Выбрать главу

— Хадзіў зараз… шукаў… паскуду гэтую, — задыхана паведаміў Лазюк, мерачы пакой нервовым крокам. — Ягонае шчасце, што ў Моршын з’ехаў… А то б я яму паказаў… сродак ад рака.

Герман плюхнуўся на ложак, адчайна, да храбусцення ў костках, пацягнуўся.

— Хто з’ехаў? Кандыба?

Пачуўшы прозвішча ўрынатэрапеўта, Лазюк сцяўся, заціснуў далонню рот, здушана вякнуў і, змахнуўшы з правага вока буйную слязіну, прамармытаў:

— Гера… прашу як сябра… не называй больш гэтае прозвішча.

ХІІІ

Палац культуры імя Шаўчэнкі хаваўся ў засені ліп ды каштанаў і звонку нагадваў бетонную стадолу. Трымаючы ў потнай руцэ запаветны квіток, Герман увайшоў у фае, наструненым позіркам пашукаў кабету ў гіпюравай кофце, і сэрца ягонае ёкнула: сярод стракатага, прапахлага дарагімі духамі натоўпу ён убачыў дзяўчыну сваіх мараў — светлавалосую праваднічку. Праз імгненне кабета, якую ён прыняў быў за праваднічку, азірнулася, бліснула залатым зубам, прыклала далоні да рота, клікнула праз людскія галовы нейкую Аксану. І прызабытая туга па светлавалосай дзяўчыне ізноў здушыла сэрца, і ўваччу, каторым разам, паўстаў мокры перон, мітуслівыя людзі з валізамі і дзявочая постаць ля крайняга вагона.

Калі ён увайшоў у залу, Грызадуб — невялічкага росту, з пукатым чэравам мужчына — ужо быў на сцэне, і высокая, апранутая ў даўгую сукню кабета, якая стаяла ля раяля, пракураным голасам абвяшчала: «Украінська народна пісня “Тай орав мужык край дорогы”».

— Сюды! — гукнулі з залы, і Герман убачыў ускінутую руку.

Ягонае месца, на шчасце, было з краю.

— А я думала, не прыйдзеце, — шапнула кабета, крануўшыся Германавай рукі.

На кабеце быў аксамітны, са шнуроўкай на грудзіне кабат і гэткая ж аксамітная, не па гадах куртатая спадніца.

Пакуль Герман ладкаваўся ў крэсле, спявак кашлянуў, шматзначна азірнуўся, і піянічка, што абвяшчала нумар, захоплена ляснула па раяльных клавішах.

— «Тай орав мужык край дорогы, тай орав мужык край дорогы…» — заспяваў Грызадуб, і Герман незадаволена паморшчыўся: народнай музыкі ён не любіў.

Кабеціне, падобна, такія песні таксама былі не ў жылу, бо яна ўвесь час круціла галавой, абцягвала куртатую спадніцу, а калі піянічка абвясціла другі нумар — песню пра Гамзю, — тыцнула Германа локцем пад бок:

— Можа, пойдзем?

Стуліўшы, як у тым вясковым клубе, спіны, яны выйшлі ў гулкае фае і праз пару хвілінаў з задавальненнем удыхнулі п’янкога, настоенага на паху ліпавай квецені паветра.

— Гэтым Грызадубам усе вушы прабубнілі, — буркнула кабета, мелькам папраўляючы прычоску. — Ну, паслухала я яго… І што ў ім добрага? Голас як голас. Вось у нашу мала­досць… памятаеце Абадзінскага? Во была галасіна! Наш спявак, украінскі, хаця і спяваў па-кацапску.

«Колькі ж ёй гадоў?» — з хваляваннем падумаў Герман, а ўбачыўшы, як пагрозліва страсянуліся пад напятай шнуроўкай неабдымныя грудзі, захваляваўся яшчэ больш.

— Я ў «Каштане» жыву. У нас там адна Данеччына адпачывае… шахтары з жонкамі. Божухна, якія абмежаваныя людзі.

«Няйначай, шосты дзясятак размяняла», — Герман пакасіўся на друзлыя калені.

— Учора пазнаёмілася з адной настаўніцай… жыве ў суседнім пакоі. Ну, думаю, інтэлігентка, пра літаратуру пагамонім, пра мастацтва. Пачала я гаманіць, а яна мне: «Ты, Дана, Віктара Дзюдо чытала?» Страсянула галавой, думаю, што за Дзюдо такі? Аж высветлілася, што яна Віктора Гюго мела на ўвазе.

Хваляванне, якое спарадзілі неабдымныя грудзі, не толькі не мінала, але займала ўсё большы прастор у душы. Герману згадаўся аповед пра тое, як нейкая хворая на СНІД кабеціна, прыехаўшы на курорт, заражала смяротнай хваробай залётнікаў, і неўпрыкмет выцер рукавом халодны пот з лабешніка.

— Мяне, дарэчы, Данай завуць, — кабета, як нічога ніякага, узяла Германа пад локаць, і яны сышлі па гранітных сходах у засень густых каштанаў.

Хвіліну ішлі моўчкі — кабета відавочна чакала, што ён назаве сваё імя, але Герман маўчаў, бо ад хвалявання язык прысох да паднябення, і неўзабаве, на мастку праз ручай, кабета агучыла тую думку, што неадвязна зумкала ў Германавай галаве.

— І чаго гэтая баба да мяне прычапілася?

Кабета засмяялася, спрытней абхапіла ягоную руку, і яны рушылі па бульвару, прыканцы якога ружавелі на вечаровым сонцы выгінастыя лоджыі санаторыя «Каштан».

— Ву-унь маё акно, — прамовіла Дана, паказаўшы пальцам на верхнія санаторныя паверхі, — бачыце, там яшчэ чырвоная саколка сушыцца.

Герман прымружыў вочы, але ніякай саколкі не ўгледзеў.

— І даўно вы тут… адпачываеце? — прамовіў, нарэшце, наш герой голасам дрогкім і задушлівым.