«Журавінка», як заўсёды такім часам, зіхцела агнямі і скаланалася ад натужлівага бомкання бас-гітары. Рэстаранныя дзверы былі зачыненыя, а таму давялося доўга грукаць, а потым, калі прыдзвернік бязгучна закрычаў штосьці за тоўстым шклом, на імгненне прыляпіць да шкла цэкоўскае пасведчанне.
Швейцар у шатні сустрэў яго як старога знаёмца.
— Сябры вашы, з якімі вы палітонамі мяняліся, ужо гадзіну як прыйшлі.
Іван замёр на імгненне, падумаў — ці не падацца ў другі рэстаран? — але тут жа страсянуў чупрынай, тыцнуў швейцару металёвы рубель і кіўком галавы натхніў спадарожніка на рэстаранныя подзвігі.
Аўтар гісторыка-рэвалюцыйных аповесцяў, па ўсім бачна, у рэстараны завітваў зрэдку. Пісьменнік увесь час азіраўся, папраўляў гальштук, а ступіўшы ў асветленую залу, страпянуўся і ўвабраў галаву ў плечы.
«Нічога. Кульне пару чарак — агойтаецца», — з гэтай думкай Іван стаў на дыбкі, агледзеў залу. Нінэль з Гармозіным сядзелі за тым жа столікам, што і ўчора, і ў абаіх — гэта адразу кінулася ў вочы — былі нервова-напружаныя твары.
— А вось і мы! — выгукнуў Іван праз людскія галовы, але Мішка яго, відаць, не пачуў, бо ў той жа міг здушыў у попельніцы цыгарэту і запрасіў Нінэль на танец.
— Дык гэта ж таварыш Гармозін… з аргаддзела, — уражана прашаптаў пісьменнік і, не адрываючы позірку ад шырокай Мішкавай спіны, прысеў на падстаўленае Іванам крэсла.
На стале з’явіўся букач «Белавежскай», бутэлька «Мінскай № 3», дзве фаянсавыя місы з салатай «Зара», і Іван, ляпнуўшы ў далоні, напоўніў чаркі.
— Ну, за вашу новую кнігу!
Гарэлка апякла нутро, Іван выцер сурвэткай вусны, тыцнуў відэльцам у салату, зірнуў на суседні стол і толькі тады заўважыў пляміста-звільгатнелы чырвонец на залітай шампанам талерцы. Кельнерка прыхапіла талерку, прыбрала пустыя келіхі.
— А дзе тыя… што тут сядзелі? — з неспакоем у голасе запытаўся Іван, і кельнерка, не павярнуўшы стрыжанай галавы, каротка адказала: — Разлічыліся.
Сітуацыя была зразумелай: учора Нінэль адкрыла сваю тайну, а сёння пазбягала ягонай кампаніі. Іван расшпіліў верхні гузік кашулі, памацаў запалены лоб і, схапіўшы букач, напоўніў фужэры.
— Узялі! — мовіў уладным голасам, але спазніўся: субяседнік ужо глытаў белавежскую, пагрозліва варушачы квадратным кадыком.
Праз дзве гадзіны, калі яны цягнулі ўпітага субяседніка да машыны, Васька-кіроўца запытаў:
— А хто гэта такі?
— Пісьменнік, — адказаў Іван, з натугаю варочаючы языком.
— А як яго прозвішча?
Іван закаціў бельмы, згадваючы прозвішча, але не згадаў і няўцямна прабубніў:
— Іван Шамякін. Чуў пра такога?
— Чуў! У школе праходзілі, — прамовіў кіроўца, падхапіў капялюш, які саслізнуў з пісьменніцкага плеха, і з дакорлівым уздыхам дадаў: — А ён алкашом аказаўся.
ІІ
Пасярод разлеглай і плыткай лужыны мыліся-дурэлі вераб’і. Лямант стаяў неверагодны, і Іван, пазіраючы праз акно на птушынае завіханне, міжволі падумаў, што і ў Менску таксама свеціць сонца, і таксама дурэюць у плыткіх лужах вераб’і, і Нінэль глядзіць на іх з акна, падпёршы далонню русявую галаву.
«Вось і вясна прыйшла», — прачулая фраза ўжо гатовая была сарвацца з языка, ды тут за спінаю — млява і недарэчна — рыпнулі дзверы і гучна бразнула вядро.
— Мужчына…
Ускудлачаная, пагрозлівага выгляду цётка стаяла ў дзвярной пройме, трымаючы ў напятых руках вядро і швабру.
— Мне прыбірацца трэба.
Іван пакутліва, як ад зубнога болю, перакрывіўся, выйшаў у калідор і ледзь не ўпаў, паслізнуўшыся на кагадзе памытай падлозе.
У нумары насупраць натужна гула электрабрытва. «Харкаў» — вызначыў Іван, зрабіў пару крокаў, рупячыся ступаць ля самай ліштвы, дзе лінолеум быў пааддзіраны, і зноўку прыслухаўся. Пастаяльцы дзясятага нумара лаяліся, у адзінаццатым зморана, відаць пасля п’янкі, аддзімаліся, а ў наступным, дванаццатым, была ўключана радыёкропка і звонкі голас з шалёным запалам апавядаў аб тытанічнай, самаахвярнай дзейнасці Леаніда Ільіча на пасадзе Генеральнага сакратара.