Акрэсленыя тушшу вочы суразмоўніцы прыкметна акругліліся.
— Ведаем! І ўжо два гады вядзем пошук. Куды толькі ні пасылалі запыты: і ў архівы, і ў ЦК партыі, і ў абласны музей… і ніякага адказу. Тут неяк, — Міла Сяргееўна шумна ўздыхнула, — пісьменнік прыязджаў… якраз займаўся гэтай тэмай. Мы з ім знайшлі адну кабету…
— З Марцюхоў? — перабіў Іван.
— Ды не… тую ўжо ў вар’ятню адвезлі. Гэтая ў Апалоніках жыве. Восем кіламетраў ад Коханава.
— Дык, можа, з’ездзім? — выпаліў Іван, і Міла Сяргееўна з прытоенай радасцю перасмыкнула плячамі.
Даўно не адчуваў Іван такой асалоды, такога трапяткога задавальнення ад поціску цёплай жаночай рукі. Падсаджваючы Мілу ў «казёл», ён схапіў раўнівым позіркам вострае калена, плюхнуўся поруч з кіроўцам, і па целе ягоным разлілося салодкае здранцвенне. Вушы нібыта заклала ватай, і Іван не пачуў таго, што сказала Міла Сяргееўна, а вось словы кіроўцы прарвалі густую вату: «Да Апалонікаў, відаць, не даедзем. Дарогу развезла».
Машына скранулася з месца, закалацілася на выбітым бруку, вытрэсваючы з душы салодкае здранцвенне і поўнячы гудам матора.
Пару кіламетраў ехалі з ветрыкам, а потым пачалася дарога ў пекла. Лёд у калюжынах падтаў, колы круціліся ўхаластую, а таму даводзілася шторазу пхаць «казла», і брудны снег, што вылятаў з-пад колаў, завэдзгаў Івана з галавы да ног. Неўзабаве ўазік убіўся пярэднім колам у яміну, Іван добрых паўгадзіны, мацюкаючыся і адплёўваючыся, упіраўся сцягном у бампер ды налягаў плечуком на запаску, нарэшце, выбіўся з сіл, і ў гэты момант за спінай ягонай перарывіста затарахцеў «Беларус».
…Да Апалонікаў ехалі на прычэпе. Трактарыст, хлопец у марскім бушлаце, добра разагнаўся, прамінуў патрэбную хату, хаця кіроўца безупынна сігналіў, і спыніўся на другім канцы вёскі.
— Ну ты і гоніш, — са стомаю ў голасе прамовіў Іван, падышоўшы да трактара.
— Да швагра па самагонку еду, — азваўся хлопец, скочыўшы на зямлю.
Іван тыцнуў трактарысту металёвы рубель і, вяртаючыся да машыны, кінуў праз плячо:
— Назад паедзеш — пасігналь.
У хату Надзеі Пятроўны Аблавух — так звалі гаспадыню — увайшлі не адразу. Гаспадыня адчыніла была дзверы, але тут жа зноў прычыніла, пакінуўшы вузкі атвор. У гэтым атворы лыпнула слязістае старэчае вока.
Старой было з чаго ўлякнуцца: на парозе стаяў нетутэйшага выгляду мужчына з нейкай халерай пад пахай — гэта была спавітая ў брызент карціна, — і выціраў насоўкай брудныя рагі на белым плашчы.
— Надзея Пятроўна! Гэта я, Міла! Памятаеце, мы да вас прыязджалі? — з жарсцю засакатала Міла Сяргееўна, старая пашырыла пройму, выглядаючы — хто там сакоча, — і стомлены ўсім гэтым дурноццем Іван наваліўся на дзверы.
— А хто ж гэта лезе-е?! — зусім па-дурному заспявала гаспадыня, тры разы перахрысцілася, але, угледзеўшы Мілу, пакінула лямантаваць, сцягнула з левага вуха хусцінку.
— Карэспандэнт гэта, з Масквы! Адмыслова прыехаў, каб з вамі пазнаёміцца! — гукнула Міла, старая схамянулася, заміргала вільготнымі вачанятамі; Міла паўтарыла фразу, ды так гучна, што на кухні загулі саганы.
«І жывуць жа людзі… у такой убогасці», — падумалася Івану, калі ён аглядаў бабчыну святліцу. Адзіным упрыгожаннем жытла былі фотапартрэты, якія віселі пад столлю і з якіх пазіралі апухлыя, няпэўнага ўзросту мужчыны ў будзёнаўках, кабеты ў белых хустках ды стараверскага выгляду дзяды з кудлатымі бародамі.
Іван наблізіў твар да партрэта мужчыны ў будзёнаўцы.
— Сцёпка, брат мой, царства яму нябеснае. Загінуў у фінскую, — прашамкала старая, перахапіўшы Іванавы позірк.
Іван уздыхнуў, надаў твару неабходную ў такіх выпадках суровасць, але праз хвілю ўсхапіўся і пачаў без прэамбул.
— Ну дык распавядзіце нам, Надзея Пятроўна, пра каморніка, які ў вас кватараваў.
Старая сцягнула ўжо з абодвух вушэй хусцінку, Міла, удыхнуўшы паветра, крыкнула:
— Пра каморніка, пра каморніка раскажыце! — і ад таго крыку загулі шыбы ў хаце, а разам з імі і Іванава галава.
— Ай во… жыў каморнік. Усё з рагазой хадзіў, зямлю мерыў, — старая выцерла ражком хусткі слязлівыя вочы. — Дужа добра на гармоніку граў. Выйдуць, бывала, са Сцёпкам, братам маім, на вуліцу, кадрылю зайграюць, дык ад дзевак потым няма адбою. А Манька Казюліна, суседка наша, — у гэтым месцы старая сцішыла голас, — дык загрубела ад яго. Во як! Бацька даведаўся — з сякерай кінуўся, ды не дагнаў — збегла на Асінбуд, на будоўлю электрастанцыі.
Іван пачухаў патыліцу.
— Ну, а як яго звалі?
— А во забылася, добры чалавек. Здаецца, Цімох…