Зрэшты, перапужацца было з чаго: незнаёмая мясціна, апраметная цемра… забіты анёл на балоце… Зіганшын распавёў пра анёла з вясёлым смяшком, маўляў, чаго не прытрызніцца па п’янцы. Але мяне той аповед уразіў. Уваччу нават паўстала карціна: балотная купіна, чалавек з дубальтоўкай і ля ягоных ног скрываўлены анёл — ляжыць, глядзіць на чалавека нежывымі вачыма. Карціна атрымалася такой яскравай, што давялося страсянуць галавой і — чаго раней ніколі не рабіў — перахрысціцца.
Я доўга блукаў у цемры. Мігатлівыя агні, на якія арыентаваўся, прывялі да нейкай фермы. На мяне накінулася вялізная псіна, якая сіпла брахала і намагалася куснуць за пятку. І, відаць, куснула б, калі б яе — кароткім мацюгом — не паклікалі з нутра прысадзістай, прапахлай выпетраным гноем будыніны. Псіна, падкурчыўшы хвост, пабегла на ферму, а я рушыў у супрацьлеглы бок, наіўна маракуючы, што менавіта туды і трэба ісці, а калі выйшаў на пагорак, убачыў за спінай новыя агні, і абуджаныя навакольныя сабакі віталі мяне залівістым брэхам.
Перад тым як пастукаць у дзверы, пацёр далонню тое месца, дзе білася знясіленае сэрца.
Адчыніў мне гаспадар — сівагаловы, сярэдняга веку чалавек: ён ліхаманкава бліснуў вачыма і засоплена, як пасля доўгай беганіны, адкашляўся.
«А раптам і сапраўды бег за мною? І ўляцеў у хату перад маім прыходам?» — я праслізнуў у пройму прачыненых дзвярэй, забег у свой пакой і, скінуўшы вопратку, падбіўся пад коўдру. Цела гуло ад стомы, павекі гарэлі ад недасыпу, але я баяўся іх звесці — неадрыўна ўзіраўся ў цёмныя вокны і слухаў, як рыпаюць масніцы, як роспачна, з глухім прыдыханнем кашляе гаспадар і дзесьці ў запеччы, як ніколі бадзёра і гучна, спявае цвыркун. Потым усё аціхла, вушы заклала пухнатай ватай; на кароткае імгненне я прачнуўся, бо здалося, што нехта — злавесны і няўклюдны — схіліўся над маім ложкам, і тут жа зноў абрынуў у сон, і ў сне, страшэнна стомлены, я ішоў голым стэпам і на даляглядзе дрыжэла і расплывалася ўваччу сцяна згалелых таполяў.
Абудзілі мяне зыркае святло і пранізлівы птушыны галас. Раніца выдарылася сонечная, і пад вокнамі, у разлеглай і плыткай лужыне, з шалёным імпэтам мыліся вераб’і. Я спехам апрануўся, падагрэў на пакінутай Зіганшыным электраплітцы бляшанку свіной тушонкі, паснедаў і выйшаў на падворак.
— Ці не заблудзілі вы ўчора? — гаспадыня хаты, цемнатварая, злёгку прыгорбленая жанчына, узрост якой цяжка было вызначыць, мыла пасярод двара пакарабачаныя начоўкі.
— Было крыху, — я прымружыўся ад сонечнай зыркоты, — цямнее тут хутка… і цемра егіпецкая.
— Цямнее ў нас, як у кінатэатры. Не паспееш азірнуцца — ужо ноч на двары, — жанчына шухнула ваду пад плот. — Летась да сястры ездзіла, у Архангельскую вобласць, дык там, паверце, і ночы няма: светла, як днём. Я там і спаць не магла…
Гаспадыня, відаць, была з гаваркіх; мне ж балакаць не выпадала — трэба было прайсціся ўчарашняй дарогай і паглядзець, куды падзеўся волжскі бераг, — таму, буркнуўшы штосьці дзеля прыліку, я скочыў з ганка, прайшоўся ўздоўж плота і быў спынены кароткім воклікам:
— Федзя з’ехаў?
Ля весніц суседняй хаты сядзеў на кукішках мужчына майго веку і поркаўся ў матацыкле.
— З’ехаў, — паведаміў я, палічыўшы, што гаворка ідзе пра Зіганшына, прыпыніў крок, і мужчына, падхапіўшыся на ногі, запытальна ўзняў падбародак:
— У пасёлак ідзеш?
Я кіўнуў у адказ.
— Сядай, пракоцімся з ветрыкам, — мовіў аднагодак, рупліва выцершы вяхоткай перапэцканыя далоні.
Стары К-750 — на такіх матацыклах калісьці ездзілі даішнікі — здрыгануўся жалезным нутром, сарваўся з месца, пайшоў на пад’ём, прарэзаўшы коламі схіл пяшчанага пагорка.
— Рыбалкай цікавішся? — запытаўся, не паварочваючы галавы, мужчына, а калі я гукнуў яму на вуха:
— Не-а! — паддаў газу і з робленым абурэннем крыкнуў насустрач ветру:
— Што ж ты за мужык такі?!
Учора, калі глядзеў з царкоўнай верхатуры, рачны бераг падаўся блізкім, а сёння ён адсунуўся да небакраю і прывідна калыхаўся ў працятай сонцам смузе.
— Ці далёка да ракі? — крыкнуў я, не пачуўшы ўласнага голасу.
— Пяць з паловай кэмэ, — крутнуў галавой матацыкліст і з вясёлым адчаем дадаў: — Мяне Мікалаем клічуць.
Даўшы кругаля на невялічкім пляцы, Мікалай спыніўся матацыкл ля мясцовай крамы і заглушыў матор.