«Добра яшчэ, што не Леанід», — з развагаю падумаў Іван. Ён ужо збіраўся пайсці, ды згадаў пра карціну. «Пакажу на ўсялякі выпадак — а раптам пазнае».
Пад вокнамі гучна залескатаў, а потым натужліва засігналіў «Беларус».
Пакуль Іван раскручваў дрот ды выцягваў карціну з брызенту, на ганку затупалі і хату ўваліўся ўжо ладна падпіты трактарыст.
— Ну дык… начальнік… мне ехаць трэба.
— Ды пачакай ты, — перакрывіўся Іван, выцягнуў з кішэні два рублі, і трактарыст, сціснуўшы грошы ў прамазучаным кулаку, выкуліўся з хаты.
— Ці гэты? — Іван паднёс карціну бліжэй да акна.
Старая зірнула на карціну са здзіўленнем, схіліла галаву, а Міла, гэтым разам зусім ціха, прашаптала: — Дагары нагамі трымаеце.
Іван перакінуў карціну з рукі на руку і з сардэчным клёкатам у горле заўважыў вялізную трохкутную дзірку. Палатно было прадзёрта ў тым месцы, дзе ўзыходзіла сонца.
«Як жа гэта я?» — бязгучна выдыхнуў Іван, згадаўшы, як піхаў машыну, налягаючы плячом на запаску.
— Ды не-е, той быў меншы расточкам, ды і бровы былі не такія кусцістыя, — паведаміла старая, але Іван яе ўжо не слухаў.
Ён зморана, як пасля доўгай беганіны, аддыхаўся, перадаў карціну Міле Сяргееўне, і жанчына таропка, з пачуццём уласнай віны, стала спавіваць яе ў мокры брызент.
Як ехалі назад — не прысніцца і ў страшным сне.
Не паспелі яны праехаць і ста метраў, як машына тузанулася, падскочыла на калдабане, і Іван, стукнуўшыся галавой аб ветравое шкло, нема закрычаў:
— Ён што — ашалеў?!
— Цэлы слоік навярнуў, — азваўся вадзіла, густа дыхнуўшы самагонам. — Ад першака заўсёды шалеюць.
— Стой, йоп… — крыкнуў Іван, расчыніў дзверцы і траха не выпаў з машыны.
Трактар пайшоў на паварот, трос зазвінеў струною, і Іван з жахам убачыў, што правыя трактарныя колы адарваліся ад зямлі і «Беларус» вось-вось перакуліцца.
— Мамачка-а! — галёкнула за спінай Міла Сяргееўна. Жанчына кулялася па сядзенні, задзёршы ногі і загаліўшы зялёныя панталоны.
«Казёл» пайшоў юзам, наехаў на камень; Іван, падляцеўшы, ляснуўся макаўкай аб каркасную трубу, і ў вачах ягоных пацямнела.
— Стой, бл…ь! — цяпер ужо вадзіла адчыніў дзверцы, ступіў на падножку, крыкнуў: — Трымай мяне! — і Іван схапіўся за нешта цёплае і мяккае.
Вадзіла нема закрычаў, шпурнуў у бок трактара металёвы болт, трактар скінуў абароты, але тут жа зноў тузануўся, і кіроўца, згубіўшы адразу два кірзачы, павіснуў на дзверцах. Слых працяў драпежна-плаксівы голас:
— Дай што-небудзь… Прыб’ю, с-суку!
Іван намацаў пад нагамі гаечны ключ, піхнуў у заграбушчую руку, і да надрыўнага трактарнага ракатання далучыўся звон разбітага шкла. Трактар заглух, праехаў па інерцыі колькі метраў, захрас у глыбокай каляіне.
Выкуліўшыся на ватных нагах з машыны, яны спехам адчапілі трос, і вадзіла пачыкіляў, свецячы голымі пяткамі, шукаць кірзачы.
— Пысу трэба біць за такія жарты! — гукнуў Іван, звяртаючыся да трактарыста: задняе шкло было напалову разбіта, і ў пройме тырчала стрыжаная патыліца. — Чуеш?
Трактарыст, аднак, змаўчаў, і гэта паддало злосці.
— Чуеш, ты…— Іван адчыніў кабінку; штосьці абмякла-важкае навалілася на яго, збіла з ног; ён бразнуўся спінай аб лёд і суціх на імгненне, прыціснуты да зямлі разамлелым і, як падалося, мёртвым целам.
«Забілі… гаечным ключом забілі!» — думка працяла мазгі, ён роспачным рухам паспрабаваў скінуць з сябе страшны цяжар, і трактарыст, ікнуўшы спрасонку, няўцямна мацюкнуўся. У Івана адлягло ад сэрца; з апошніх сілаў ён скінуў з сябе прапахлую салярай тушу, папоўз па мокрым лёдзе.
— Дык што з ім будзем рабіць? — запытаўся Іван, калі кампаньён, адшукаўшы кірзачы, падбег да трактара.
Вадзіла падцягнуў халявы, памацаў, азірнуўшыся на машыну, прыпухлыя ядры.
— Садзім за руль! — мовіў, скрывіўшыся, таварыш па няшчасці, і яны схапілі трактарыста пад пахі.
З цяжкасцю ўпіхнулі разамлелае цела ў кабінку.
У кабінцы знайшлося пакарабачанае вядро, вадзіла пачарпнуў талай вады, выліў на стрыжаны кумпал. Потым, стоячы на падножцы, завёў трактар, паддаў газу, скочыў на зямлю, і «Беларус» заскакаў па калдобінах, страляючы выхлапным газам і высякаючы іскры тросам, які валокся следам.
— Даедзе? — насцярожліва запытаўся Іван.
— А куды ён дзенецца? Кожнага вечара на аўтапілоце ездзіць, — пачуў Іван у адказ і неўпрыкмет перахрысціўся.
У гасцініцу ўбіўся а восьмай вечара. Прайшоў, хістаючыся ад стомы, міма акенца адміністратаркі — адміністратарка нават патушыла настольную лямпу, каб лепей разгледзець пастаяльца, — падняўся, стукаючы краем карціны па ўсходах, на другі паверх, прамінуў дзвюх уражаных цётак, відаць, дзяжурных па паверху, і, дастаючы ключ, пачуў злавесны шэпт: