— А дзе Сазоніха жыве — ведаеш?
— А во… крайняя хата, — машына рэзка затармазіла, вадзіла адкінуў дзверцы, голасна крыкнуў: — Нюрка! — і, павярнуўшыся да Івана, патлумачыў: — Нявестка ейная.
У двары збуцвелай, ці не да рэвалюцыі стаўленай хаты-пяцісценкі дзябёлая кабета развешвала на вяроўках мокрыя прасціны. Прасціны лапаталі на ветры і былі пазначаныя жоўтымі плямамі.
— Добры дзень, Нюра… — Іван не пазнаў уласнага голасу і крахтануў у далонь. — Сазонаўна дома?
Кабета зірнула на Івана з вясёлым здзіўленнем.
— А вы, відаць, з Менску?
Іван скасіў вока на машыну, кіўнуў галавой.
— Прыязджаў тут адзін… лысы… з Менску. Усю ноч пілі з маім Пецькам — каб іх парвала. На раніцу яшчэ тры рублі пазычыў. І цяпер аддае.
Сітуацыя вымагала чыну. Іван спехам палез у кішэнь, выцягнуў пакамечаны трульнік.
— Вось… прасіў якраз перадаць.
Атрымаўшы грошы, кабета палагаднела, насунула апошнюю зашчэпку, падхапіла пад пахі мядніцу.
— А навошта вам свякроў? Будзеце, як той лысы, пра станаўленне калгаснага ладу пытацца?
Госць разгублена пасміхнуўся.
— У інтэрнат здалі. Што ж яна… ужо не ўстае… абасцыцца ды ляжыць цэлы дзень. На майскія святы ў бальніцу паклалі. Месяц ляжала. Прывезлі… пытаюся: ці вылечылася? Вылечылася, кажа. Я ўзрадавалася, паслала ўсё новае, а яна адразу ж і ўсёрлася. Во як у нас лечаць: баба толькі сцалася, а цяпер яшчэ і срацца пачала. Ды і загаворваецца…
Іван, ні слова не сказаўшы, пайшоў да машыны, і кабета пасунулася следам:
— Лысы ёй там нешта нагаварыў, дык баба зусім ашалела. Стала ўсім казаць, што з Брэжневым сустракалася. Яе ўжо, як у бальніцы ляжала, неўрапатолаг глядзеў, і псіхіятр з Воршы прыязджаў… круціў малатком перад носам ды між вачэй стукаў. Два гады ў інтэрнат не бралі — усё месцаў не было. А тут, як пра Брэжнева загаварыла, ураз забралі…
Іван убіўся ў кабінку, ляснуў дзверцамі.
— Вы б зайшлі ў хату, малака выпілі, — гукнула кабета, але вадзіла паддаў газу, спачувальна зірнуў на Івана, і яны разам перавялі дых.
На прыступках вучэльні яго сустрэла маладая кабета ў дэмісезонным плашчы і дарэшты скалелая дзеўчынёха ў навюткай, з выпадку надзетай спяцоўцы.
— Цэлую гадзіну чакаем, — паведаміла маладая кабета, расчыніўшы перад карэспандэнтам непадатныя дзверы.
Іван, аднак, не спяшаўся пераступаць парог — паказаў рукой, што ўвойдзе толькі пасля жанчын.
— Нам яшчэ ўчора патэлефанавалі — сустракайце, кажуць, карэспандэнта. Збірае матэрыял аб маладых гвардзейцах пяцігодкі.
Іван мелькам азірнуўся: такія гучныя сустрэчы яму не надта падабаліся.
— Зараз правядзем невялічкую экскурсію, а потым Таня Акачонак — яна ў нас адзіная дзяўчына на трактарным патоку — раскажа аб сваёй прафесіі.
Цэлую гадзіну давялося хадзіць па класах і кабінетах, глядзець на расфарбаваныя белай і чырвонай фарбай трактарныя вузлы, кідаць роблена цікаўныя позіркі на плакаты з выяваю гідраўлічнай сістэмы трактара МТЗ-50 ды слухаць захопленыя аповеды Мілы Сяргееўны і Тані Акачонак — той самай дзяўчыны ў спяцоўцы — пра гісторыю стварэння і станаўлення прафесійна-тэхнічнай вучэльні. Нарэшце, у завешаным выцвілымі плакатамі кабінеце тэхнікі бяспекі, Іван выцягнуў з сумкі магнітафон, з непрафесійнай павольнасцю разблытаў шнуры, пстрыкнуў клавішай.
— Ну а зараз Таня Акачонак з 23-й групы распавядзе нам пра сваё вучылішча.
Іван з лёгкай гідлівасцю паднёс «дудку» — рэпарцёрскі мікрафон — да збялелых дзявочых вуснаў, вусны задрыжэлі, прамовілі кароткую фразу:
— У нашым вучылішчы… — і змоўклі.
— Ну, не хвалюйся ты, не хвалюйся! — падбадзёрыла дзяўчыну Міла Сяргееўна.
Таня Акачонак страсянула бялявымі кудзеркамі, звяла вочы да мікрафона.
— У нашым вучылішчы…
— Ну што там, у вашым вучылішчы? — Іван міжволі і сам пачаў хвалявацца.
— У нашым вучылішчы… я вучуся, — адказала Таня Акачонак і зноў занямела.
— Таня, раскажы пра пошукавую работу, — падала голас Міла Сяргееўна.
— У нашым вучылішчы… вядзецца вялікая…— прамовіла Таня пераселым ад хвалявання голасам, махнула рукой і выбегла з кабінета.
— Ой, вы ведаеце, яна ўсю ноч не спала, да інтэрв’ю рыхтавалася, — усхвалявана загаварыла Міла Сяргееўна, а Іван, кляцнуўшы клавішай, дабрадушна прабубнеў: — Нічога страшнага, раскажу сваімі словамі.
Магнітафонныя бабіны з ціхім гудам круціліся, перамотваючы тасьму.
— Вы вось займаецеся пошукавай работай, — Іван накруціў шнур на мікрафон, — а ці ведаеце, што ў вашым вучылішчы… э-э-э… у вашым раёне жыў і працаваў Леанід Ільіч Брэжнеў?