Выбрать главу

Багдановіч, побач з Купалам і Коласам, — тое трэцяе вымярэнне, без якога немагчыма перспектыва. З Багдановічам нам стала далёка відаць ва ўсе канцы свету.

I такая ранняя смерць! Каб пражыў ён больш, хто ведае, чым маглі б мы быць сёння, працу колькіх людзей мог бы зрабіць ён адзін — спакойна, аберуч, з яснай галавой і шчырым сэрцам. Дзе сёння былі б яго ўзмыленыя, ускінутыя над роднай старонкай коні?

Яго няма — ляціць яго «Пагоня».

Няма чытача ў яго «Маладзіка», «Красавіка», «Шыпшыны», «Пярсцёнка» — ва ўсіх тых зборнікаў, якія паэт планаваў наперад, якія меўся напісаць. Іх ён не напісаў. Застаўся адзін «Вянок». Не старайцеся ўплятаць туды новыя кветкі: тыя, што там, ніколі не завянуць. Сплятайце свае вянкі. Не старайцеся адшчыкнуць хоць адзін лісток ад тых лаўраў: тыя лаўры, перш чым стаць імі, былі цернямі. Паглядзіце лепш наўкол сябе: красуе жыта, і красуюць у ім васількі. Віруе жыццё, і нараджаецца ў ім прыгажосць. Жыве паэзія. I вечна свеціць нам і вабіць сваёй загадкай.

…У далёкай Ялце на магіле Багдановіча цвітуць касачы.