…Струмок гарэзлівага ветрыку варушыў валасы на патыліцы, і сэрца захоплена сціналася, калі мікрааўтобус з шалёным імпэтам з’язджаў з пакатай гары. Даўно не зазнаваў Герман такога задавальнення ад хуткай язды. Ён сядзеў, адкінуўшыся на прыслон мяккага крэсла, і праніклівымі, па-дзіцячы іскрыстымі вачыма глядзеў на гарбатыя пагоркі, на разлеглыя, кранутыя шызай павалокай лагчыны, па якіх блукалі авечыя чароды, і сэрца ягонае прасіла песні.
Наперадзе, каля кіроўцы, сядзеў той самы мужчына ў пацёртым брылі, што прадаваў квіткі, і залівіста распавядаў у мікрафон пра нейкіх апрышкаў ды іхнага верхаводу Алексу Доўбуша. Зрэшты, Герман не надта і слухаў выпраўцу — быў захоплены карпацкімі краявідамі, — і толькі зрэдзьчасу наструньваўся, прыслухоўваючыся да галасоў за спінаю. Там, на заднім сядзенні, голасна гаманілі і разняволена смяяліся херсонскія мужланы з дзвюма расфуфыранымі кабетамі. У адной з кабет на носе былі люстрана-чорныя акуляры.
— Дывытэся, панове… Он там, в долыне, лэжыць місто Стрый, — крахтануў дынамік, а тым часам за спінаю выбухнулі смехам херсонцы.
— Ну, а адкуль вы прыехалі, прыгажуні? — пытаўся адзін з мужланаў.
— Мы з Кіева, а вы?
— З правінцыі, — з жартаўлівым уздыхам прамовіў мужлан, і ягоны сябрук таропка дадаў:
— Але мы не правінцыялы.
— Глянуўшы на вас, гэтага не скажаш, — выдыхнула адна з кабет, і ўсе разам — херсонцы робленым смехам, а кіеўкі залівістым і шчырым — засмяяліся.
Мікрааўтобус тым часам заехаў у цяністую даліну, і за акном зыркім срэбрам заблішчэла рака.
— Ой, як прыгожа-а! — хорам заспявалі кіеўкі.
Чалавек у брылі ляпнуў кіроўцу па локці, і той з’ехаў на край дарогі.
— Дзяўчынкі налева, хлопчыкі направа, — пажартаваў адзін з херсонцаў, і адна з кіевак, вылазячы з салона, прамармытала:
— Божухна, якія банальныя жарты.
Усе разам падаліся да ракі.
— А што за вёска… ву-унь на тым беразе? — запытаўся нехта з экскурсантаў.
Чалавек у брылі прыклаў далонь да лоба.
— Білогоршча. У сорок дэв’ятым році з цього сэла всіх высэлылы. Тут Шухэвыч з хлопцямы гуляв. Командыр УПА.
— Правільна зрабілі, — буркнуў лысы экскурсант — той самы, што сядзеў з Германам на адным сядзенні, — і з жарсцю шпурнуў у ваду пляскаты галыш.
Камень адскочыў ад вады аж восем разоў.
Калі кабеты адышлі ўбок, адзін з херсонцаў таксама шпурнуў камень і запытаўся ў сябра:
— Ты якую бярэш? У чорных акулярах?
— Бяры ты… дзвюх адразу, — муркнуў сябрук, выглядаючы сярод галькі пляскатага галыша. — Два тыдні з драгобыцкімі сцыкухамі правалэндаліся, цяпер з гэтымі будзем халявы смаліць? У мяне ўжо яйцы апухлі… Трэба шукаць якіх папрасцей. Чатыры дні засталося, сёння ўжо дваццаць першае…
— Як дваццаць першае? — усхапіўся Герман.
Толькі цяпер згадаў наш герой, што курортнае жыццё заканчваецца, што заўтра ад ранку ён мусіць хапаць валізу і бегчы на цягнік, і, зірнуўшы на спусцістую, зацягнутую шызай смугой гару, адчуў прагнае жаданне зліцца з ёю душою.
XV
Ад самага ранку ў грудзіне, як гэта бывае напярэдадні ад’езду, пасяліўся трапяткі халадок. Герман завітаў — раз астатні — у бювет, выпіў на развітанне дзве шклянкі «нафтусі» і потым доўга блукаў сярод натоўпу, слухаючы, як трывожна бухае знямелае сэрца ў прадчуванні спаткання з праваднічкай.
Адразу ж пасля сняданку ён стаў пакаваць валізу, і зямляк Лазюк з уздыхам прамовіў:
— Куды ты столькі набраў? Рукі адарвеш.
У валізе ляжалі аж чатыры пляшкі «Кадаркі» — віно тут было зусім таннае, таму і набраў столькі. Герман кляцнуў зашчапкамі, узважыў валізу на руцэ і, таксама з уздыхам, запытаў:
— Штопар ёсць?
Яны таропка, за нейкіх дзесяць хвілінаў, расціснулі пляшку, закусілі нейкімі піражкамі; Герман хацеў адразу развітацца, але сусед памкнуўся праводзіць яго да вакзала і падараваў на памяць свой зроблены ў выглядзе ключа штопар.
— Бяры, бяры… Захочаш у дарозе адкаркаваць — і не будзе чым, — гукнуў Лазюк, упіхнуў падарунак Герману ў кішэнь і, падхапіўшы валізу, падаўся ў калідор.
Да вакзала ішлі кружной дарогай, праз стары парк. Заманулася дыхнуць апошні раз водарам язміну ды адчуць гарачым днём прахалоду паркавай засені.
У тым месцы, дзе шырокі ходнік выбягаў на бульвар, Герман спыніўся, зайшоў у кусты, зірнуў адтуль на лавы, што стаялі ўздоўж ходніка, а ўгледзеўшы на крайняй ад парку лаве знаёмую пісьменніцу, выхапіў з Лазюковых рук валізу і, крыкнуўшы: «Пайду напрасткі!», кінуўся ў зарасці калючай акацыі.
— Гера, ты куды?! — галёкнуў Лазюк, але той не адказаў. Ляцеў па кустах, абмінаючы бульвар і тое страшнае месца, дзе сядзела распусная бабізна.