— Хто адпачывае, а каму і працаваць даводзіцца.
Словы такія яшчэ больш устрывожылі, і Герман паспрабаваў вызваліць руку.
— Да вы не хвалюйцеся. Я пісьменніца. Збіраю тут матэрыял для свайго новага рамана. Рабочая назва: «Даследаванні ўкраінскага сексу». Як вам назва?
Герман тузануў плечуком, напружана пасміхнуўся.
— Што ні кажыце, а матэрыял для падобнай рэчы можна сабраць толькі тут, у санаторыі, — кароткае імгненне пісьменніца глядзела на ружовае сонца, потым чхнула, гукнула па-хахляцку: — Выбачайтэ, — і палезла ў кішэнь па насоўку. — Вы мяне адразу зацікавілі… як тыпаж, — пісьменніца гучна смаркнулася, склала насоўку ў тры столкі.
Пасля таго суразмоўнік таксама дастаў насоўку і выцер упрэлую шыю.
Як ні натурыўся Герман, а мусіў, цягнуты за рукаво, пайсці разам з пісьменніцай у кавярню «Марозіва». Кавярня тая — скрозь шкляная і круглая — стаяла поруч з санаторнай будынінай. і з дынамікаў, што віселі ля ўвахода, вырываўся на прасцяг знаёмы голас: «Тай орав мужык край дорогы, тай орав мужык край дорогы…».
Яны селі за крайні столік, пісьменніца замовіла чарнявай кельнерцы два келіхі кагору, два марозівы з вішнямі, а Герман тым часам з трывогаю памацаў кішэнь, у якой бразгала пяць грыўняў.
Даследніца ўкраінскага сексу прыпаліла цыгарэту, з лёгкай іроніяй зірнула на Германа, але тут жа — паўзверх Германавай галавы. У тым баку, куды яна глядзела, гучна засмяяліся і нейкая кабета з інтанацыяй блізкага шчасця прамовіла:
— Прыеду дахаты-ы, улагоджу мужыка-а… — і-і на кухню… Бульбу дзерці. Паміраю тут без дранікаў.
Ён не азірнуўся, адно ўвабраў галаву у плечы, і калі праз хвілю Пергідроль з даўганосай шатэнкай прайшліся міма, сарамліва адвёў убок вочы.
— Знаёмыя? — запыталася пісьменніца, пусціўшы ў суразмоўніка струмень разрэджанага дыму.
— Зямлячкі… у цягніку разам ехалі, — буркнуў суразмоўнік.
— І адкуль жа вы ехалі? Мяркуючы па акцэнце, з Чарнігава.
— Ды не… з Беларусі.
Пачуўшы пра Беларусь, пісьменніца зірнула на яго з яшчэ большай іроніяй.
— Вас яшчэ там за мяжу пускаюць?
— Як бачыце, — з нервовымі ноткамі ў голасе выгукнуў Герман, і пісьменніца, каб улагодзіць сітуацыю, узняла келіх з кагорам.
Віно прайшло ў нутро з цяжкасцю; нібыта жыклёр нейкі паставілі ў шлунках. Герман здушана кашлянуў, і ў той жа міг віно напоўніла страўнік прыемнай цеплынёю.
Колькі часу яны сядзелі моўчкі. Герман еў марозіва, а пісьменніца, адкінуўшыся на прыслон крэсла, пускала колцы тытунёвага дыму і раз за разам прыкладвалася да келіха з віном.
— Я тут надоечы паўгода ў Таронта жыла, — азвалася, нарэшце, даследніца сексу, насунуўшы на стол свае аграмадныя грудзі. — Усё-о дні лічыла — калі дахаты паеду. І вось прыехала… Гляджу цяпер на ўсіх гэтых кацапаў ды назад у Канаду хачу вярнуцца.
Суразмоўніца адным дыхам дапіла кагор, правяла сурвэткай па фарбаваных вуснах, скоса зірнула на трох наведнікаў, якія ладкаваліся за суседнім столікам. Усе трое гаманілі па-расейску і былі на лёгкім падпітку. Адзін з іх — высокі, стрыжаны «пад вожык» бамбіза, — разгарнуў меню, голасна прачытаў: — «Морозыво з горіхамы», — і дакорліва паківаў галавой.
— Хаця б па-руску прадублявалі, ёкалэманэ… «маро-озыва». Прачытаеш такое і есці не захочаш.
Пісьменніца зыркнула на бамбізу з непрыхаванай пагардай.
— У нас у палку быў адзін гуцул… Астапам звалі, — бамбіза махнуў рукою кельнерцы. — Кампалка выклікаў аднойчы: «Ну, таварыш сяржант, як будзе па-ўкраінску “Я не буду есці марожанае, бо яно халоднае і дарагое”?» Той лоб пачухаў: «Ну, як будэ… “Я нэ буду йісты морозыво, бо воно холоднэ та дорогэ”?» Кампалка рагатнуў і кажа: «Ну і х… з табой, еш тады гаўно: яно цёплае і дармавое».
Тройца выбухла рогатам, а пісьменніца, падхапіўшыся на ногі, кінула на талерку пяць грыўняў адной паперкай, шпаркай хадою рушыла да выхаду. Герман пабег быў следам, але тут жа вярнуўся, залпам дапіў віно і, пужліва азіраючыся, выбег з кавярні.
Ён ужо збіраўся бегчы ў бок свайго санаторыя, ды тут пачуў сярод людской гаманы ўладны воклік:
— Шчё став? Пішлы! — і, насуперак уласнай волі, пайшоў да кабеты, якая чакала яго ля ўвахода ў «Каштан».
Пісьменніца жыла на восьмым паверсе, у аднамесным нумары, з акна якога былі бачныя залаціста-ружовыя Карпацкія горы. Краявід уражваў, але глядзець у акно доўга не давялося, бо позірк адцягнуў каляровы плакат, што вісеў на сцяне і на якім дзве абсалютна голыя жанкі — адна зусім маладая, а другая зусім старая, — стаялі, абняўшыся, і цалаваліся прысмокам. Шчокі Германавыя сарамліва загарэліся, і ён перавёў позірк на закіданы паперамі стол. Гаспадыня пакоя і сапраўды, відаць, была пісьменніцай, бо паперы валяліся не толькі на стале, але і на падлозе, а пасярод стала стаяў мініяцюрны камп’ютар — гэткая скрыначка з экранам.