— Больш не магу… заўтра… з’еду.
Хваравітыя дрыжыкі праймалі да костак. Ён выкуліўся з гасцініцы, спытаў нейкага алкаша, дзе знаходзіцца рэстаран, дробным трухам пабег па цёмнай вуліцы. Пляшку гарэлкі на вынас узяў без праблем, а калі вяртаўся назад, пачуў шаргатлівыя крокі за спінай. А яшчэ за спінай нехта задыхана выгукнуў:
— Ён!
Іван схаладнеў. «Кулакі!» — мільганула трывожная думка і пальцы да сінечы ў пазногцях сціснулі пляшку. «Кулакі? Якія кулакі?.. яны ж зліквідаваныя як клас», — Іван азірнуўся. Дзве змрочныя постаці імкліва рухаліся следам.
Ён уляцеў у гасцініцу, узбег, пераскокваючы праз дзве прыступкі, на другі паверх і замёр ля свайго нумара. Унізе бразнулі дзверы, стрымана загаманілі, але наверх не пайшлі: адчынілі, бразгаючы ключамі, адзін з нумароў на першым паверсе.
«Можа, гэта Бацькавы памагатыя?» — Іван пастаяў яшчэ троху, потым, па-кацінаму асцярожна, стаў спускацца па лесвіцы — хацеў запытаць адміністратарку, ці ёсць сярод пастаяльцаў масквічы, — але перадумаў і пайшоў у свой нумар.
… Тае ночы яму снілася Нінэль. Нінэль была ў празрыстай начной кашулі, праз якую прабіваліся чорны трохкутнік, цёмны пупок ды ружовыя смочкі грудзей. Дзяўчына штосьці казала, але голас гучаў як бы здалёк і ён не мог разабраць аніводнага слова. А калі прыслухаўся, дык да вушэй даляцела фраза «У нашым вучылішчы» і роспачныя крыкі Мілы Сяргееўны.
На раніцу страшэнна балела галава. З вохканнем ён абхапіў балесную галаву рукамі, і дрыжачыя пальцы намацалі два свярблівыя гузакі — адзін на макаўцы, другі на патыліцы.
«Няўжо цэлую пляшку агораў?» — войкнуў Іван, зірнуўшы спачатку на пустую пляшку, што стаяла на тумбачцы, а потым на брудны плашч, які ляжаў на падлозе.
Пачалі вяртацца нейкія думкі, пачалі будавацца нейкія планы, і Іван, памацаўшы пабітую макаўку, вырашыў зараз жа пайсці ў хімчыстку, каб адшараваць завэдзганы плашч.
Праз пятнаццаць хвілін ён ужо цёпкаўся па вуліцы ў пошуках хімчысткі, а дайшоўшы да шклянога павільёна, аблізнуў сасмяглыя вусны.
Хаця чарга была невялічкай — чалавек пяць, не болей, — стаяць давялося доўга. Праз галаву ўвесь час перадавалі пустыя кухлі, сіпла гукалі:
— Паўтарыць! — а аднойчы нават лінулі за каршэнь піўныя рэшткі. Нарэшце ён узяў два пенныя кухлі, угледзеў у дальнім куце вольную мясціну і стаў прабівацца туды, на хаду глытаючы гаючае пітво.
Прыемная цеплыня разлілася па целе; Іван, перавёўшы дыханне, узяўся за другі кухаль і тут толькі заўважыў падпітага бамбізу, які сядзеў насупраць і глядзеў на яго ўчэпіста-ваўкаватым позіркам.
— Не пазнаеш? — сіпата выдыхнуў бамбіза.
Іван выцер пену з вуснаў, адвёў вочы, і сусед ужо зусім страшна прамовіў:
— У вочы глядзець… у в-вочы…
Іван падхапіў скручаны плашч, хацеў быў пайсці, ды рука патрапіла ў жалезныя абцугі.
— Сядзе-эць, бл-ля-а…
«Божухна, і на якую халеру я сюды прыцёгся?» — Іван паспрабаваў вызваліць руку.
— Сядзе-эць, — паўтарыў заўсёднік піўнушкі, да хрусту ў суставах сціснуўшы Іванавы пальцы.
Праз паўгадзіны, адкупіўшыся ад п’янага бамбізы трыма кухлямі піва, Іван выкуліўся на свежае паветра, пабег, забыўшыся на ўсё, па гразкай вуліцы і ўжо ля самай гасцініцы згадаў, што пакінуў у піўнушцы свой плашч. Назад, аднак, вяртацца не выпадала. Ды і наогул — той хвіляй ён гатовы быў бегчы з гэтага страшнага горада не тое што без плашча, але і без штаноў.
— Усё! З мяне хопіць! — задыхана прашаптаў Іван, уляцеў у свой нумар і застыў, аслупянелы.
На ягоным ложку сядзеў Мішка Гармозін і з павольнай руплівасцю рэзаў сцізорыкам лімон.
— Міша! — жаласліва прастагнаў Іван, змахнуўшы рукавом няпрошаную слязіну.
Мішка глянуў на Івана так, як глядзяць псіхіятры на сваіх пацыентаў.
— Штосьці ты не па сезону апранены. Цябе што — білі?
Іван плюхнуўся на ложак, абхапіў рукамі галаву.
— Адкупіўся… трыма кухлямі.
Гармозін схапіўся за пляшку:
— Давай па адной. Потым раскажаш.
«Белавежская горкая» лягла на збружэлае піва, і Іван адразу ж захмялеў. Кінуўшы на зуб скрылёк цытрыны — іншай закускі не было, — ён змучана ўздыхнуў і са здзіўленнем адзначыў, што Мішкавы пальцы дробна дрыжаць, а вочы ліхаманкава бліскаюць. Гармозін, які, здаецца, ніколі ў жыцці не хваляваўся, нервова прыпаліў цыгарэту, тут жа яе прыдушыў і зноўку схапіўся за пляшку.
Ад выпітага ў Івана зазвінела ўвушшу, і сярод гэтага звону прагучаў зрывісты Мішкавы голас:
— Ну, распавядай — як ты тут…
Мутнае вока зачапілася за нешта пагрозліва-ільснянае, і Іван здрыгануўся.