Выбрать главу

— Пайшлі, пройдземся, а то ў кабінеце не пагамоніш…— захінаючыся ад ветру, Лёва прыпаліў цыгарэту, прыхаваў яе ў жменю і разам з дымам выдыхнуў: — Паедзеш у якасці карэспандэнта радыёстанцыі «Юность». Журналісцкі рэйд па месцах рэвалюцыйнай, баявой і працоўнай славы. Агледзішся, прынюхаешся, вызначыш перспектыўных кандыдатаў, якія маглі б штосьці распавесці пра маладога Брэжнева. Пажадана, жанчын ад сямідзесяці да сямідзесяці пяці гадоў…

— Дык што… містыфікацыя? — Іван прыкусіў язык. Лядзяк непакою, слізгануўшы па селязёнцы, закаціўся на дно пустога страўніка.

Пабачыўшы спахмурнелы Іванаў твар, суразмоўнік крутнуў галавой, зацягнуўся пякучым дымам:

— А ты думаеш газетка тая сапраўдная? Ды я нават ведаю, хто яе згламэздаў. Ёсць там у Бацькі два памагатыя — з блыхі вала зробяць… — Аўдошка кінуў размяклы на дажджы недапалак, расціснуў падэшвай. — Мы, у адрозненне ад Бацькі, будзем дзейнічаць чыстымі рукамі. Ніякіх містыфікацый. Ну ты сам памяркуй: знаходзім кабету, якая памятае, што ў іхнай хаце, яшчэ да калектывізацыі, жыў нейкі пастаялец. Паказваем фотку. Той? Кабета прыглядаецца, мружыцца, а мы ў гэты момант перахопліваем ініцыятыву. Пераконваем старую, што гэта і ёсць той пастаялец: вунь і кепка тая самая, і бровы густыя…

Яны спусціліся да Ульянаўскай, і Іван убачыў на ўзбочыне шэрую цэкоўскую «Волгу».

— Што ж… так і паеду… з пустымі рукамі? Трэба ж мець хоць нейкія дакументы, мапу Коханаўскага раёна, нарэшце, — прамармытаў Іван, і Аўдошка з камсамольскім імпэтам ляпнуў яго па плячы.

— За гэта не хвалюйся. Атрымаеш не толькі архіўныя дакументы, але і дакументальную прозу, — Аўдошка сунуўся ва ўнутраную кішэнь, выцягнуў пашэрханы нататнік. — Ягонае прозвішча-а…— старонкі нататніка ніяк не жадалі перагортвац­ца, — Алесь Эвенкаў… аўтар дзесяці гісторыка-дакументальных аповесцяў. Чуў пра такога?

Іван страсянуў галавой.

— Мы яму неяк кнігу замаўлялі — пра камсамольскае падполле. Ну, і панадзіўся хадзіць са сваімі творамі. Летась прыйшоў з таўсценнай тэчкай. Аповесць, кажа, напісаў, пра маладога Брэжнева. Як той у Коханаве каморнікам працаваў… Назву вось толькі забыў. «Чалавек зз…»— Аўдошка прымружыўся, увабраў праз сцятыя зубы паветра, на нос яму ўпала яршыстая сняжынка. — Ну, з чым гэта каморнікі ходзяць? — запытаўся Лёва, выціраючы мокрую нюхаўку.

— З «казой»? — выгукнуў Іван, і другі сакратар зірнуў на яго смяшлівым і разам з тым дакорлівым вокам.

— Брэжнеў… з казой… — Аўдошка мелькам азірнуўся. — Ну, карацей, паглядзелі мы тую пісаніну… — Аўдошка ізноў прымружыўся, згадваючы, як мянуецца «каза» па-навуковаму, плюнуў і прыпаліў новую цыгарэту. — Паглядзелі, пачыталі — і вярнулі аўтару. Такія рэчы без узгаднення з Масквой не на­друкуеш, — Лёва выпусціў дым, суцішна дадаў: — Пёрнуць ва ўласнай хаце, і то трэба дазволу прасіць…

Яны падышлі да «Волгі», Аўдошка абабіў мокры плашч, узяўся за ручку дзверцаў.

— Возьмеш у касе шэсцьдзясят рублёў — на прадстаўнічыя выдаткі — і выпраўляйся да Эвенкава, толькі патэлефануй папярэдне. Адрас Жанна ведае. Заўтра абгаворым дэталі, а ў пятніцу паедзеш на месца.

— А можа, у панядзелак? — падаў голас Іван, і Аўдошка, які ўжо адчыніў быў дзверцы, з грукатам іх зачыніў і падышоў да падначаленага.

— Адкрою табе дзяржаўную тайну. Інстытут марксізму рыхтуе да брэжнеўскіх угодкаў біяграфічны нарыс. Бацькавы прайдзісветы шукаюць матэрыялы дзе толькі можна. Перакулілі дагары нагамі ўсе архівы; не сёння-заўтра ў Коханаве з’явяцца. Мы іх мусім апярэдзіць. Зразумеў? І вось яшчэ што, — Аўдошка керхануў у жменю, — скажаш пісаку, што будзем друкаваць ягоную аповесць. Гэта на выпадак, калі не захоча аддаваць матэрыялы… Карацей, пакруцішся ў Коханаве пару дзён, а там прышлем падмацунак, — Аўдошка ляпнуў Івана па спіне, рушыў да машыны, і цяпер ужо на Іванаву нюхаўку апусцілася яршыстая сняжынка; сняжынка ўмомант растала, дрыготкай кропляй завісла на кончыку носа, адбіўшы ў сваёй глыбіні счарнелыя ліпы, міргатлівы святлафор і аўдошкаву «Волгу», якая з прыглушаным вуркатаннем паехала па вуліцы.

На калідоры панавала цемра. Іван пстрыкнуў запалкай, выглядаючы нумар кватэры, тыцнуў пальцам у званок, і яму адразу ж адчынілі.

— Заходзьце-заходзьце…— азваўся гаспадар і ступіў два крокі назад, падставіўшы сваю бліскучую лысіну пад зыркае бра.

На гаспадары былі зашмальцаваныя піжамныя нагавіцы і салатавага колеру саколка, пад якой узбуджана калыхаўся па-жаночы пукаты жывот.