У нумар рашучай ступой увайшлі два фацэты ў доўгіх скураных палітонах. Адзін, бугаісты, стаў ля дзвярэй, другі, шчуплы і нізенькі, усутыч падышоў да Мішкі.
— Ну што, хлопчыкі… і сапраўды, распавядзіце — як вы тут… Хто вас сюды прыслаў? І наогул — чаму п’яце сярод белага дня?
Мішка запытальна зірнуў на Івана, і той перасмыкнуў плячыма.
— Цябе кепска выхоўвалі, — прамовіў Гармозін, зірнуўшы спадылба на госця, — стукацца трэба, як у чужую хату ўваходзіш.
Знянацку Мішка, прыхапіўшыся з ложка, заехаў госцю ў ніжнюю сківіцу, потым баднуў у грудзіну, і той з цяжкім грукатам абрынуўся на падлогу.
Усё надарылася так хутка, што Іван нават не паспеў перапудзіцца…
Бугай, які дагэтуль стаяў ля дзвярэй, прафесійным ударам злева прывёў Мішку ў стан грогі. Мішка хіснуўся, грымнуўся на ложак і быў накрыты карцінай, якая звалілася са сцяны. Гэта яго і ўратавала: пакуль Бугай разглядаў маладога Брэжнева, Гармозін імклівым рухам уздзеў карціну на Бугаёву галаву, а потым, наваліўшыся на сценку, заехаў крыўдзялю нагой між вачэй, ды так, што карціна крутнулася вакол Бугаёвай шыі — спачатку ў адзін, а потым у другі бок. Затым Мішка, ужо двума нагамі, адкінуў Бугая ад сябе, і небарака, разламаўшы багет, вылецеў у дзвярную пройму.
Іван увесь схаладнеў: «Божухна, што цяпер будзе?»
Няпрошаныя госці затупалі па калідоры, а Мішка, прыціснуўшы далонь да налітага крывёю вока, засоплена крахтануў:
— Тэлефон тут ёсць?
Наступнай хвіляй яны таксама пабеглі па калідоры, і ногі Іванавы пры гэтым не гнуліся ў каленях.
На доле, ля акенца адміністратаркі, стаяў, ліхаманкава накручваючы тэлефонны дыск, адзін з гасцей — той самы, што атрымаў у сківіцу. Ягоны сябрук, на шыі якога бруднай манішкай матляліся рэшткі карціны, стаяў поруч, выціраючы насоўкай густую юху.
— Ах вы, с-сукі! — не сваім голасам загарлаў Мішка Гармозін, ляснуў кулаком аб далонь, і госці, піхаючы адзін аднаго, выкуліліся з гасцініцы.
Слухаўка матлялася на шнуры, з перарывістым трэскам зумкала: «Ало. Дзяжурны слухае».
— Ало! Міліцыя?! Тэрмінова пад’язджайце! — гукнуў Мішка, падхапіўшы слухаўку. — Так, у гасцініцу. Здзейснены тэрарыстычны напад на адказных работнікаў цэка камсамола, — Мішка крахтануў, пачухаў слухаўкай пабітую сківіцу і ўжо вясёлым голасам параіў адміністратарцы, якая сядзела са страху пад сталом, пакінуць сховішча.
— Чувакі нетутэйшыя, — узбуджана канстатаваў Гармозін, калі яны вярнуліся ў нумар.
— Бацькавы памагатыя, — дрогкім голасам азваўся Іван, закрыў твар рукамі і, па прыкладу вядомага кінагероя Казладоева, з роспаччу ў голасе дадаў: — Усё скончана!
— Э-э, браце, усё толькі пачынаецца. — Мішка сеў на ложак, укінуў у рот цыгарэту. — Ну, выганяць нас з гэтай канторы, дык хоць нейкай справай зоймемся.
Іван змаўчаў: пляснуўся поруч, пацёр знямелыя скроні. Хвілін пяць сядзелі моўчкі, і толькі калі ўнізе бразнулі дзверы, Іван ачнуўся і запытаў:
— Як там Нінэль?
— З’ехала ўчора.
— Куды?!
— У Крым. З Аўдошкам.
Іван адчуў раптам душэўную палёгку. Сэрца ягонае парывіста забілася, і ўваччу, зусім нечакана, паўстала Міла Сяргееўна. Жанчына ляжала на леапардавай шкуры, лашчыла мяцёлкай леапардавага хваста мочкі грудзей і клікала, клікала ў свае абдоймы.
Забойца анёла
У хаце, куды я ўладкаваўся на пастой, спяваў цвыркун, ціха рыпелі сцены і гучна, з хваравітым надрывам, кашляў гаспадар. Хата была вялікая, стаяла на высокім падмурку, і з вокнаў былі бачныя руіны царквы, лапікі руні на пагорках і шыхт згалелых таполяў на волжскім беразе…
Я напісаў гэтыя два сказы з неадчэпнай думкай: ці не перанесці дзею на родныя гоні? Бо што, уласна, зменіцца? Тая ж хата будзе ціха рыпець па начах, у цёмным запеччы будзе спяваць такі ж самы цвыркун, а на самой печы зойдзецца ад кашлю які-небудзь Ахрэм ці Базыль. Адно берагі будуць ужо не волжскія, а дняпроўскія, і на рачных берагах паўстануць не пірамідальныя таполі, а белабокія бярозкі. Палец ужо крануўся клавішы delete, каб сцерці набраны тэкст, ды тут жа адскочыў, падуладны ліхаманкавай думцы пра тое, што на дняпроўскіх берагах зроду не забівалі анёлаў.
У сакавіку 1988 года лёс закінуў мяне на Ніжнюю Волгу, у вялікую, на пяцьсот двароў, вёску Сіняглазку. У тых мясцінах, па глеістым волжскім дне, мусіла пралегчы нітка нафтаправода; я мусіў сачыць за тэхналогіяй зваркі труб, але будаўнікі часова з’ехалі на другі аб’ект і давялося цэлы тыдзень гультаяваць, блукаючы па рачных берагах, азіраючы руіны аграмаднай царквы, што грувасціліся пасярод Сіняглазкі, і штовечара чытаць мясцовую газетку «Комсомолец Каспия», якую выпісвалі гаспадары, у якіх кватараваў.