— Чаму, Жануля, так рана?
Васька Сёмін — вадзіла дзяжурнай цэкоўскай «волгі» — спехам працёр ветравое шкло, хацеў яшчэ нешта сказаць, ды, убачыўшы, што перад ім не Жанна, а Нінэль, сумеўся і таропка расчыніў дзверцы.
— На Ванеева? — запытаўся вадзіла, пайшоў на разварот, і Іван, шукаючы апірышча, наткнуўся далонню на халоднае дзявочае калена.
— Нінэль…— вымавілі вусны, і валасы зварухнуліся пад шапкай, і цела салодка здрыганулася ад гуду святочных званоў, што бомкнулі ў вушах і глухім рэхам азваліся дзесьці ўнутры, пад самай селязёнкай.
Нінэль зняла з калена ягоную гарачую руку, але зрабіла гэта паволі, з неахвотаю, як бы кажучы: «Мы не адны…»
За шклом мільгацелі агні Партызанскага праспекта, а ў галаве, гэтак жа размыта і бязладна, мільгацелі і блыталіся пажадныя лятункі. Асабліва хвалявала Івана тое, што Нінэль была без станіка. Калі яны танцавалі, ён правёў кончыкамі пальцаў па дзявочай спіне і не намацаў сушпілкі. «Ну чаму, чаму яна без станіка?» — ледзь не ўголас мармытаў Іван і, мацаючы ўласныя калені, адчуваў цеплыню і падатнасць дзявочых грудзей. Ён заплюшчыў вочы і ў той жа міг апынуўся ў прыцемным пакоі, пасярод якога, на леапардавай шкуры, — шкуру тую ён надоечы бачыў у дацкім часопісе, — ляжала голая Нінэль. Млява закінуўшы галаву, яна мяцёлкай леапардавага хваста кранала смочкі пульхных грудзей, праводзіла далонню па нізе жывата, і нечакана, прыўзняўшы галаву, не да места бадзёрым голасам выгукнула: «Прыехалі!»
Іван расплюшчыў павекі. Машына падкаціла да цёмнага пад’езда, віскнула тармазамі.
— Мяне не чакай, вяртайся ў «Журавінку», — буркнуў ён у адказ на запытальны позірк вадзілы, вылез з машыны і кульгавым подбегам — пабіў нагу, як вылазіў, — рушыў адчыняць супрацьлеглыя дзверцы.
Нінэль, аднак, выйшла без ягонай дапамогі, абцягнула паліто, зірнула ўгору.
— Маці ўжо спіць, — прамовіла з уздыхам і падала руку на развітанне.
З расчыненых пад’ездных дзвярэй павеяла салодкай гнілізнай і кашэчымі сцакамі.
— Давяду да дзвярэй, у пад’ездзе цёмна, — пралепятаў Іван у спадзеўцы, што Нінэль запросіць на каву, але дзяўчына крутнулася на абцасах, пайшла, таямніча дыхнуўшы парфумай, і Іван, задыхаючыся ад нясцерпнага кахання і такой жа нясцерпнай крыўды, схапіў дзяўчыну за рукаво.
— Ніна… пачакайце… — Іван уздыхнуў, апусціў вочы, нібыта рыхтуючыся спытаць аб нечым вельмі важным, і адным духам выпаліў: — А дзе гэта вы былі цэлы тыдзень?
— Аборт рабіла, — са злосцю прамовіла Нінэль і знікла ў цёмным пад’ездзе.
На лесвіцы абудзіліся і аціхлі крокі, бразнулі дзверы і дзесьці, ці не ў Нінэлінай кватэры, прыспана брахнуў сабака.
Іван стаяў як халадзёнкай абліты, і пыжыкавая шапка на ягонай галаве з трагічнай павольнасцю спаўзла з патыліцы на самыя вочы. Было такое адчуванне, што яго, адказнага работніка цэка, прылюдна аблілі памыямі… Нінэль хацела дапячы Мішку — таму і збегла з рэстарана… А ён, ёлупень, раскатаў губу…
На першым паверсе запалілі святло, і страшэнна тоўстая кабета, запаланіўшы сваім аб’ёмам цесную кухню, матлянула, спраўджваючы, ці ёсць там вада, бліскучы чайнік. Іван ссунуў шапку на патыліцу, паклыпаў, прыпадаючы на правую нагу, уздоўж аснежаных кустоў і неўзабаве азірнуўся, выглядаючы квадрат святла на прысыпаным снегам асфальце — месца, дзе ён зазнаў прыніжэнне і дзе выразна пазначыліся ягоныя сляды.
Пакуль датупаў да праспекта, снег змяніў імжысты дождж; пыжыкавая шапка ўраз намокла, галава ўпрэла, і калі ён, а палове першай ночы, убіўся ў сваю кватэру, скінуў верхнюю вопратку і зірнуў у люстэрка, дык убачыў дзіўную праяву: з упрэлай галавы ўздымалася пара.
— Парапаветраны манекен, — прашаптаў Іван, падхапіў ручнік, збіраючыся выцерці мокры карак, і страсянуўся ад тэлефоннага званка.
— Што за фокусы? Куды вы падзеліся? — Мішка, відаць, званіў з аўтамата, бо голас ягоны прападаў.
— Я дома сяджу, сяброўка твая таксама.
Хвіліну Гармозін маўчаў, потым з палёгкай уздыхнуў і са словамі: «Заўтра пагамонім» павесіў трубку.
Так, з гудлівай слухаўкай у руках і, як той Ясір Арафат, з ручніком на галаве, Іван і праседзеў паўночы. У жываце ягоным брадзіў пракіслы шампан, ва ўскудлачанай галаве брадзілі панічныя думкі; ратуючы жывот, ён раз-пораз прыўздымаў кумпячыну, выпускаў паветра, і толькі галаву не было як ратаваць, і калі, уявіўшы сцэну аборту, ён адчуў, што мазгі пачынаюць закіпаць, падхапіўся з крэсла, пабег у ванную і з воклічам: «Ай, бля-а!» — піхнуў галаву пад халодны струмень.