— Да буслянкі? — крыўлю я твар, і Мішка, зразумеўшы, што перабраў з вышынёй, чухае ўжо не макаўку, а патыліцу.
Я выцягваю з кішэні нататнік, ляпаю ім па далоні.
— Калі даляціць да буслянкі — так і быць, запісная кніжка твая.
Сябар цягнецца за нататнікам, нібыта паглядзець, ці вартая рэч угавору, але я адводжу руку.
— А ты мне што дасі, як не даляціць?
— Патрон! — не раздумваючы выпальвае Мішка. — Надоечы сябрук знайшоў у лесе ржавы патрон, адшараваў жарствой, і цяпер той блішчыць, як новы.
Я чухаю падбароддзе. Усё ж такі няроўны заклад: у мяне нататнік з азбукай Морзе, а ў Мішкі нейкі там патрон, якіх процьма валяецца ў лесе. Урэшце мы, на знак згоды, ляпаем далонню аб далонь.
Па дарозе збочваем да хаты цёткі Сцепаніды. Летась цётка пабралася шлюбам з вайскоўцам, і ў яе пад плотам ляжыць процьма тых самых тушоначных бляшанак. Ды што там тушонка. Уся вёска бегае да цёткі, каб набыць спісаную вайсковую бялізну. Вось і ў іхнай хаце прасціны ды ручнікі пазначаны па ражках размытымі пячаткамі.
— Карацей, усё ёсць, апроч шпулі, — мармыча Мішка, выціраючы жмутом травы перапэцканую тлушчам бляшанку.
— А з ніткамі шпуля?
— Ну з якімі ніткамі? Я ж табе кажу: лёску намотваем, бо нітка парвецца.
Мне карціць зараз жа бегчы да сябра майстраваць «верталёт», але мушу ісці дахаты. Маці мая працуе на ферме, гэтым часам у яе дзённая дойка, і трэба быць дома, каб выгнаць карову. Дый шпулю трэба з дому прыхапіць.
…У печы, як заўсёды, забелены панцак, які абрыдзеў да смерці. На мінулым тыдні маці прынесла ад цёткі Сцепаніды торбачку грэцкіх круп, але кашы з іх так ні разу і не зварыла. Сказала: на чорны дзень.
Панцак не лезе ў глотку, таму наліваю ў конаўку цёплага яшчэ сырадою і п’ю, косячы вокам на матчыну швейную машынку. Машынка яшчэ дарэвалюцыйная, з аблупленымі нямецкімі літарамі: «Sіnger». Потым поркаюся ў скрынцы, дзе маці захоўвае рознае швейнае прычындалле, выглядаю шпулю, на якой мала нітак, і, схапіўшы гамёлку хлеба, бягу да сябра.
Мішка часу не губляе: сядзіць на лаве пад яблыняй і выразае нажніцамі прапелер з кансервавай бляшанкі. Тут жа, на лаве, ляжыць ручка ад сярпа з уторкнутым у яе алоўкам. Сястра Нюрка толькі што вярнулася са школы і шморгае носам — відаць, атрымала шчаўбана, бо надта ж любіць лезці ў братавы справы.
Сябар торгае галавой, і я працягваю шпулю з-пад нітак.
— Тое, што трэба, — ухвальна кажа сябар, а я наструньваю вуха: на дальнім канцы вёскі ўжо чутно каровіна рыканне і авечае бляянне.
— На вось, прывяжы да лёскі якую гладкую палачку, каб спрытней было торгаць.
Я тыцкаю пальцам у бок хаты, маўляў, няма калі, трэба выганяць карову, і Мішка махае рукой.
— Давай я прывяжу, — азываецца Нюрка; брат ускоквае на ногі, раз’юшана выдыхае:
— Ты яшчэ тут? — і мы з Нюркай выбягаем з двара. Дзеўчынёха бяжыць да сваіх сябровак, што таўкуцца непадалёку, а я дахаты — выганяць Субоху.
Карова цягне вільготную мысу, чакаючы заўсёднага кавалка хлеба, але мне не да таго. Ліхаманкава скідваю з каровінай шыі ланцуг, цягну Субоху за рог. Маўляў, выходзь хутчэй, няма калі з табой важдацца. Карова незадаволена выходзіць на двор, але да весніц не ідзе: пачынае лізаць шурпатым языком уздзеты на парканіну гарлач.
— Пайшла ў поле, каб на цябе ліха! — гарлаю штомоцы. Словы гэтыя я часцяком чую ад маці. Пхаю карову пяткай у сцягняк, і Субоха, каротка рыкнуўшы, ганарыстай хадою сунецца да весніц.
Я прыспеў у самую пару: сябар ужо стаяў на ганку і рыхтаваўся апрабоўваць круцёлку.
Лопасці выразанага з бляшанкі прапелера нагадвалі пялёсткі зайцавай капусты: па краях былі шырокія і звужаліся да цэнтра. Пры гэтым край кожнай лопасці быў загнуты ўгору, рыхтык як у магазінным прапелеры.
— Толькі ўважліва глядзі, куды паляціць, а то потым не знойдзем.
Мішка перавёў дых, тузануў лёску, прапелер крутнуўся, але нікуды не паляцеў.
— Заклінавала. Трэба большую адтуліну зрабіць, — з гэтымі словамі сябар рынуў у хату і неўзабаве ізноў з’явіўся на ганку, кухонным нажом калупаючы круцёлку.
Я глядзеў на такія завіханні з усмешкай на вуснах, пераканаўшыся, што круцёлка не тое што не даляціць да буслянкі, а наогул не зляціць са шпулі. Сябрук між тым прымацаваў прапелер, торгнуў лёску. І — вось дзіва! — круцёлка загула, размытай плямай мільганула ў паветры і захрасла ў кроне старой яблыні.
— Бачыў? — на Мішкаву чупрыну зваліўся ссечаны прапелерам лісток. — Дык гэта ж я толькі злёгку крутнуў, а як з усяе сілы рвануць?