— Кажуць… аддай нам сэрца, і будзеш багатым.
— І што — аддаў? — перапытала перапужаная сяброўка.
— Аддаў! Прыехаў дахаты, і твару няма… увесь ссінелы. А на спіне сэрца намаляванае, і чорт з рагамі. Жонка адразу бацюхну паклікала. Бацюхна прыйшоў, малітву чытае, а гэнага як затрасе — вось так! вось так! — паказваючы, як калаціла небараку, бабуля страсянула ў паветры кулакамі.
Ад такога аповеду Герману стала ніякавата. Яму падалося, што ўсе, хто стаяў у чарзе, прызналі ў небараку яго самога і, не чакаючы аўтобуса, подбегам рушыў па ходніку.
Падымаючыся па прыступках, торкнуў пальцам у дзірку паштовай скрыні. У скрыні ляжала нейкая паперка. Спачатку падумаў, што гэта накіраванне на флюараграфію, і хацеў быў яе скамечыць, ды тут угледзеў, што паперка з псіханеўралагічнага дыспансера.
— Вось уліп, дык уліп, — прашаптаў наш герой і прамакнуў паперкай вільготную лабаціну.
Эпілог
— Ну-с, — выдыхнуў сухарлявы, чэхаўскага выгляду псіхіятр, калі пацыент уладкаваўся на крэсле. — Расказвайце…
— Што расказваць? — прамармытаў пацыент, зірнуўшы на медсястру, якая сядзела на другім баку стала і штосьці пісала ў журнале.
— Раскажыце — як патрапілі ў Трускавец, што там рабілі…
Лекар паляпаў косткамі пальцаў па стале.
— Надарылася непаразуменне. Мой швагер вырашыў пажартаваць… — таропка загаварыў пацыент, але псіхіятр ляпнуў па стале пяцярнёй.
— Я ўсё цудоўна разумею, але пачнем спачатку. Дык вось, вы паехалі ў Трускавец лекаваць пячонку.
— Ды пячонка ў мяне здаровая… Гэта ўсё швагер… ён пуцёўкамі загадвае. Ну і прапанаваў з’ездзіць… на 24 дні.
— Проста так прыйшоў і прапанаваў?
Пацыент кашлянуў у жменю, пакасіўся на медсястру.
— Ну, карацей, прыснілася мне аднойчы, што знік Лукашэнка…
— Як знік? — выдыхнулі адначасова і медсястра, і лекар.
— Ну так… знік і ўсё тут… — прамовіў пацыент і, зразумеўшы, што сказаў лішку, асуджана апусціў галаву.
Псіхіятр сціснуў рукамі скроні… Іншым разам можна было абысціся пігулкамі, ну, у крайнім выпадку, накіраваць на дзённы стацыянар, але пасля такіх прызнанняў ён мусіў адпаведна рэагаваць. Дый як не прарэагуеш, калі пад бокам сядзіць шпегоўка. Псіхіятр быў перакананы, што новую медсястру да яго падсадзілі знарок. Не давяраюць, курвы. «Кінуць усё… з’ехаць у Хайфу, да брата», — падумаў быў усхваляваны лекар, але тут жа ачуўся і кіўком галавы загадаў сястры пісаць накіраванне…
Герман другі год сядзіць у Навінкаўскай бальніцы, у 17-й палаце, не адказвае ні на якія пытанні і няўцямна мармыча штосьці пра дзявочыя калені.
Жонка ягоная, Лізавета Іванаўна, пабралася са сваім даішнікам, а швагру Міколу абралі дэлегатам Усебеларускага сходу і выдалі прэмію ў пяць «мінімалак» дзеля набыцця выхаднога гарнітура.
Палёт над бусліным гняздом
На дварэ канец траўня, і сонца грэе амаль па-летняму. Мы сядзім з сябрам на траве, прытуліўшыся спінамі да сцяны роднай школы, і слухаем, як за акном гугнявіць Элеанора Захараўна Гнядых — дзябёлая кабета, якую вучні міжсобку называюць Ужас. Школьныя вокны разнасцежаны, і чуваць, як у класе зумкаюць мухі і як засоплена дыхае настаўніца. Элеанора Захараўна мае сем пудоў вагі і ў спёку цяжка дыхае.
— Стихотворение Сергея Михалкова «А что у вас» нам прочтё-от… — Ужас, праўдападобна, перагарнула старонку класнага журнала, — Нюра Конопелько.
Я тыцкаю сябра локцем. Нюрка — ягоная малодшая сястра, якая вучыцца ў другім класе.
— «Кто на лавочке сидел, кто на улицу глядел…» — зычна пачала Нюрка, ды Ужас яе перапыніла:
— Конец урока, всё прочесть не успеешь. Начни вот с этого места: «Всех важней, — сказала Ната…»
— «Усех важней, — сказала Ната, — Мама вагонауважаты…»
— Вагоновожатый, — паправіла настаўніца, аддыхаўшыся.
— «Мама вагона… важаты,
Патаму што да Зацэпы
Водзить мама два прыцэпы…».
— Прицепа, — незадаволена папраўляе Ужас.
— «Патаму што да Зацэпа
Водзиць мама два прыцэпа…»
— До Зацепы! — голас Элеаноры Захараўны прыкметна дрыжыць.
— «Патаму што да Зацэпы…» — ледзь чутна выдыхае Нюрка, і Элеанора Захараўна са стогнам прамаўляе сваё ўлюбёнае слова:
— Ужас…
У класе запаноўвае ціша, якую парушае здушаны гук; усё адно як штосьці булькнула ў сажалцы. Гэта Элеанора Захараўна чхае. Дзіўны ў яе атрымліваецца чых, не такі, як у нармальных людзей: паветра не вырываецца вонкі, а захрасае недзе ў грудзіне. І зіркачы пры гэтым лезуць з вачніц.