— Паказвай стражнікам, што ты стаў ужо свядомым чалавекам, — дадаў уласнік дарагога партсігара ды зарагатаў, а за ім усе.
Хіхікаў і стары.
Шаша кончылася. Уехалі ў лес. Наперадзе гультаявата пятляў маўклівы гасцінец. У трынаццатым квартале «Шкода» спынілася, па-вярнула направа і папаўзла ў нару бакавой дарогі ламаючы навіслае голле.
З дарогі зыйшоў хлопчык з кошыкам грыбоў. Ён стаяў і глядзеў, у яго вачах была дабрата.
Зладзеі неспакойна паглядзелі на хлопчыка.
У цёмных акулярах. Аднарукі — не па ўласнай віне. Сакольская фантазія так прыаздобіла яго. Вінаваты немцы, як першапрычына фантазіі, іхні запляваны фашызм, канкрэтна адзін жыватасты фашыст. Амцкамісар, кавалак дрэні, узор акупацыйнага забойцы і хабарніка, нажываючага дабро на крыві простых людзей — саксонскі баўэр, адчуўшы сябе панам, невядома якім правам, крымінальная шантрапа, ох, слоў няма на апісанне таго індывіда. Ад яго дастаў палкаю па галаве. (— Ах, ты гітлерчык пузаты).
Закіпеў прыяцель мой сардэчны, спачатку заліўся крывёю, пайшоў у поле. Дастаў снарада з-пад танка (савецкага), разбітага танка, загарнуў снарад у кашулю. Узяў бацькаву сякеру, закраўся да палаца, логава амцкамісара. Запхнуў тое парася, абкормленае дынамітам, пад фундамент — воўчым спосабам, чырвоны нос узрывальніка нюхаў паветра. Ляснуў па ім сякераю з усяе сілы, з перакананнем, што не спатрэбіцца яшчэ раз вяртацца, дабіваць. Салідна ўдарьгў, каб напэўна ўзарваць палац разам з фашыстам, дрэмлючым у пярынах, і ў «пяць мінут» схавацца ў кустах, усяго тры крокі скочыць, да сажалкі, да сцежкі па-над берагам, дахаты!..
Рукі з сякераю ніхто не знайшоў.
Гаварылі людзі: нібы хтосьці дзесьці адурэў з перапалоху, камусьці ўпала на галаву рука з , сякераю, адарваная, пырскаючая, на лузе ці ў вёсцы за дзесяць вёрстаў. Хтосьці сядзеў у полі і абедаў, пастух каровячы, ні што?, упала яму рука з сякераю проста ў торбу з хлебам. Прабег з ёю пяць кіламетраў, не маючы адвагі выкінуць таго з торбы, ні пакінуць торбу — асівеў і намачыў пад сябе, утапіўся ў глінішчы...
Фашыст сапраўды драмаў, выхаплены з пасцелі выбухам і пырскамі шыбаў, не застрэліў прыяцеля майго, заваленага крывавай граззю. Не застрэліў таму, што ашчадны ў амуніцыі, бадзяга, быў пэўны яго смерці. Пэўны.
Была восень. Імгла. Тады ашуканая дзяўчына падпаліла хату кавалера, фальксдойча.
Як Крынкі Крынкамі такога налёту на шаўцоў не было! У гэты дзень убэ вывезла ў Саколку поўную адну машыну скураў, а таксама някончаных і кончаных ботаў — і другую поўную машыну шаўцоў, разам штосьці каля сарака чалавек. Была гэта ўданая акцыя ліквідацыі ўласнасці буржуазіі.
Трэба сказаць, што буржуазія ў Крынках была вельмі моцная: апрача шаўцоў, шмат багатых гаспадароў. Багатых пазнавалася па тым, што мелі пчолы і, часамі, мёд. Але ўбэ, гэта таксама людзі і, відаць, пастаноўлена пакуль не зачапаць пчолаў...
I так, першы ўдар па шаўцах.
Уцалеў толькі адзін, Сцяпан — Пекная Халяўка. Ён жыў у хатцы за вішнямі на агародах, у канцы мястэчка. Аб налёце даведаўся назаўтра і да вечара праляжаў у баразне бульбы. I цэлую ноч.
Над раннем вярнуўся Франак — Глянцпаперчык.
«Завалаклі нас у Саколку і пытаюць, чаго мы прыехалі, — кажа Глянцпаперчык. — Мы гаворым, хто яго ведае, чаго прыехалі. А я думаю, вы прывязлі, чаго пытаеце — потым думаю, папрашу, аддайце, панове, мае скуры ў салявым мяшочку і дзве пары някончаных ботаў з высокімі тылкамі, шваграм на вяселле. Але, не, думаю, не папрашу — яшчэ захоча каторы, каб зрабіць модныя боты за адну ноч, як той з медалямі за Берлін, што дамагаўся германскага фасону... Другія шаўцы маўчаць. Сказала ўбэ, ідзець дахаты! Калі ўбэ сказала так, усе і падумалі — прапалі скуры, боты. Пусцілі адразу ўсіх як ганьё, выйшлі мы за Саколку да Крынак, у Камянцы зайшлі да Цыганчыка і пілі да ночы. Манька Цыганчыкава набіла Абцасіка ў морду, бо Абцасік свіння».
Франак — Глянцпаперчык расказаў, як Манька біла Абцасіка.
— Ну, Крынкі абулі Саколку, — закончыў Франак-Глянцпапер-чык, і пачаў думаць, адкуль купіць скураў на боты шваграм.
Сцяпан — Пекная Халяўка спакойна пайшоў дахаты.
Здарылася гэта ўвесну 1947 года.
А ўвосень шаўцы пазнавалі свае боты на нагах тых, што прыехалі з лесу і грабілі краму. Грабілі крамы. Грабілі ў тарговы дзень, у чацвер.