— Перад намі лютаўскі нумар шматтыражкі «Знамя Дзержинки» за 1935 год. Тут невялічкі артыкул, які называецца «Імя яго — бальшавік». У ім гаворыцца: «Я не магу ўявіць, адкуль у гэтага чалавека бярэцца столькі энергіі і працаздольнасці. Сын рабочага, сам працаваў на заводзе качагарам, потым слесарам… З вытворчасці яго накіроўваюць на партыйна-гаспадарчую працу. Нагрузка вялікая: ён вучыцца ў нашым інстытуце, ён жа лепшы группарторг пятага цепласілавога курса, ён жа лепш ад усіх, на «выдатна», абараніў дыпломны праект! Малады інжынер абяцае даць многае, і ён дае многае. Бо выкуты з моцнага матэрыялу!» — прамоўца зрабіў паўзу, узняў угору газеціну, хапнуў, што той тапелец, паветра, і словы ягоныя патанулі ў шалёных воплесках: — Гэта сказана… пра маладога камуніста… Леаніда Бр-рэ… — «Рубін» стрэльнуў лямпай, і сакратарская галава, з’ехаўшы з тулава, прыляпілася да левага плечука. Хтосьці ляпнуў па тэлевізары кулаком — раз, другі, — але галава на старое месца так і не вярнулася…
Праз хвіліну яны з Гармозіным выйшлі ў калідор. Загадчык аргаддзела паслабіў вузел квяцістага гальштука, абурана прамармытаў:
— У ногі гатовы кінуцца, абы пасаду далі.
Мішка дастаў пачак «Саюза-Апалона», пстрыкнуў газавай запальнічкай.
— Як думаеш, — струмок цыгарэтнага дыму з лёгкім шумам вырваўся з Мішкавага рота, — газета сапраўдная ці, можа, згламэздалі?
Гаманіць на такія тэмы, хай і ў пустым калідоры, было няёмка, і яны рушылі да выхаду. На ганку, аднак, таксама стаялі людзі, і давялося, пацепваючыся ад золкага ветру, прайсціся ў бок Інстытута гісторыі партыі.
— А што ты хацеў, — гукнуў Іван у працяг размовы, — Бацьку сорак сем гадоў… Вось і ўзяўся… выдаваць шматтыражкі.
— Не… ну так… без мыла… лезці… — Мішка Гармозін зацягнуўся цыгарэтай і, не выпускаючы яе з зубоў, наструніўся. З адкрытай форткі вырываўся надрыўны Бацькаў голас.
— Верны сын партыі, яе вялікі працаўнік і мужны салдат, Леанід Ільіч заўсёды быў там, дзе цяжка…
— Во залівае… — буркнуў Мішка Гармозін і нечакана, бліснуўшы раскосымі вачыма, запытаў: — Якое сёння чысло?
— Дваццаць сёмага лютага, — азваўся Іван і толькі тады ўзгадаў: у Мішкі сёння дзень нараджэння.
— Пасля працы, — сябрук мелькам зірнуў на гадзіннік, — бяры Жанну і вяслуй у «Журавінку». Я там столік замовіў. І запомні: ніякіх падарункаў. Цярпець іх не магу, — Мішка дасмаліў прагнай зацяжкай цыгарэту, зноўку наструніўся.
— Леанід Ільіч здабыў велізарны аўтарытэт, бязмежны давер і шчырую, чыстую любоў Ленінскага камсамола, савецкай моладзі, усяго прагрэсіўнага чалавецтва… — гукаў з адчыненай форткі першы сакратар ЦК ВЛКСМ.
Мішка страсянуў галавой, плюнуў, і сябрукі, разам павярнуўшыся, пайшлі ў адваротным кірунку.
Мішка Гармозін з’явіўся на Карла Маркса, 36 увосень пазамінулага года. У той шэранькі панылы дзень Іван, як заўсёды, забег у аргаддзел і сутыкнуўся з высокім хлопцам у мадняцкім замшавым пінжаку. Яго тады, памятаецца, уразілі раскосыя васільковыя вочы, якія — Іван адразу ж адчуў гэта — мусілі падабацца дзяўчатам. Сэрца Іванава ў той міг захлынулася гарачай крывёю, і ён дакорліва зірнуў на Нінэль — сваю тайную сімпатыю, якая працавала ў аддзеле і цяпер сядзела пры стале, апусціўшы аксамітныя вейкі.
Мішка запрасіў у свой кабінет, прапанаваў пагартаць французскі часопіс і, раскінуўшыся ў крэсле, расказаў, дзеля знаёмства, вясёлую показку пра Брэжнева — як Леанід Ільіч уздымаў цаліну. Іван пры гэтым сціпла пасміхаўся, і левая лытка ягоная злёгку дрыжэла. Ён упершыню чуў, каб адказны работнік ЦК вёрз антысаветчыну, ды яшчэ на сваім працоўным месцы.
«Гэбіст», — падумаў тады Іван, а гаспадар кабінета, пабачыўшы спалох у Іванавых вачах, прыпаліў прытухлую цыгарэту і напаўголаса прамовіў: «І чаго гэта вы, бульбашы, такія дрыслівыя?»
А ўвечары, прыціснуўшыся лобам да шыбы, ён з мазахісцкай жарсцю назіраў, як новы загадчык аддзела са знарочыстай галантнасцю, закінуўшы за спіну правую руку, падсаджваў Нінэль у жоўтыя «жыгулі». І, не ведаючы, што з рабіць з сабой і як пазбыцца пякучай рэўнасці, прыгаломшаны Іван у той жа вечар выклікаўся праводзіць дадому рудавалосую сакратарку Жанну — Нінэльчыну сяброўку. І ўсю дарогу, нібыта жартам, пытаўся — ці даспадобы ёй новы загадчык аддзела?
Тады ж, ад Жанны, ён даведаўся, што бацька Гармозін працуе ў Маскве, у Дзяржплане, а сам Мішка два гады завіхаўся ў Міністэрстве знешняга гандлю, ды вымушаны быў адтуль сысці з-за нейкай непрыгожай гісторыі і прыхавацца ў Менску — тут жыла ягоная маці.