Наступным ранкам — як гэта бывае на сходзе зімы — за акном дзьмуў вятрыска ды ішоў мокры снег з дажджом. Пад бокам званілі тэлефоны, у куце шалёным дзятлам стукаў тэлекс, сакратарка Жанна два разы зазірала ў кабінет і клікала на нейкае пасяджэнне, але Іван нічога не чуў і не бачыў: сядзеў з заплюшчанымі павекамі, мыляў вуснамі і ўяўляў Нінэль — голую, на леапардавай шкуры, змораную ад асалоды.
Пару месяцаў таму да іх прыязджала дэлегацыя Звязу польскіх студэнтаў. Кіраўнік дэлегацыі, рудавалосы фацэт у джынсах, падараваў яму на знак сяброўства дацкі парнаграфічны часопіс, на вокладцы якога лашчылася на леапардавай шкуры светлавалосая прыгажуня. Прыгажуня дзіўным чынам нагадвала Нінэль: такія ж пісаныя бровы, такія ж па-дзіцячы пульхныя вусны. Іван у сваіх фантазіях часцяком уяўляў той юрлівы здымак, і кожнага разу прагнуў прыпасці да гладкага Нінэлінага калена і шаптаў у забыцці ласкава-бессаромныя словы.
А яшчэ ў свядомасці гучала слова «аборт»; пякучая рэўнасць вярэдзіла душу, і ўсведамленне таго, што ён далучыўся да чужой тайны, рабіла пачуцці яшчэ больш вострымі; ён даваў волю фантазіям, і светлавалосая прыгажуня глядзела на яго вільготнымі ад пажады вачыма, прыўздымала тугія грудзі і з жарслівым прыдыханнем шаптала: «Вазьмі іх… яны не Мішкавы… яны твае…»
Салодкае трызненне перарваў зумклівы тэлефонны званок.
— Дзе ты ходзіш? Цэлую гадзіну званю, — другі сакратар ЦК кашлянуў і ўжо прытоеным голасам паведаміў: — Апранайся і заходзь.
Перціся некуды ў такое надвор’е зусім не хацелася. Нацягнуўшы на плечы прамоклы палітон, Іван мацюкнуўся, міжволі прыслухаўся.
— Натхняльным прыкладам для ўсёй партыі, для ўсіх камуністаў з’яўляецца нястомная, самаахвярная, мэтанакіраваная і тытанічная дзейнасць Генеральнага сакратара ЦК КПСС таварыша Леаніда Ільіча Брэжнева…
— Зусім ахалуелі, — ледзь чутна прамармытаў Іван, прыкруціў гучнасць радыё і выйшаў з кабінета.
Лёва Аўдошка — суровы, апранены ў «малянкоўскі» жакардавы плашч — сядзеў за сталом і з нецярплівасцю стукаў пальцамі па лістках перакіднога календара.
— Ну, дзе цябе носіць? — Лёва заклапочана насупіўся, падхапіў асадку, штосьці таропка напісаў у каляндарных кантычках. — Бацькаву прамову слухаў?
Іван кіўнуў, а Лёва, зусім як Мішка Гармозін, раскінуўся ў крэсле і таргануў галавой, паказваючы на кніжную шафу:
— Вазьмі там… другі том.
Дрыготкая рука падхапіла другі том Поўнага збору твораў, і Лёва незадаволена перакрывіўся:
— Ды не Леніна… энцыклапедыю цягні.
Дагэтуль Іван разумеў Лёву з паўслова, а тут ніяк не мог уцяміць — на якую халеру таму спатрэбілася энцыклапедыя.
— Адгарні чатырыста шаснаццатую старонку…
Пальцы таропка перагарнулі старонкі.
— Ну, чытай…
— «Брыялогія», «Брэгман», «Брэднік»… — нясмела прачытаў Іван, і Лёва роблена змучаным голасам прастагнаў: — Брэжнеў Леанід Ільіч.
— «Брэжнеў Леанід Ільіч…— прачытаў Іван і, як той двоечнік ля дошкі, шморгнуў носам, — выдатны дзеяч Камуністычнай партыі і Савецкай дзяржавы, міжнароднага камуністычнага і рабочага руху…»
— Гэта прапусці. Далей чытай.
— «З сям’і рабочага-металурга… Працоўнае жыццё пачаў з пятнаццаці гадоў. Пасля сканчэння ў 1927 годзе Курскага землеўпарадкавальна-меліярацыйнага тэхнікума працаваў землеўпарадчыкам у Коханаўскім раёне Аршанскай акругі…»
Яны з Лёвам пераглянуліся, і другі сакратар, са словам «Усёк?», выцягнуў з сейфа пачатую пляшку каньяку.
— Пяцьдзясят гадоў мінула — каго цяпер знойдзеш? — прамармытаў Іван, і Лёва, перакрывіўшыся, прыклаў палец да вуснаў.
Яны кульнулі па паўшклянкі, заелі шакаладнымі цукеркамі — у Лёвы ў стале быў цэлы харчовы склад — і падаліся з кабінета.
— Па-першае — нікому ні слова, — дыхнуў каньячным духам другі сакратар, — а па-другое…— Лёва на хвілю сумеўся, — цябе ў Талачынскім райкаме ў твар ведаюць?
— Здаецца, не, — мовіў Іван, і яны, плячо ў плячо, пабеглі па сходах.
«Камандзіроўка… у Талачын… гэта ж чорт ведае дзе… — мільгалі ў галаве адрывістыя думкі, — хочуць, як той Бацька, “Коханаўскай праўдай” патрэсці… ці ўспаміны якога старога ёлупня запісаць… пра каморніка Брэжнева…» — Іван спрабаваў ісці ў нагу з Аўдошкам, ды ўвесь час збіваўся, і лядыш непакою непрыемным халадком казытаў селязёнку.