Выбрать главу
ПIСЬМЫ З ВЁСКI

НЯВЕСТАЧКА ОЛЯ

Засумавала па вас, дарахсэнькія нявестачка Оля, сыночак Грыша і ўнучачак залаценькі Генічак, хоць раз напісаў бы мне ручанькай маленькай пісямцо.

Олечка! Як ты маешся, як здароўечка, як жывеш? Чамусьці нічога не пішаш? Мусіць, мопна я надакучыла табе? Выбачай, мо што і кепскае зрабіла, не злуй. Цябе лічу за роднае дзіця, у мяне дочак няма — усё здаецца, што ты мая дачка і я люблю цябе лепш чымсьці Грышаньку.

Дзякую за фарбу, нават ужо пафарбавала ёю пражу. Вельмі пекны колер зялёны, свэтар удасца на зайздрасць усім. Вайлакі хутка пашыю, а то ногі старыя мерзнуць, адтанцавалі маладосць даўнюю. Просьбу маю, — прыпомні Грышку, каб зыскаў акуляры ў магазіне пры вуліцы Сянкевіча, квіток на іх узяў, абяцаў прыслаць і забыўся хіба. А на гэтыя акуляры, што ёсць, татка надта слаба бачыць, чакае новых і не можа дачакацца.

Олечка! Цётку Зольку дурную, што да вас лазіць, гані вон з хаты. Яна пляткарка, у вочы глядзіць і махлюе. Маці сваю і то не прыняла па-людску, не пагасцявала. Наракала, бессаромніца, што на кошты вялікія старая навяла яе, бо за білеты трэба было семдзесят злоты заплаціць і дзень цэлы карміць. Во, як аддзяквала гніда паршывая матцы шчырай!

Оля! Яшчэ апішу табе адну справу. Можа хочаце мяса купіць? Добрае, сытае. Паршук быў адкормлены, гладкі, у суседкі нашай Алюты. Зацэніць яна па якіх трыццаць злоты, пяцьдзесят кіляў адступіць адразу. Паведамі зараз жа, як толькі пісьмо атрымаеш, у знаёмых даведайся, ці не схочуць прыдбаць свежаніны файнай, бо ў нас ніхто не купляе, кожны сабе свінні коле. А трэба ж за штосьці гаспадарскія выдаткі ўладкаваць і сыну даросламу касцюм з крэпы справіць намерана і таму танней прадае, грошы вельмі ж патрэбны ёй.

Будзільнік, які маем, зусім нікудышні, ізноў папсаваўся, ладзіць мус, хоць трэсні, бо невядома, каторая гадзіна ў ранкі зімовыя познія. Меўшы часіну вольную папытай, Олечка, у крамах дзе-лень пра ланцуг да ровара. Вясна, дай Бог, настане, у поле, або на сенакос ездзіць спатрэбіцца бацьку нядужаму. Тавар гэткі часамі ў ларок спулдзельчы наш прывозяць, ды за маладымі не даступішся.

Дзякую таксама, дачушка, што просьбы маёй не пакінула і лісця бабковага, перцу, цынамону, дражджэй наслала. Чакаю пісьма, напішы, яшчэ раз прашу, пра здароўе тваё, як жывеш і ці Грыша добры — ці не сварыцца іншы дзень? Усё напішы.

Да пабачэння. Бывайце здаровенькія! Піша дэ вас маці з бацькам, цалуем моцна!

АЛІНКА НАРАДЗІЛА СЫНА

У першых словах свайго пісьма паведамляю цябе, браток, што мы ўсе жывы і здаровы, чаго і табе жадаем. Выбачай, дарагі, што так доўга не адпісваў на ліст твой, які прынёс паштальён, калі авёс жаць канчалі за прысадамі. Спяшаю напісаць хутчэй аб тым, як мая жонка, Алінка, сына нарадзіла. А гожанькі ўдаўся ён нам, а жва-венькі, трапешчацца безупынку, ножжамі перабірае. Мо пойдзеш дзе-лень у крамы беластоцкія за чым-небудзь, дык пудры прыхапі з пачку. У вёсцы, сам ведаеш, дошкамі забітай наглуха, вельмі ж не хапае гэтага тавару. Патрэбна пудра маленству нашаму, бо запарыцца і верашчыць на цэлую хату.

А пакуль нарадзілася яно, беданькі ўсякай ужылі. На Пакрову пачулася Алінка блага, заенчыла голасам страшным. Бягу, бы яблык накраўшы, за тры вярсты да пошты ў «пагатове» званіць. Да вуха трубку прыткнуўшы, гора ўсенькае расталкаваўшы, пачуў голас сярдзіты, які сказаў, значыць, чакайце, выязджаем. Пайшоў я назад, пот на ілбе рукавом выціраючы. У хаце ўжо сваячкі, бабы гаспадарылі, мяне на вуліцу карэткі выглядаць паставілі. Няма і казаць чаго, у бабскім племені слабыя з нас героі... Стаю пакорліва ля плота патупваючы, вочы на гасцінец вылупіўшы, ці не запыліць апонамі машына абяцаная.

Стаяў я, стаяў, ды столькі магу табе напіслць, што суседкі, свіней накарміўшы, таксама пачалі мне дапамагаць карэтку пільнаваць. Цемень вячэрняя вёску абступіла, зоркі на небе замільгалі. Апоўначы свякруха куртку прынесла, каб на сырасці не прастыў.

Потым незадоўга лаянка знаёмая данеслася з паблізу, у якой ясна гаварылася, што тырчу, быццам дурань, на ветры, тым часам жонка да ранку памерці можа. Грэх тады ўвесь на каго ж, як не на мяне зваліцца.

У сенцах цесць хамута спасобіў ды загадаў воз на панадворак вывалачы. Запрогшы, як мае быць гнядога ў аглоблі, да пункту здароўя крыкнуў ехаць. Дактароў там усякіх па калідорах ходзіць, даў наказ, каб хаця аднаго з іх прыперці.

Мабыць, не ведаеш, што масток на Слоі перабудоўваюць. Пагнаўся я дарожынамі бакавымі, на досвітку перад пунктам здароўя затрымаўся. Вартаўнік вачыма залыпаў зосну і кажа: