Ля Мішкавай хаты сцішваю хаду і выцягваю шыю, выглядаючы сябра. Аднак замест забінтаванай Мішкавай галавы з-за агароджы вытыркаецца павязаная выцвілай хусцінкай рухавая Нюрчына галоўка.
— Нюр… — ціха гукаю, матлянуўшы ў паветры пустым вядром, і Нюрка спрытна выбягае з весніц.
— Маці дома?
— Дома… карову доіць, — адказвае Нюрка, свідруючы мяне дапытлівымі вачанятамі.
— А як братан? Вочы цэлыя?
— Цэлыя… толькі брыво рассек. Паслязаўтра да фельчаркі пойдзе, на перавязку.
Я дастаю з кішэні нататнік. Шкада, вядома, яго аддаваць, ды што зробіш…
— На во… перадай Мішку.
— А сам чаму не аддасі? — Нюрка прыкладае нататнік папераменку то да адной, то да другой шчакі.
— Чаму-чаму… таму… што за Зацэпы водзіць мама два прычэпы, — адказваю з усмешкай, і Нюрка, чмыхнуўшы носам, бяжыць, смешна раскідваючы ўбокі галянастыя ногі.
— Скажы Мішку: даляцела! — крычу наўздагон дзяўчыне.
У гэты міг па асветленым згасальным сонцам Нюрчынай спіне мільгануў імклівы цень і нізка над зямлёю, несучы штосьці важкае ў дзюбе, праляцеў бусел. Дакладней, бусліха, бо ногі ў птушкі былі такія ж, як у Нюркі, галянастыя і гэтак жа смешна раскінутыя ўбокі. Бусліха, стомлена махнуўшы крыламі, падляцела да гнязда, і бусел, як ніколі дагэтуль гучна, закінуўшы ўгору галаву, заклекатаў, распавядаючы сяброўцы пра блішчастую круцёлку, што кагадзе праляцела над іхным котлішчам.
Чалавек з сажнем
І
У вокны цадзілася дрымотнае святло.
Іван праводзіў позіркам варону, якая з зычным карканнем паляцела ў бок праспекта, пацёр далонню лоб, соладка пазяхнуў і ўторкнуўся ў паперы.
Літары ўвішнымі мурашамі мітусіліся ўваччу. «Аб ходзе выканання ў камсамольскіх арганізацыях рэспублікі пастановы ЦК КПСС… — уголас прачытаў Іван і зноў пазяхнуў, гэтым разам з непрыхаваным адчаем — …аб рабоце па падборы і выхаванні ідэалагічных кадраў у партыйных арганізацыях Беларусі і рашэння 13-га пленума…— Івану падалося, што мурашы перапаўзлі з паперы і замітусіліся ў портках, — …ЦК КПБ “Аб далейшым павышэнні дзейснасці ідэйна-палітычнай работы ў святле рашэнняў ХХІV з’езда КПСС”».
Хвіліну, а можа і больш, Іван сядзеў нерухома, спрабуючы дапяць да сэнсу прачытанага, а потым, з неспакоем у душы, стаў чухаць пахвінне: стваралася ўражанне, што мурашы апанавалі самую датклівую частку цела…
На калідоры затупалі, заляпалі дзвярыма, у нетрах калідорных штосьці замарачна, як вада ў душы, зашумела, і шэфава сакратарка Жанна з лёгкай панікай у голасе абвясціла:
— Уключайце прыёмнікі! Цяжэльнікаў выступае!
Іван крутнуў ручку аднаканальнага «Сожа» і тут жа, нібыта спужаўшыся, закруціў у адваротны бок: вырашыў паглядзець выступленне па тэлевізіі.
Пакуль бег па калідоры, грымотныя воплескі сціхлі і прастору апанаваў натхнёны, па-камсамольскаму бадзёры голас Яўгена Міхайлавіча Цяжэльнікава. Голас угнездаваўся ва ўсіх кутках вялікага будынка. Словы прамовы вырываліся з няшчыльна зачыненых дзвярэй, блукалі па калідоры, сутыкаліся адно з адным, рассыпаліся дробным макам і ціха заміралі, даючы места ў прасторы іншым, гэткім жа натхнёным і няшчырым словам.
У аргаддзеле, куды ён убіўся, была процьма народу. Іван махнуў рукой загадчыку аддзела, Мішку Гармозіну, парукаўся з двума інструктарамі і ўтаропіўся ў тэлеэкран. Каляровы «Рубін» даваў задужа зялёнага калёру, і твар «камсамольскага бога» выглядаў, як у дзесяцідзённага нябожчыка.
— Даклад Леаніда Ільіча раскрывае захапляльную па сваіх маштабах стратэгію далейшага руху да камунізму, да ўсеагульнага міру, нясе ў сабе ідэйны зарад нечуванай сілы…— прамаўляў першы сакратар, трасучы чупрынай. — Выказваючы волю 35-мільённага камсамола, усёй савецкай моладзі, мы цалкам і поўнасцю адабраем ленінскі палітычны курс і практычную дзейнасць Цэнтральнага Камітэта КПСС, праграмныя палажэнні і вывады даклада таварыша Леаніда Ільіча Брэжнева… — тэлевізар скалануўся ад гучных воплескаў, а Іван, злавіўшы вокам калена Нінэль Абуховіч, прытаіў дых. Хаця інструктарка аргаддзела — яна ж гармозінская каханка — толькі тыдзень не была на працы, Івану здаліся гэтыя дні вечнасцю. У думках ён пацалаваў абцягнутае белым капронам калена, душа на імгненне сцялася, але тут жа і выпрасталася, бо Мішка Гармозін тыцнуў локцем пад рэбры і кіўнуў у бок «скрыні».
Яўген Міхайлавіч Цяжэльнікаў — Бацька, як называлі яго цэкісты, — трымаў у руцэ нейкую паперыну і глядзеў у залу ўжо не зухавата, як дагэтуль, а сурова і патрабавальна.