Выбрать главу

— Ну а размаўляе хоць?

— Аляўціне, жонцы, пару словаў скажа за месяц — і то добра.

Кульнуўшы чарку, я падышоў да ракі. Сонца вісела над зарэчнай вёскай і сваёй гарачай зыркасцю адбірала вочы. Уваччу плылі чорныя пачучкі, і, каб іх пазбыцца, давялося змежыць павекі і прыслухацца да навакольных зыкаў: плёскату вады, жаўруковага спеву і п’янаватага Міколавага мармытання.

— Глюкі — страшная рэч. Мне вось аднойчы таксама… штосьці такое прымроілася. Піў па-чорнаму… ну і ўбачыў… чорта на падвоканні. Сядзіць, паскуда, і хвастом варушыць… — за спінаю пачуліся прагныя глыкі і задаволеная керханіна, — шпурнуў у яго прасам… Высадзіў шыбу разам з рамаю. Маці — яшчэ жывая была — да шаптухі вадзіла, замоўленай вадой пырскала…

Затрашчала галлё, і Мікалай, падляцеўшы да вады, з усяе сілы шпурнуў у ваду пустую пляшку; дзве кагаркі слізганулі па вадзе, выглядаючы — што гэта звалілася ў матухну-Волгу, — і незадаволена загарлалі хрыпатымі галасамі.

Уначы я доўга не мог заснуць; круціўся з боку на бок, спрабаваў лічыць да тысячы, нарэшце ўкінуў у рот валідоліну і стаў паволі заглыбляцца ў нешта замарачнае, тужлівае і яшчэ больш глыбокае, чым сон. І ўжо на самым дне соннай замарачы пачуліся мне невыразныя зыкі; яны мацнелі, рабіліся больш выразнымі, я паспрабаваў прачнуцца, але не мог раздзерці цяжкіх павекаў; душа памкнулася насустрач зыкам, і ў вочы мне зірнулі шарыя перадсвітальныя вокны.

За сценкай здушана ўсхліпвалі.

— Я забіў яго, — знявечаны плачам голас абарваўся, пачуўся ляскат босых ног, і Аляўціна, уздыхнуўшы, прамовіла:

— На, выпі вадзіцы.

Потым яшчэ добрую гадзіну Аляўціна сунімала мужа, казала, што анёл жывы і па-ранейшаму лётае над ільменем, пырскала ў мужаў твар вадою, спявала калыханку, а я ляжаў, закінуўшы рукі за патыліцу, глядзеў у світальныя вокны і прагнуў, як той анёл, зляцець куды-небудзь ад гэтай бязмежнай чалавечай тугі.

Раніцай Аляўціна запрасіла на гарбату. Напачатку я адмовіўся, а потым, прыхапіўшы пару бляшанак тушонкі — на той час дэфіцытнага далікатэсу, — падаўся на кухню. Дэфіцыт зрабіў гаспадыню лагоднай. Яна адставіла ўбок шклянку гарбаты, наліла ў гліняную місу гарачай капусты.

Напачатку сядзелі ўтрох. Гаспадар сёрбаў гарбату, раз-пораз выціраючы ручніком упрэлы лабешнік, і нечакана, адсунуўшы недапітую шклянку, падаўся да дзвярэй і ўжо ў прысенку выбухнуў густым і натужлівым кашлем.

— Ешце-ешце… са свежай бараніны, — паведаміла гаспадыня, абдарыўшы мяне ўсмешкай. Жанчына, відаць, хацела яшчэ нешта сказаць, ды не рашалася і, апусціўшы вочы, стала перабіраць пальцамі махры накінутай на плечы хусткі.

— І даўно з ім… гэта здарылася?

— Пяць гадкоў ужо. І ў Астрахані ляжаў, і ў Валгаградзе… І да празорцы яго вазіла. Ёсць тут у нас адна калмычка… за руку бярэ і кажа — калі памрэш і ад чаго. Тая павадзіла па пакоі, зірнула ў вочы і кажа: забіў свой цень, а без ценю жыц­ця не будзе. І нават грошай не ўзяла.

— Ну, а што ён наагул распавядаў? Анёл гэты… з крыламі быў, ці як?

— Казаў, увесь белы, у пакрывала спавіты. І рукі белыя, і твар. А крылаў не было — я сама пыталася. А яшчэ казаў, што анёл — гэта ягоная маці. А маці ж яшчэ ў вайну памерла, з галадухі. Яго, Івана, потым родная цётка гадавала.

Аляўціна наліла мне дабаўкі, перахрысцілася на атвор пашарпанай, сто гадоў не беленай печы і, падхапіўшы рагач, прашаптала:

— Не дай нам Бог забіць свайго анёла.

Праз месяц дажджыстым красавіцкім ранкам я з’язджаў з Сіняглазкі. За мокрай аўтобуснай шыбай мільганула самотная постаць Мікалая, чырвоная ад дажджу царкоўная руіна, на паўсвету разлітая Волга, потым усё знікла, пакінуўшы на душы непазбыўнае пачуццё ці то віны, ці то трывожнай тугі па невядомым. Там, у Сіняглазцы, душу маю кранула тайна чалавечага жыцця, і ці не таму, што я ўвесь час думаў пра гэтую тайну, мой анёл адкрыўся мне. Адкрыўся праз тры гады, на золку красавіцкага дня. Я расплюшчыў вочы і ў прыцемку дзвярной проймы ўбачыў белую постаць. На мяне глядзела штосьці да болю знаёмае і блізкае сэрцу і адначас таямнічае і пагрозлівае. Я адарваў галаву ад падушкі, спрабуючы ўгледзець, хто гэта, ды ў гэтае імгненне постаць памкнулася да акна і знікла ў малінавых промнях. І я зразумеў, што ніколі не бываю на самоце. Што нехта нябачны ўвесь час глядзіць на мяне, бачыць мяне навылёт і задуменна ківае галавою, калі я маню альбо раблю якое паскудства. Уражаны, я доўга ляжаў, аж пакуль ізноў не заснуў і прачнуўся аб адзінаццатай гадзіне — з цяжкой галавой і з салодкай асцою ў правым вусе. І душу, як колісь у Сіняглазцы, апанавала непазбыўнае пачуццё ці то віны, ці то трывожнай тугі па невядомым. Матэрыялістычная свядомасць, як тая аслізлая жаба, варушылася пад дыхніцай, патрабавала нейкіх тлумачэнняў, і я іх хуценька знайшоў: рэшткі сну не выпетрыліся з галавы — вось і прымроілася белая постаць.