Выбрать главу

— У краме нічога няма. Можна ўзяць толькі ў чачэнцаў: сем рублёў бутэлька.

Піць не хацелася, дый здароўя не было: апошнім часам даймала пякотка, але мусіў лезці ў кішэнь і адлічыць рубель і два трульнікі.

Назад ляцелі як на крылах. На паваротах кола вазка адрывалася ад зямлі, матацыкл матляла ўбокі, і я ляпаў Мікалая па спіне, каб той скінуў хуткасць.

— Даедзем, — адзываўся Мікалай; на адным з паваротаў ён скінуў газ і тыцнуў мяне локцем: — Ты Волгу хоць бачыў?

Волгі я не бачыў, і мой новы знаёмца рашучым рухам крутнуў руль управа. Ехалі ледзь прыкметнай сцяжынай, потым узбіліся на праселіцу, і я, уважліва пазіраючы наперад, крыкнуў:

— Чаму жывяце так далёка ад берага?

— Залівае. Пяць гадоў таму нават дамбу знесла, — Мікалай кіўнуў галавой, паказваючы наперад, і я прымружыў вочы.

Там, наперадзе, прарэзаўшы стэп раўнюткім ценем, уздымалася пакатая дамба. Учора на змярканні дамба злілася з наваколлем, прыхавала ад вачэй бераг, перакрывіла свет, а сёння лагодзіла позірк маладою травою і казытала сэрца лёгкім сорамам: было няёмка за свае ўчарашнія страхі.

Матацыкл нырцануў у прахон, які быў прарыты ў дамбе, праехаўся па абалоні, і ў прасвеце між дрэвамі зырка бліснула рачное люстра.

Вада стаяла ля самых таполевых карэнняў, здавалася нерухомай, і дзіўна было назіраць, як імкліва, што той пенапласт па ручаіне, плыў па рацэ рыхлы лёд. Дзесьці зусім побач загарлаў певень — раз, потым другі. Я нават азірнуўся, выглядаючы пяюна, і Мікалай, спрытным рухам адкаркаваўшы пляшку, прамармытаў:

— Гэта на тым беразе.

Да супрацьлеглага берага было добрых два кіламетры.

— Там месца высокае, жывуць ля самай вады, — прысеўшы на стаўбур паваленага дрэва, Мікалай з гэткім жа спрытам адкрываў сцізорыкам бляшанку бычкоў у тамаце. — На тым баку колісь Сарай-Бату стаяў, сталіца Залатой Арды. Чуў пра такі горад?

Я наставіў далонь да брывоў, намагаючыся захаваць у памяці тое месца, дзе была сталіца Залатой Арды, а тым часам за спінаю керханулі і з нецярплівым натхненнем выдыхнулі:

— Ну, давай, за знаёмства…

Пластмасавая пасудзіна з-пад смятаны была амаль поўная. Я зрабіў пару ашчадных глыткоў, вярнуў пасудзіну Мікалаю, і той, падліўшы гарэлкі, варухнуў кадыком. Піў ён паволі, звёўшы вочы да пераносся, а дапіўшы, размашыста махнуў рукою, збіваючы з пасудзіны апошнія кроплі, і кіўнуў у бок матацыкла.

— Колькі я ў ім поркаўся — доўга распавядаць, — бяседнік падчапіў на хлеб пратамачаны бычок, драпежна заварушыў сківіцамі. — З міліцыі спісаны. Мянты ў слуп урэзаліся, пярэднюю вілку пагнулі, таму і спісалі. Я па тую вілку аж у Ахтубінск матляўся. Выпрасіў у аднаго пенсіянера. Затое цяпер гойсаю як мае быць. Звер-машына! Па нашых пясках ні на «Іжы», ні на «Яве» не праедзеш: мігам матор нагрэецца.

Мікалай працягнуў мне пачак цыгарэт, я страсянуў чупрынаю і, у сваю чаргу, запытаўся:

— А што… чалавек, у якога жыву… з ім нейкая гісторыя надарылася?

Бяседнік прыпаліў цыгарэту, з глухім посвістам выпусціў дым. Хвіліну ён сядзеў нерухома, потым схапіў бутэльку, дрыжачай рукой напоўніў пасудзіну.

— Мы з ім тады разам паехалі. Ружжы ўзялі, сабаку ў вазок пасадзілі — добрая была псіна… акалела летась, — і на ільмені махнулі. Кожнай восені туды ездзілі, гусей стралялі. Гусей там, скажу табе… — суразмоўнік уздыхнуў, выпіў гарэлку, з каменным тварам глянуў на неба. — У мяне на ільменях швагер жыве — участковым працуе: ён мне, дарэчы, і матацыкл узычыў… Ну, прыехалі, узялі па чарцы. Іван, праўда, не піў. Штосьці на яго найшло — выправіўся проці ночы на азярыну. «Пайду, кажа, пагляджу — ці ёсць што страляць». Ну, выправіўся ён, а мы з шваграм яшчэ пляшку расціснулі, ды адразу ж спаць леглі, каб на золку падняцца. І вось чую сярод сну — поркаецца нехта на падворку. Падняўся, адчыніў дзверы і аслупянеў: стаіць Іван — збялелы, расхлістаны, без ружжа; плямкае ротам і нічога сказаць ня можа. «Што такое?! — кажу, — што здарылася?!» Стаіць, пальцам на неба паказвае, а на левай назе балотніка няма — згубіў недзе. Тут і швагер прачнуўся. Уцягнулі небараку ў хату, улілі ў глотку чарку самагонкі, потым яшчэ адну, а яго і хмель не бярэ — лупіць вочы, штосьці сказаць хоча.

Як толькі развіднела, клікнуў Азора, пайшлі на бліжэйшы ільмень — ружжо з балотнікам шукаць. Сабака адразу след узяў, наперад кінуўся. Я за ім: бягу, а ногі кісельныя. А раптам, думаю, на якую халеру ўзаб’юся дый сам ачмурэю. Тут Азор заліўся брэхам. Я — да яго… Бачу, на суку «тулка» вісіць ды поруч балотнік валяецца. Пахадзіў наўкол, паглядзеў. Нічога такога. Качыны пух расцярушаны, сям-там трава прыбітая… — суразмоўнік уздыхнуў, ізноў падхапіў бутэльку. — Адвезлі ў дурку. Два месяцы адкачвалі, ды так і не адкачалі. Блукае па двары, не пазнае нікога…