Выбрать главу

…«Я б на тваім месцы набыў ладны спінінг. Якраз лешч пайшоў», — казаў мне на развітанне напарнік — хударлявы дзядзька з татарскім прозвішчам Зіганшын, які дагэтуль кантраляваў якасць трубнай зваркі, а цяпер ехаў на адпачынак у родную Самару. Напарнік паклаў у бяздонны заплечнік пару балыкоў, вязанку сухарэбрыцы, спавіты ручніком трохлітровы слоік паюснай ікры: «Як трэба будзе ікра, звяртайся да чачэнцаў. Жывуць ля царквы, — ускінуў заплечнік на спіну і здушана прамовіў: — Толькі б да аўтобуса дацягнуць».

Хата стаяла на выселках, і да аўтобуса трэба было тупаць два кіламетры. Палову дарогі ішлі моўчкі — калега адно крэкаў ды тузаў напятыя лямкі, мне таксама было не да размоваў, бо руку адрывала цяжкая валіза, і толькі калі мы спыніліся, каб перавесці дух, Зіганшын зморана выдыхнуў: «Жыць тут можна… адно што хата далёка ад вёскі, ды гаспадар… таго… — палец напарніка крутнуўся ля скроні. — Блукае цэлымі днямі па двары, ні з кім не размаўляе».

Жыць у адной хаце з вар’ятам не надта хацелася, і я заклапочана пацёр навярэджаныя далоні.

«Ты не хвалюйся. Ён, Іван, ціхі: курыцы не пакрыўдзіць, — Зіганшын палез у кішэнь па цыгарэты, ды згадаўшы, што паліць няма калі — аўтобус праз дваццаць хвілін адыходзіў, — падхапіў заплечнік. — Кажуць, нармальны быў мужык: піў, на гармоніку граў. А гадоў пяць таму анёла падстрэліў».

«Як гэта?» — уразіўся я, намацваючы ручку валізы.

«Ну як… стрэліў у баклана, а з неба анёл зваліўся», — хмык­нуў Зіганшын, зірнуў на гадзіннік і патупаў, па-птушынаму ківаючы лысаватай галавою.

Аўтобус знік за паваротам, пакінуўшы па сабе гнятлівую цішыню і адбіткі колаў на тупкім жвіры. На душы стала непамысна, і я, не ведаючы, куды сябе падзець, два разы абышоў разбітую царкву, зірнуў пад знявечаныя скляпенні і, убачыўшы выяву Васіля Вялікага, траха не перахрысціўся: святы глядзеў на мяне з суровай пагардай, палічыўшы, відаць, што я забег у храм справіць малую патрэбу.

Да спісанай мацюгамі сцяны былі прыстаўленыя драбіны. Драбіны былі хісткія, небяспечна зыбаліся, і, пакуль па іх уздымаўся, ногі злёгку занямелі і сцяліся ад халодных дрыжыкаў. Па вышчарбленым уступе давялося сунуцца на карачках, а дапяўшы да цёмнага атвора, за якім пачыналіся вітыя ўсходы, я аддыхаўся і пашкадаваў, што палез на верхатуру.

Усходы заканчваліся невялічкай, спрэс заседжанай галубамі пляцоўкай, і першае, што ўбачыў, ступіўшы на рыплівы памёт, быў той самы чырвоны аўтобус. За хвілю рухавая кропка знікла з відавоку, і я з раўнівым сумам падумаў, што чырвоны мураш вернецца толькі праз месяц: гэтак жа павольна прапаўзе па стэпе і, ператварыўшыся ў рэйсавы аўтобус, страсяне на заднім сядзенні распаўнелага і пасвяжэлага пасля адпачынку Зіганшына.

Дзень быў пахмурным, краявід — урачыстым і простым, і чарада таполяў, што пазначала волжскі бераг, падзяляла сіратліва-насупленае неба і шэрую, нядаўна вызваленую ад снегу зямлю. Позірк слізгануў па хвалістым, падобным да дыяграмы павольнага дыхання, паску, за якім плыла матухна-Волга, і дзесьці над галавой незадаволена забуркавалі галубы. Я не ведаў птушынай мовы, але да сэнсу буркацення дапяў: галубы былі незадаволеныя тым, што я цэлы дзень блукаў па волжскіх берагах, а самой ракі так і не бачыў.

У стэпе відаць далёка, і далягляд здаецца блізкім, як дастаць рукою. Волжскі бераг таксама падаўся блізкім, але ішоў я да яго цэлую гадзіну, сюд-туд азіраючыся на бязвокую царкву, і радаваўся ёй, як старой сяброўцы, сустрэтай у далёкай і чужой краіне. Напачатку мясцовасць была пляскатай, як патэльня, потым пачалася шырокая лагчына, на дне якой ляжаў клін бруднавата-шэрага снегу, а калі я выбраўся з лаг­чыны і зірнуў наперад, дык не ўбачыў прырэчных таполяў. Перад вачыма распасціраўся неабсяжны стэп, і лінія небакраю была як ніколі высокай і раўнюткай. Шыхт шэраствольных, зачасаных угору таполяў знік у вечаровым сутонні, а разам з таполямі прыхавалася ад вачэй і вялікая расейская рака. Я прайшоў яшчэ пару сотняў метраў, пастаяў у непаразуменні, з трывогай назіраючы, як марнее дзённае святло, як цямнее і расплываецца відарыс царквы, і няпэўным крокам рушыў у адваротным напрамку. Пакуль ішоў лагчынаю, стала зусім цёмна, і я з вясёлым адчаем падумаў, што і Сіняглазка можа знікнуць, як зніклі прыбярэжныя таполі. Давялося паскорыць крок, потым кінуцца подбежкам і перавесці дых, пабачыўшы гронку мігатлівых агнёў на даляглядзе.

Цемра насунулася знянацку; яна пужала і адначас вабіла нейкай сваёй загадкавасцю. Мне чуліся далёкія крокі. Здавалася, нехта ішоў за мною, ступаючы след у след, і калі я спыняўся і наструньваў слых, да вушэй далятаў тупат ботаў і здушаны кашаль. Дзесьці я ўжо чуў гэткі кашаль, чуў грукат цяжкіх ботаў… Мне нават здалося, што ззаду ідзе гаспадар хаты! Здагадка халодным ледзяком кранулася душы, але тут жа растала, і я, працягла ўздыхнуўшы, падзівіўся сваім дзіцячым страхам.