Увесь дзень прайшоў вельмі вясёла. Прынц пазнаёміў Разалі з прыдворнымі панямі і сказаў ім, каб яны паважалі Разалі, як яго жонку, якую абрала яму каралева феяў. Разалі была з усімі вельмі прыязная, і прыдворныя радаваліся, што хутка ў іх будзе такая добрая каралева. Назаўтра і ў наступныя дні былі наладжаны шумныя балі, паляванні ды вясёлыя прагулкі, і прынц з Разалі шчасліва чакалі ўжо блізкага Разалінага дня нараджэння, які адначасова павінен быў стаць днём іх вяселля. Прынц чакаў яго таму, што вельмі кахаў Разалі, а Разалі — таму, што вельмі кахала прынца, і таму, што хацела хутчэй зноў пабачыцца з бацькам. Але яшчэ і таму, што ёй дужа карцела даведацца, што ж такое расце ў той альтанцы! Думка пра гэта не пакідала яе ні на хвіліну, і нават уначы яна бачыла альтанку ў сне. Калі ж удзень яна заставалася адна, ёй каштавала вялікага намагання стрымліваць сябе, каб не пайсці ў шклярніцу ды не прыўзняць покрыва над загадкавым дрэўцам.
Нарэшце апошні дзень чакання настаў: назаўтра Разалі павінна было споўніцца пятнаццаць гадоў. Прынц быў вельмі заняты падрыхтоўкаю да вяселля, на якое запрасіў усіх чараўніц з акругі і саму каралеву феяў. Сталася так, што на ўвесь час да абеду Разалі засталася адна. Яна пайшла пагуляць і так, ідучы па дарожцы і думаючы пра свой шчаслівы заўтрашні дзень, неўпрыкмет павярнула да таго месца, дзе стаяла альтанка. Усміхаючыся, у задуменні яна ўвайшла ў шклярніцу — і раптам заўважыла, што стаіць якраз перад вялікім вазонам, у якім пад покрывам хаваецца скарб.
— Заўтра нарэшце я даведаюся, што там такое, — сказала яна сабе. — Дый каб я захацела, я магла б даведацца пра гэта і сёння... бо ў гэтым покрыве такія дзіркі, што я магу спакойна прасунуць у іх некалькі пальцаў... а калі потым крыху пацягнуць... Ніхто ўсё роўна пра гэта не даведаецца... А пасля я трошкі пагляджу і папраўлю ўсё на месца... Заўтра ж гэта ўсё роўна будзе маё, дык чаму б мне не зірнуць ужо сёння?..
Яна паглядзела вакол, але нікога не ўбачыла. І тады, абсалютна пра ўсё забыўшы: і пра добрага прынца, і пра небяспеку, якая яе чакала, — адчуваючы толькі пякучае жаданне задаволіць сваю цікаўнасць, яна прасунула пальцы ў дзірку і ціхенька пацягнула. Покрыва раптам разадралася з пачварным трэскам, і здзіўленая Разалі ўбачыла перад сабой цудоўнае дрэва, ствол у якога быў з каралаў, а лісце са смарагдаў. Яно ўсё было абсыпанае пладамі, і кожны плод быў з суцэльнага каштоўнага каменя: дыяменту, рубіну, перлу, сапфіру, апалу, тапазу... — і ўсе яны пераліваліся рознымі колерамі. Такі бляск асляпіў Разалі. Але толькі яна паспела ўбачыць гэта чароўнае дрэва, як пачуўся яшчэ болей жудасны грукат. Разалі ачнулася ад свайго захаплення і адчула, як нейкая неадольная сіла падняла яе над зямлёй і панесла ў поле. Адтуль Разалі ўбачыла, як прынцаў палац абрынуўся, і з-пад абломкаў пачуліся страшныя стогны. Праз імгненне з руін выйшаў прынц. Ён быў увесь акрываўлены, у лахманах. Сумна зірнуўшы на Разалі, ён сказаў:
— Ах, Разалі, няўдзячная Разалі! Бачыш, што ты зрабіла са мной і з маім палацам. Цяпер, калі ты гэта ўтварыла, я не сумняваюся, што і трэці раз ты саступіш сваёй цікаўнасці і асудзіш на вялікае гора і мяне, і сябе, і свайго бацьку. Бывай, Разалі, і няхай пакаянне акупіць тваю няўдзячнасць да няшчаснага прынца, які цябе так кахаў і хацеў табе толькі дабра!
З гэтымі словамі ён пайшоў прэч. А Разалі кінулася на калені і, заліваючыся слязьмі, пачала клікаць, прасіць, але прынц знік з вачэй, так ні разу і не азірнуўшыся, каб убачыць Разаліну роспач. Дзяўчына была ўжо гатовая страціць прытомнасць, калі раптам зусім побач пачула прарэзлівы смех шэрае Мышы.
— Падзякуй мне, Разалі, — сказала Мыш. — Гэта я табе так цудоўна дапамагла. Гэта я пасылала табе прыемныя сны пра чароўнае дрэўца і прагрызла дзіркі ў покрыве, каб пад яго можна было зазірнуць. Каб мне не ўдалася гэтая хітрасць, я, напэўна, ужо назаўжды страціла б і цябе, і твайго бацьку, і Чароўнага прынца. Але цяпер мне засталося ашукаць цябе яшчэ ўсяго толькі раз, і вы ўсе назаўжды зробіцеся маімі рабамі.
Мыш радасна пачала скакаць вакол Разалі, але яе здзеклівыя словы зусім не раззлавалі дзяўчынку.
«Гэта я ва ўсім вінаватая, — падумала Разалі. — Каб не мая злачынная цікаўнасць, Мышы ніколі не ўдалося б прымусіць мяне зрабіць такі дрэнны ўчынак. Я павінна выправіць яго сваімі пакутамі, сваім цярпеннем і нязломнаю волей. Я павінна вытрымаць трэцяе выпрабаванне, якое б цяжкае яно ні было. Дый чакаць мне застаецца ўсяго некалькі гадзін. Няўжо я не здолею? Цяпер, як сказаў Чароўны прынц, ад адной мяне залежыць яго, маё і бацькава шчасце».
Падумаўшы гэтак, Разалі вырашыла стаяць на месцы і больш нікуды адсюль не ісці. І колькі Мыш ні старалася, яна так і засталася каля разбуранага палаца.