— З паўабарота заводзіцца, — буркнуў Гера і рушыў у ванную, на хаду здымаючы кашулю.
— Э-э! А што гэта? — выдыхнула Лізавета, і каробка з гзымсам пляснулася на падлогу. — Коля, ты глянь. У яго ж уся спіна памадай спісана!
Улякнуты жончыным крыкам, Герман падбег да люстра, што вісела ў вітальні.
— Яшчэ глядзецца будзе, паскуда! Я дзень да ночы працую, пуцёўку яму ўзяла, а ён… прыехаў… курвамі размаляваны!
У Германа было такое адчуванне, што ўсё гэта адбываецца не з ім.
Мікола саскочыў з услона, пачухаў малатком за вухам.
— Гера… ты нам павінен усё распавесці, — голас Міколы набыў трывожныя ноткі. — Дзе ты быў? Мы цябе ўчора чакалі.
— Ты што, не бачыш, дзе ён быў?! — плаксіва выдыхнула Лізавета, і Мікола махнуў перад яе носам малатком. — Ды сціхні ты… справа сур’ёзная. Не бачыш — сатанінскія знакі намаляваныя!
— Ты мне зубы не загаворвай. Знайшоўся тут… адвакат Рэзнік.
Мікола пачухаў малатком ніз жывата і, выставіўшы палец: маўляў, я зараз, — падаўся з хаты.
— П-паскуда, — прасіпела Лізавета, удыхнула паветра, каб сказаць нешта яшчэ больш крыўднае, ды тут у вітальню заляцела пакліканая Міколам суседка Аляўціна. На твары яе была мядовая маска, а ў валасах матава бліскалі бігудзі.
— Гера, што такое?! — не сваім голасам азвалася суседка, а ўбачыўшы Гераву спіну, у жаху заціснула мядовы рот абедзвюма далонямі.
Хвіліну стаяла напятая цішыня, якую перарвала дарэшты ўсхваляваная суседка.
— З правага боку зорка Люцыпара… а гэта… — дрыжачы палец паказаў на размытую чырвоную рысу, якая паўзла ўздоўж хрыбціны… веліярава маланка… і б’е яна… — куды б’е маланка, Аляўціна не сказала, бо тую мясціну прыкрывалі трусы, і зноў у жаху заціснула рот — цяпер ужо адной далонню.
— Ды хрысціся ты, Аля… якія маланкі?.. Хахлушкі размалявалі, п’янага…
Лізчыны словы абурылі Міколу.
— Ты што, не бачыш, які ён прыехаў? Ды ён жа на сябе не падобны, — з гэтымі словамі — з малатком у руцэ — Мікола ізноў выбег з кватэры.
Праз паўгадзіны, калі Герман выціраўся пасля душа, да вушэй ягоных даляцеў сакавіты барытон:
— «Да воскресе Бог и расточатся врази Его…»
Ад хвалявання Герман доўга не мог патрапіць нагой у трусы.
— «И да бежат от лица Его ненавидящие Его…»
Сівабароды бацюхна — у расе, але без крыжа на грудзіне, — хадзіў па пакоях і махаў мокрай мяцёлкай. Следам за ім хадзіла ўсхваляваная Лізавета.
— «Яко тает воск от лица огня, тако да погибнут беси от лица любящих Бога…» — прамовіў бацюхна, махнуў мяцёлкай, і Герман пацепнуўся ад халодных пырскаў.
— Ну як? — шматзначна шапнуў Мікола, калі расстрыга, піхнуўшы пад расу пляшку прывезенага Германам віна, падаўся прэч. — На жанчын дзейнічае безадказна.
— Далібог, не ведаю — адкуль тая памада… — буркнуў Герман, і швагер з вясёлым адчаем ляпнуў яго па плячы.
— Ды ладна, чаго ўжо там… У нас адзін дык наагул прыехаў… з педыкюрам на нагах. Бабы ў апошнюю ноч намалявалі, а ён, па п’янцы, не ўгледзеў, — швагер крэкнуў, з разважлівай павольнасцю напоўніў шклянкі.
Яны не паспелі выпіць пляшку «Кадаркі», як у дзверы — працягла і патрабавальна — пазванілі. Герман, як быў — у адных трусах, — выйшаў на калідор і сутыкнуўся з маладой кабетай, якая таропка выцягвала з сумкі нейкія шнуры. З-за яе спіны выглядвала суседка Аляўціна.
— Карэспандэнт «Гарачай лініі» Святлана Запартыка, — маладзіца азірнулася на Аляўціну, — ці маглі б вы распавесці нашым слухачам пра свой палон?
— Пра які палон?
— Вы ж, я чула, да сатаністаў патрапілі…
Ад злосці ў Германа нават сцягнула скуру на лобе.
— А пайшлі б вы ў сраку! — гаркнуў Герман на ўсе пяць паверхаў, бразнуў дзвярыма і схаладнеў душою, зразумеўшы, што Аляўціна — кабета амбітная і звяглівая — яму гэтага ніколі не даруе.
Познім вечарам у кватэру ізноў пазванілі, потым пагрукалі і жалезным голасам загадалі:
— Адчыняйце! Міліцыя!
Цэлую гадзіну ён распавядаў участковаму пра сваю сустрэчу з сатаністамі, апісваў знешнасць спадарожніц, з якімі ехаў у купэ, і ў рэшце рэшт і сам паверыў у тое, што Пергідроль са сваёй сяброўкай з’яўляюцца агентамі Сатаны.
У панядзелак Герман выправіўся на працу і ледзь дачакаўся шасці гадзінаў — адвык сядзець за кульманам. Вылецеў са свайго інстытута і на аўтобусным прыпынку пачуў з вуснаў рабаціністай бабулі страшны аповед. Бабуля стаяла пасярод людскога збою і распавядала сяброўцы, як нейкі мужчына ехаў — «з гэнага… як яго… Трускавецку» — і ў цягніку на яго напалі дзве сатаністкі.