Выбрать главу

А яшчэ праз дзень Мішка Гармозін прапанаваў пайсці ў рэстаран — абмыць новае месца працы. І хаця Іван напачатку адмаўляўся, казаў, што ў яго баліць зуб, але, пачуўшы, што там будзе Нінэль са сваёй сяброўкай, пайшоў да тэлефона — паведаміць жонцы, што затрымаецца на працы. З той пары, прыкладна раз на месяц, яны гулялі за Мішкавы грошы ў рэстаранах, і пасля адной такой гулянкі жонка Іванава падала заяву на развод ды з’ехала ў свой Барысаў.

* * *

У дальнім канцы залы грукнуў бубен, зафаніў мікрафон і рэстаранны ансамбль азваўся мелодыяй з «Хроснага бацькі».

— Што ж, так і будзем маўчаць? — Мішка Гармозін выцер сурвэткай вільготныя вусны, паварушыў пальцам, і кельнер, які прыбіраў посуд, з разуменнем кіўнуў галавой.

Вось ужо гадзіну яны сядзелі ў рэстарацыі, і за гэты час Нінэль не прамовіла ні слова. Яна нервова, адну за адной, паліла цыгарэты, цадзіла з фужэра шампан і пры гэтым з нянавісцю зыркала на Мішку. Той сядзеў як мыла з’еўшы, і апанаваны злараднай цікавасцю Іван чакаў таго моманту, калі яны застануцца з Жаннай адны і ён даведаецца: чаму яе сяброўка сёння такая негаваркая.

— Ну, дзяўчаткі… ну давайце, сапраўды, пра нешта пагамонім, — Мішка адсунуўся ад стала, прымусіў сябе ўсміхнуцца. — Ці ведаеце вы такі факт, што стваральніца «новага рамана» Наталка Чарняк… пардон, Наталі Сарот, абвясціла традыцыйную прозу стаадсоткавай архаікай?

— А Франсуаза Саган… пардон, Фрося Чыгункова, наадварот — пісала ў традыцыйным рэчышчы, — адпарыравала Нінэль, і Мішка задаволена пацёр рукі: — Брава, брава… Нарэшце пачулі ваш дзіўны голас.

Мішка падхапіў бутэльку, стаў поўніць келіхі, збіраючыся, відаць, сказаць нейкі тост, але ў гэты момант дзяўчаты падхапіліся на ногі і, абмінуўшы двух каўказцаў, якія спрабавалі запрасіць іх на танец, пабеглі па сходах — няйначай, у прыбіральню.

Дзесьці пад столлю загуў, пакрываючы людскія галасы і мелодыю «Хроснага бацькі», выцяжны вентылятар, і пасмы цыгарэтнага дыму паважна паплылі па-над Мішкавай галавой. Іван, па прыкладзе сябра, таксама ад’ехаў на крэсле ад стала і адчуў на сваёй шыі дотык выцяжнога ветру.

Звычайна яны ладзілі гулянкі за горадам — у гатэлі «Юнацтва». Там было зацішней, кожны столік быў адгароджаны перабойкай, ды і збіралася там адпаведная публіка — у асноўным іншаземцы. Але сёння ў «Юнацтве» сустракалі мангольскую дэлегацыю, таму сядзець давялося ў шумнай, поўнай падпітых студэнтаў і юрлівых каўказцаў «Журавінцы».

На стале з’явілася чарговая пляшка шампану: гнюснага пойла, якое тхнула гнілымі яблыкамі і распірала нутро вуглякіслым газам: не дзіва, што дзеўкі раз-пораз бегалі ў прыбіральню. Іван заплюшчыў вочы і ўявіў, як Нінэль, закінуўшы на спіну спадніцу, з жаласлівым зыкам выпускае паветра.

— Запрасі Нінку на танец… можа, палагаднее, — прамовіў Мішка Гармозін; Мішка сёрбнуў шампана, выставіў ніжнюю вусну, і на ёй утварылася маленькая бурбалка.

Праз пару хвілін ансамбль зайграў «Зорачку», і Нінэль, шчасна абмінуўшы аж трох армянаў, падышла да Івана…

…Ён прытуліў да сябе дзяўчыну і адразу ж адчуў цеплыню пругкіх грудзей. Галава пачала кружыцца — ці то ад гэтай цеплыні, ці то ад паху Нінэльчынай скуры. Яму раптам да змогі, да свербу ў ядрах заманулася лізнуць дзявочую шыю. Язык — амаль незаўважна, самым кончыкам — тыцнуўся ў мочку вуха і адчуў прыемную гаркоту. Ужо зусім ачмурэлы, ён прыпаў да гаркавай ад ласьёну шыі і пачуў напяты і, як для такой хвіліны, надта сур’ёзны Нінэльчын голас:

— А вы здольныя на ўчынкі?

Нінэль — мякка і шматабяцальна — прыціснулася да яго сцягном, і Івана працяла нервовая дрыготка.

— Давайце збяжым.

Такая прапанова ацверазіла Івана і ён, пралепятаўшы: «Як гэта?», пашукаў вачыма Гармозіна. Мішка піў шампан, і на келіху ягоным цьмяна бліскала святло ўсіх рэстаранных люстраў.

— Няёмка неяк, — адно і здолеў выціснуць з сябе Іван, і дзявочая далонь саслізнула з пляча.

Ён бег па прыступках, удыхаў галавакружны пах ласьёну, спрабаваў зазірнуць у Нінэльчыны — заўсёды халодныя, а таму халерна звабныя — вочы, і ў галаве ягонай віравалі, не знаходзячы выйсця, трывожна-юрлівыя думкі.

Ля шатні — раздзявалкі — яны спыніліся. Іван, апусціўшы руку ў кішэнь, выцягнуў два нумаркі — свой і Жаньчын — і застыў у непаразуменні…

…Сяброўчына паліто было крыху куртатае. Нінэль абцягнула рукавы, дастала з сумачкі нататнік, штосьці ў ім размашыста напісала.

— Аддайце дзяўчыне ў сіняй спадніцы, — прамовіла, перадаўшы лісток швейцару, і яны выйшлі з рэстарана.

З цёмнага неба падаў бухматы снег, і навакольныя ліхтары паўсталі перад Іванам вялізнымі, падсветленымі знутры дзьмухаўцамі. І здалося на міг, што гэта не снег кружыў-віраваў у паветры, а мірыяды парушынак сарваліся з дзьмухаўцоў, завіравалі ўваччу, халоднымі дотыкамі кранаючы гарачы лабешнік. Некалькі парушынак заблыталіся ў Нінэльчыных валасах, і Іван, нахіліўшыся, растапіў адну з іх сваім парывістым дыханнем. І ў тую хвілю, калі ён сабраўся з духам і ўзяў дзяўчыну за руку, да вушэй даляцеў недарэчны воклік: