаў сваіх — як піва цёмных і пеністых.
— Гэта табе за тваю балбатню, — прамовіў уголас і мацюкнуўся.
Праз тры дні Лазюка з падазрэннем на гепатыт — сусед ўвесь час ванітаваў — паклалі ў ізалятар на першым паверсе, і Герман двое сутак цешыўся адзінотай. Адчыняў звечара акно, дыхаў водарам язміну і са слязою ўваччу слухаў шчымлівыя мелодыі, што даляталі з танцпляцоўкі.
ХІІ
Ля ўвахода ў бювет грувасціліся нехлямяжа-стракатыя шчыты з выяваю карпацкіх краявідаў, і да чарноцця загарэлы мужчына ў пацёртым брылі муэдзініста гарлаў: «Закарпатьтя, Львів, Самбір, Почаевські монастыр… Концэрт народного артыста Украіны Мыколы Грызадуба… останні концэрт в Трускавці… бэрэмо квіткы!»
Ранейшым часам Герман прабягаў міма тых шчытоў, а сёння прыпыніўся, прымружаным вокам зірнуў на выяву Львоўскага тэатра оперы і балета.
— Пойіздка ў Львіў з навіданнем оперы Джузэпэ Вэрды «Набука», — праспяваў «муэдзін».
Герман, ужо шырока расплюшчанымі вачыма, зірнуў цэтлік з надпісам: «Львів, 30 гр.», палахліва запытаўся:
— А якая выправа самая танная?
Самай таннай была паездка ў пячоры, дзе хаваўся Алекса Доўбуш.
Павагаўшыся, Герман сыпануў з потнай далоні пятнаццаць грыўняў драбязою, і потым, падлічыўшы — колькі гэта будзе ў пераліку на «зайцы», — пашкадаваў, што змарнаваў столькі грошай.
Прыспеў час вадапою, і ў бювеце было шматлюдна. Піць ваду трэба было не похапкам, а паволі, таму адпачывальнікі і блукалі з канца ў канец бювета, цягнучы з носікаў фаянсавых імбрыкаў агідна-цёплую «нафтусю». Герману ж пасля кандыбаўскай лекцыі «нафтуся» здавалася мачой; ён выпіваў ваду ў два глыткі, імпэтным рухам вытрэсваў з пластмасавага кубка апошнія кроплі і, натыкаючыся на тлустых цётак, бег да дзвярэй. Вось і сёння, хукнуўшы ў далонь, ён навярнуў 150 грамаў гаючай мінералкі, страсянуў кубак і пачуў з-за спіны лагодны жаночы голас.
— Піты трэба процягом п’яты хвылын.
За спінаю стаяла мажная кабета ў гіпюравай кофце. Кабета глядзела на яго з радасным даверам.
— Піць трэба… паволі… маленькімі глыткамі… цягам пяці хвілін, — па-расейску паўтарыла незнаёмка, пабачыўшы здзіўленне ў Германавых вачах.
Герман сарамліва кіўнуў галавой. Дзесьці ён бачыў гэтую мажнуху, але прыгадаць, дзе дакладна, не даваў рады ўспомніць.
— А куды вы падзеліся… ну там, у парку? — пытанне прымусіла страпянуцца. — То вы былі, а то раз… — і зніклі.
Толькі цяпер пазнаў ён кабету, што сядзела… — «Калі ж гэта было, у дзень прыезду?» — на супрацьлеглым баку бульвара ды прыспана ківала галавой. Герман насупіў бровы, згадаў пачутыя колісь жаночыя сакрэты («Схапілася за казытун, а ён кво-олы…») і яму стала ніякавата.
— Дзяўчынкі… мячык за кусты закінулі — я і палез даставаць, — голас Германавы здрыгануўся.
— Мячык? — з пракурорскай іроніяй перапытала мажнуха, — закінулі?..
— Закінулі, — няўпэўнена прамармытаў Герман, адчуваючы, як шчокі і шыя поўняцца гарачай крывёй.
Ногі ў незнаёмкі былі ацёклыя, пакрытыя мярэжай сініх жылаў.
— У мяне квіток лішні… на Грызадуба. Узялі з сяброўкаю, а яна мусіла дахаты з’ехаць. Дык, можа, складзяце кампанію?
Герману стала горача. Ён яшчэ нічога не сказаў, а кабета ўжо тыцнула ў ягоную руку квіток, памкнулася да выхаду і ля самых дзвярэй махнула, на знак блізкай сустрэчы, рукою. Дрыжачыя пальцы разгарнулі квіт. Канцэрт пачынаўся а сёмай гадзіне, у Палацы культуры імя Шаўчэнкі.
— «Рад пяты, месца дваццаць другое», — уголас прашаптаў Герман і аддыхаўся, ды так напорліва, што квіток вырваўся з пальцаў, паляцеў на падлогу, і давялося кідацца за ім пад ногі нейкай бабулі. Бабуля з дзіўным для яе гадоў імпэтам падскочыла, спалохана войкнула і, паправіўшы спадніцу, прамармытала:
— А далібог, шалеюць мужыкі на курорце.
Аж да самага абеду Герман не знаходзіў сабе месца. Доўга і бязмэтна сноўдаўся па санаторным двары, потым цэлую гадзіну стаяў ля газетнага шапіка, гартаючы жыццяпіс Сцяпана Бандэры, нарэшце вырашыў паспаць перад абедам і ў дзвярах пакоя сутыкнуўся з Лазюком. Сусед два дні праляжаў у ізалятары і вярнуўся адтуль няголеным і дарэшты ўсхваляваным.