Да свайго вагона ён падбег у той момант, калі праваднічка — тая самая, з чорным пухам пад сінім каўказскім носам, — падымала вагонную прыступку. Дарэшты задыханы, з булькатлівым віном у чэраве, Герман улез у тамбур і доўга, аж пакуль цягнік не набраў хаду, стаяў там, асавела пазіраючы на перон. Потым, калі правадніца зачыніла дзверы і рушыла па калідоры, пайшоў следам, утрапёна-трывожнымі вачыма зазірнуў у катух, дзе сядзяць праваднікі, і, набраўшыся смеласці, запытаў:
— А дзе тая маладзіца, што з вамі працавала?
Кабета азірнулася.
— Пра каго вы кажаце? Пра Верку ці Светку?
— Ну, белая такая…
— Верка? Узяла тыдзень за свой кошт. Замуж выходзіць.
Правадніца пайшла ў канец вагона, цягнік тузануўся, і небарака балюча стукнуўся галавой аб край напалову прачыненых дзвярэй. З купэ даляталі знаёмыя галасы.
— Прыеду, паспрабую варэнікі згатаваць… з тварагом і вішнямі. Аксана рэцэпт напісала, — зяхліва гугніла Пергідроль.
— Якая гэта Аксана? Тая, што з капітанам круцілася? — пыталася даўганосая шатэнка.
Герман шырока рассунуў дзверы.
— О-о! Старыя знаёмыя! — праспявала Пергідроль, разразаючы нажом квадратны торт. — Заходзьце, зараз будзем гарбату піць.
Герман сеў на лаўку, памацаў пабіты лоб.
— І не здароўкаецеся, — прамовіла ў сваю чаргу шатэнка, згадаўшы іх сустрэчу ў кавярні «Марозіва».
— А гэта хто з вамі быў? Ваша мама? — пажартавала Пергідроль, ды тут жа асеклася, пабачыўшы, як наліліся крывёю Германавы вочы.
Дзень быў спякотны, і ў купэ панавала задуха. Пергідроль падскочыла, апусціла вагоннае акно, і купэ працялі напорлівыя струмені ветрыку.
— Вам, мужчына, блага? — запыталася шатэнка.
Герман нічога не адказаў, і спадарожніцы, пераглянуўшыся, выйшлі ў калідор.
…Валасатая рука лашчыць дзявочыя калені… Уява была такая яскравая, што Герман нават застагнаў, і яму стала страшэнна горача. Ён скінуў кашулю, выцер ліпучы пот з пабітага лоба, спруцянелымі пальцамі адкрыў валізу. Небарака вырашыў напіцца.
Калі праз гадзінку жанчыны вярнуліся ў купэ, іхны распрануты па пояс спадарожнік ляжаў на лаўцы і штосьці няўцямна мармытаў. Поруч, на століку, стаяла пустая пляшка «Кадаркі».
— Дык ён, аказваецца, алкаш! — выдыхнула Пергідроль, ладкуючыся на лаўцы; жанчына піхнула азадкам Германавы ногі. — Як капітан. Той усё спаў, п’яны, на Аксаніным ложку. Аднойчы нават абасцаўся.
— Можа, гора якое ў чалавека? — нясмела прамовіла сяброўка, кіўнуўшы на Германа.
— Якое там гора! Звычайны курортны раман, — Пергідроль выцягнула з сумачкі люстэрка і губную памаду. — У «Каштане», казалі, нейкі дзівак нават застрэліўся.
У гэты момант Герман зварухнуўся і змучана прастагнаў:
— Вера…
— Чула? — выдыхнула Пергідроль, падмалёўваючы прыпухлыя вусны. — Відаць, тая старамордзіна сніцца, з якой марозіва еў.
Жанчына ўважліва паглядзелася ў люстэрка, падправіла кудзеркі на скронях.
— Заўтра ж пайду зраблю стрыжку.
— А дзе ты стрыжэшся? — шатэнка гідліва, двума пальцамі ўзяла са стала пустую пляшку, піхнула пад лаўку.
— Як дзе? У «Экстрыме». У мяне там свой цырульнік.
— «Экстры-ым», — шатэнка, нібыта прыгадваючы штосьці, прымружылася.
— Ай, ну глядзі… — Пергідроль акінула купэ імклівым паглядам і, не знайшоўшы нічога лепшага, правяла памадай па Германавай спіне. — Во гэта праспект, вось тут, — памадная рыса дапаўзла да аголенага хвастца, — паварот на Сурганава. Далей там нейкая крама, а тут, — над левай кумпячынай з’явіўся нязграбны крыжык, — дзевяціпавярховы дом. Уваход з двара. Там яшчэ шыльда вісіць.
Пергідроль хацела было падмаляваць верхнюю губу, але тут жа шпурнула памаду ў прачыненае акно і падчапіла на нож вялікі кавалак торта.
XVІ
На чацвёрты паверх ён уздымаўся паволі, прыпыняючыся на кожнай пляцоўцы. Дый дзіва што: сэрца з перапою лезла вонкі, а слых поўніўся замарачным шумам. Дапяўшы да сваёй кватэры, ён выцягнуў ключы, але адчыняць не стаў — тыцнуўся носам у дэрмацінавую абіўку і замер, згадваючы густыя акацыі, старыя дубы і цяністыя сцяжынкі трускавецкага парку. Гаротны ўздых вырваўся з грудзіны.
Ён доўга не мог патрапіць ключом у шчыліну, а калі патрапіў, дзверы здрыгануліся ад грымотных выбухаў. Усхваляваны, Герман спалохана ўвайшоў у святліцу. Скаланаў свет швагер Мікола — стаяў на ўслоне і біў малатком па дзюбелі.
— О-о! Гера! Даўно чакаем!
— Гзымс прыбіваеце? — Гера зірнуў на ўбіты ў сценку шпень.
— Прыбіваем. Мужыка ж у хаце няма. Два гады ляжыць, не прыбіты, — Лізавета выйшла з кухні, цягнучы пад пахай каробку з дэкаратыўным гзымсам. Халеру тую Лізавеце падаравалі колісь таварышкі па службе.