— Да нашых дзевак цягаўся, вось і натаўклі.
Не распранаючыся, абрынуўся на ложак, заплюшчыў вочы і паплыў на хвалях страшэннай стомы. Цела стала хваравіта-лёгкім, думкі выпетрыліся з галавы і на бяскроўных, злёгку пасінелых вуснах адбілася кволая ўсмешка. Хвалі гойдалі бязважкае цела, і аднекуль здалёк даляталі перарывісты трактарны рокат, здушаныя мужчынскія мацюгі, вісклівы, дарэшты прыглушаны лямант Мілы Сяргееўны і зацятае бубненне Тані Акачонак: «У нашым вучылішчы… у нашым вучылішчы… у нашым вучылішчы…» Неўзабаве ўсе гукі сціхлі, Іван расплюшчыў вочы і зірнуў на гадзіннік. Стрэлкі «камандзірскіх» паказвалі палову на дзявятую. А дзявятай у яго была замоўлена размова з Аўдошкам, і ўсведамленне таго, што можна цэлых паўгадзіны ляжаць, ізноў зрабіла цела бязважкім і напоўніла слых бязладнымі гукамі.
Праз паўгадзіны ён падняўся на ногі, скінуў брудны плашч і мокрыя нагавіцы, надзеў спартовыя штаны і тоўсты швэдар, потым, падумаўшы, прыхапіў пісьменніцкі рукапіс і выйшаў у калідор.
Наўкол было ціха, і толькі ў нумары насупраць з той жа натугай, што і раніцай, гула электрабрытва і хтосьці напаўголаса спяваў цыганскія рамансы.
— Гэта вы Менск замаўлялі? — адміністратарка зірнула з свайго паўкруглага акенца сурова і недаверліва.
— Я-а, — прастагнаў Іван, і па целе ягоным прабеглі лёгкія дрыжыкі. — Калі дадуць — не ведаеце?
— Цягам гадзіны, — быў адказ, і Іван плюхнуўся ў фатэль.
Гэтым разам, зморана пазяхнуўшы, ён узяўся чытаць з сярэдзіны, і друкаваныя радкі мітусліва заварушыліся ўваччу.
«Дарога ішла ўздоўж лесу і расіста свяцілася ў прыцемку, — прачытаў Іван і роспачна, да хрусту ў пашчэнках, пазяхнуў. — Далёка на захадзе дагаралі рэшткі зараніцы, і там, на тле загуслай чырвані, цёмнымі ценямі мільгалі начныя птушкі.
Таго вечару ў вёсцы Заазер’е ладзілі камсамольскі сход. Леанід Брэжнеў мусіў на ім выступіць з лекцыяй. Пасля лекцыі вясковая моладзь доўга не адпускала яго з трыбуны, пыталася, ці хутка ў Заазер’і арганізуюць калгас, прасілі дапамагчы абсталяваць хату-чытальню, наладзіць выпуск насценгазеты. Сход зацягнуўся, і дахаты давялося ісці ў цемры.
Заазерская моладзь прапаноўвала застацца начаваць: хадзіць міма Кувечанскага лесу было небяспечна — там днямі бачылі банду Хведзькі Рванага. Аднак Леанід падхапіў на плячо каморніцкі сажань, развітаўся з заазерцамі і рушыў у дарогу.
Ён глядзеў на гулкі лясны краявід і міжволі згадваў дняпроўскае прыволле. Сэрца шчымела ад тугі па родным краі, і Леанід, паскорыўшы крок, ціха прашаптаў: “Не расслабляцца!” І з пачуццём хмельнай палёгкі падумаў, што і гэтыя лясныя прасторы — яны таксама родныя, як і ўся Савецкая краіна.
Ад цёмных кустоў аддзяліліся змрочныя цені, нерухома паўсталі на дарозе.
“Кулакі!” — мільганула трывожная думка, і пальцы да сінечы ў пазногцях сціснулі сажань», — у гэты месцы радкі канчаткова расплыліся, і Міла Сяргееўна ціха паманіла яго да сябе лебядзінымі рукамі.
Бразнуў тэлефон, Іван здрыгануўся, выпусціў з рук тэчку, і старонкі аповесці з ціхім шумам зляцелі на падлогу.
Пакуль збіраў гісторыка-дакументальную аповесць да кучы, адміністратарка, гукнуўшы ў слухаўку: «Месцаў няма, толькі па броні!» — вытыркнула нос з паўкруглага акенца.
— Вунь яшчэ адна, — гукнула кабета, і Іван выцягнуў з-пад суседняга, парэзанага лязом фатэля згубленую старонку.
Змораныя вочы паспелі выхапіць толькі адну фразу: «Не пазнаеш?! — страшным голасам выдыхнуў Хведзька Рваны», — і цішыню ізноў разарвалі натужна-нецярплівыя званкі. Ён кінуўся да акенца, і ўсхваляваная адміністратарка спехам перадала яму слухаўку.
Напачатку ў слухаўцы штосьці гуло і рыпела, потым застагнала, і нарэшце пачулася прыемнае сапрана:
— Ало-уу…
— А Леў Мітрафанавіч дома? — запытаўся Іван, і ўладальніца сапрана незадаволена выдыхнула:
— З’ехаў у камандзіроўку.
— Як з’ехаў? — уразіўся Іван.
— А вось так — узяў ды з’ехаў, — яшчэ з большай незадаволенасцю адказала кабета і каротка выпаліла: — Што перадаць?
— Скажыце: званілі з Талачына, прасілі тэрмінова прыслаць падмогу.
Слухаўка азвалася панылымі гудкамі, і з кожным новым гудком галава Іванава хілілася долу. Напярэдадні ад’езду Аўдошка загадаў званіць вечарамі на ягоны хатні тэлефон, цяпер жа званіць не было куды, ён застаўся сам-насам са сваімі праблемамі, і вусны ягоныя ледзь чутна, з працяглай паўзай паміж словамі, прашапталі: