Выбрать главу

Мішка мружыцца на сонца, лыпае вейкамі і таксама чхае, ды так, што над нашымі галовамі бразгаюць аканіцы — Элеанора Захараўна зачыніла акно.

З апошняга ўрока нас адпусцілі — захварэла русічка. Але мы з сябрам дахаты не йдзем. Чакаем званка. Лёшка Гнядых, сын той самай Элеаноры Захараўны, прынёс у школу цікавую штуковіну. Пластмасавая ручка, унутры шпуля з лёскай; на яе насоўваюць прапелер, і, калі тузануць за лёску, прапелер шугае ў вышыню. Гэтую цацку Лёшку прывёз з камандзіроўкі бацька — сівагаловы маёр, які страшэнна падабаецца вясковым кабетам. На пярэрвах між урокамі Лёшка запускаў круцёлку, даваў пускаць пяцікласнікам, але да нас з Мішкам чарга так і не дайшла. І вось мы сядзім ды чакаем, калі ў Лёшкі скончацца заняткі. Сябар прагне даведацца, як тая штуковіна змайстравана, і ці то жартам, ці то ўсур’ёз мерыцца згламэздаць такую ж.

Сядзець і чакаць званка ўжо няма ніякіх сіл, таму — каторым разам на дзень — дастаю з кішэні нататнік. Скураны, яшчэ не пацёрты, з азбукай Морзе на адваротным баку вокладкі, я знайшоў яго надоечы ля клуба, і нават ведаю, хто згубіў. Кінамеханік Лябёдка! Бо там алоўкам былі напісаныя назвы «кін» і даты, калі іх будуць круціць. Я, вядома, гэтыя старонкі акуратна выдзер. Цяпер вось, як надараецца вольная хвіліна, завучваю азбуку Морзе. А калі казаць шчыра, пацвельваю сябра, бо ў яго такога нататніка няма.

Мішка хіліцца на мой плячук, шэпча аднымі вуснамі: «Кропка — працяжнік — А», у гэты міг лена бомкае званок, і мы подхопліваемся на ногі.

Першымі са школы вылятае малеча. Мы стаім ля ганка, цікуем Лёшку і чуем пагрозлівы голас Элеаноры Захараўны:

— Конопелько! Где твой пионерский галстук?

Лёшкава маці выйшла з бакавых, «настаўніцкіх» дзвярэй і свідруе Мішку сваімі ўедліва-калючымі вачыма.

Сябрук выцягвае з кішэні пакамечаны гальштук, і Элеанора Захараўна, пляснуўшы далонямі, выдыхае:

— Ужас!

Лёшка Гнядых выкульваецца са школы ў атачэнні гаманкой грамады.

— Лёш, дай запусціць, — гукаюць навокал, але Лёшка нікому нічога не дае — паважнай хадою ідзе ў бок старых прысадаў, што стаяць наўзбоч дарогі. На вялікім перапынку круцёлку пускалі ля самай школы, і яна заляцела на дах.

— Лёша, куды ты пайшоў? Зараз будзе аўтобус! — крычыць услед яму Элеанора Захараўна. «Гарадскіх» — так мы называем шкаляроў, што жывуць у ваенным гарадку, — штодня падвозіць дахаты зялёны вайсковы аўтобус.

Ужас яшчэ спрабуе дакараць Мішку Канапельку, але той не слухае: бяжыць за Лёшкам, хапае за рукаво.

— Пускаць не буду. Дай толькі паглядзець…

Сябар аглядае штуковіну, зазірае ў шчыліну, з якой тырчыць лёска, і з крыкам:

— Усё зразумела! — запускае круцёлку ў неба.

У канцы цяністых прысадаў нас даганяе аўтобус і накрывае аблачынай шэрага пылу. Праз пыльную смугу мы бачым, як Лёшка Гнядых, прыціснуўшы нос да шыбы задняга акна, крывіць твар. Маўляў, я еду, а вы пехам шнуруеце. Ды нам што… прайсціся такой парой на другі бок вёскі адно задавальненне. Гэта вунь Ленка Кудзелька з нашага класа — пяць кіламетраў тупае, ды ўсё лесам.

— Я надоечы ў Невель ездзіў, да стрыечнага брата. Дык у яго такая ж круцёлка… — сябар керхае, сплёўвае пыл з языка.

— Як у Лёшкі? А дзе ён купіў?

— Ды не купіў… — незадаволена крывіцца сябрук, — сам зрабіў. І лётае не горай ад Лёшкавага. Я быў запусціў, дык круцёлка таксама на дах заляцела. І не такой хаціны, як наша школа, а трохпавярховага дома. Так адтуль і не дасталі. Давялося новую выразаць.

— А з чаго выразалі? — я кідаю на сябра недаверлівы позірк, і Мішка, крэкнуўшы, сядае на кукішкі.

— У нас пад страхой стары серп уторкнуты. Дык вось, выцягваю з яго ручку, — сябар малюе пальцам на пяску штосьці дарэшты невыразнае, — упіхваю аловак, на аловак насоўваю шпулю ад нітак, на шпулю намотваю лёску, — Мішка малюе даўжэзную рысу, — а прапелер выразаю з кансервавай бляшанкі… толькі, — сябар падымаецца на ногі, чухае макаўку, — бляшанку трэба ад тушонкі, яна большая.

Я гляджу на Мішкавы крамзолі і нічога не разумею.

— Ну што тут незразумелага? — азываецца сябар і пачынае маляваць схему ўжо не пальцам па пяску, а рукамі ў паветры. — Аловак абразаем, на аловак набіваем невялічкі шпянёк — у мяне дома такі валяецца, — на шпень насоўваем прапелер, і застаецца толькі тузануць за лёску.

— І што — паляціць?

Мішка дакорліва трасе галавой.

— І высока?

Сябрук глядзіць па баках, маракуючы, на якую вышыню можа заляцець круцёлка.

— А вунь да той буслянкі даляціць.

Прыканцы вясковай вуліцы, непадалёку ад Мішкавай хаты, стаіць старая ліпа з кудлатым гняздом на вершаліне.