Выбрать главу

Гаспадыня тым часам дастала з лядоўні пачатую, нетутэйшага выгляду бутэльку, покнула коркам, напоўніла залацістай вадкасцю два маленькіх кілішкі.

— «Whіte Hоrse»… яшчэ з Таронта…

Гаспадыня села на скураную канапу, ляпнула далонню па канапнай спінцы, і госць нясмела прысеў поруч.

Цёплая жаночая рука балюча схапілася за чупрыну, і Герман з перапуду ўвагнаў галаву ў плечы.

— Я ведаю, чаму вы хаваліся ў кустах. Вы слухалі жаночыя сакрэты, — пісьменніца паслабіла спохват, правяла рукою па ўстаўбураных Германавых валасах. — Мне падабаюцца такія мужчыны. Бо я перакананая — мужчыны павінныя ведаць пра жанчын усё! Толькі тады сексуальнае пачуццё набудзе сапраўдную сілу.

Даследніца сексу кульнула чарку, кранулася Германавага калена і неўзабаве знікла ў ванным пакоі.

За сценкай перарывіста зашумела вада.

«Бегчы… бегчы прэч ад гэтай кабылы!» — гарлаў на ўсе застаўкі нутраны голас, вочы неадрыўна глядзелі на ключ, што тырчаў у дзвярах, але ногі не рухаліся і нейкая чортава сіла не давала падняцца.

— Збачэнка! — прашапталі дрыжачыя вусны, дзверы ваннага пакоя адчыніліся, і пісьменніца паўстала перад ім ва ўсёй сваёй распусце. На ёй быў серабрысты купальнік з вялікімі дзіркамі на тых мясцінах, якія жанкі прыхоўваюць ад чужых вачэй. Герман з ашалелым адчаем зірнуў на цёмныя плямы грудзей, на жарыя валасы, што вытыркаліся з дзіркі, і ўзмакрэлая спіна ягоная намёртва ўбілася ў прыслон скураной канапы.

Гарачыя вусны крануліся шыі, зачапілі мочку вушэй, з млявай павольнасцю прашапталі:

— Ідзі, прымі душ… ад цябе пахне марозівам.

Герман споўз на падлогу, пралез між тоўстых ног, на карачках дапаў да дзвярэй і, крутнуўшы ключ, выкуліўся на калідор.

— Дывысь, Оксана, другі за дэнь вылітае! — крыкнула ў канцы калідора прыбіральшчыца, што мыла падлогу. Герман паслізнуўся на мокрай падлозе, але, на шчасце, не ўпаў, адно туфель зляцеў з нагі, і так, з прыціснутым да грудзіны туфлем, прыпадаючы на правую, бестуфельную нагу, небарака прачыкільгаў восем паверхаў і толькі ў фае перавёў дых.

Да свайго санаторыя ён шыбаваў нервовым подбегам, а заляцеўшы ў пакой, плюхнуўся на ложак і, па старой звычцы, з галавой схаваўся пад коўдру.

— Гера, здарылася што? — запытаўся Лазюк, але Гера змаўчаў.

— Вечарам не трэба швэндацца. А то тут і забіць могуць. Мне вунь у цырульні так і сказалі: «Будзеш вякаць — дахаты не даедзеш», — прамармытаў Лазюк і тужліва ўздыхнуў.

XІV

Наступным ранкам Герман, як заўсёды, прачнуўся а шостай гадзіне, але ў бювет не пайшоў. Ляжаў, закінуўшы рукі за патыліцу, згадваў свае ўчарашнія прыгоды ды слухаў краем вуха Лазюковую балбатню. Сусед яшчэ дасвеццем збегаў на вадапой і цяпер наракаў, што ад «нафтусі» могуць раскрышыцца зубы і што калі б замест Гарбачова абралі генсекам Лукашэнку, дык мы б зараз гора не ведалі.

Герман згадваў жарую валасню, цёмныя смочкі грудзей, што выпіналіся праз дзіркі серабрыстага купальніка, і пасля кожнай такой згадкі цела ягонае скаланалася ад дрыжыкаў. Самае крыўднае было тое, што ад пісьменніцы ўчора ўжо выкульваўся нейкі небарака. «І я туды ж», — скрушна падумаў Герман і стаў падлічваць, колькі такіх ёлупняў выкульваецца за тыдзень. «А хто не выкульваецца, з тымі як? Можа, прыдушыла каго сваімі кавунамі?» Каб пазбыцца ганебных успамінаў, Герман крутнуўся на правы бок, стаў аднаўляць у памяці дзявочую постаць на мокрым пероне, але не аднавіў, забыўся неглыбокім сном і прачнуўся праз дзве гадзіны, пачуўшы суседаў голас:

— Уставай, пара на сняданак!

Тыцкаючы лыжкаю ў талерку з бурачнай салатай, Герман глядзеў спадылба на херсонскіх мужланаў і стоена, амаль зларадна, пасміхаўся краёчкамі бурачна-чырвоных вуснаў. Сарафаністыя саракоўкі падаліся дадому, — надоечы яны стаялі з валізамі на аўтобусным прыпынку, — і іх месцы занялі дзве стагадовыя порхаўкі. Херсонцы з тае нагоды сядзелі насупленыя, уторкнуўшы насы ў талеркі, і за ўвесь сняданак не прамовілі ні слова. Ужо п’ючы кампот, яны раптам заспяшаліся, падхапіліся на ногі і пабеглі на хаду, на хаду выплёўваючы на далоні косткі сухафруктаў.

«Відаць, на выправу позняцца», — падумаў Герман, і ў той жа міг усмешка збегла з вуснаў, і ён, па прыкладу херсонцаў, падхапіўся на ногі: згадаў, што сёння субота і што а дзявятай гадзіне ён сам мусіць ехаць на выправу — глядзець пячоры, дзе хаваўся Алекса Доўбуш.