— I я з вамі, — папрасіўся Саша.
— I я, — Кіра таксама хацела ісці.
— Не ўсе, — сказаў бацька.
— Дзяўчынка можа ісці з намі, — сказаў ляснік, паказваючы на Кіру. — А хлопец павінен застацца пільнаваць домік. Трэба, каб хто з мужчынаў застаўся на месцы, — дадаў ляснік Мацюкевіч, каб пацешыць Сашу. Ляснік меў рацыю.
У Кіры загарэліся вочы. Саша і маці пайшлі да доміка.
— Ідзі, Кіра, пераабуйся ў гумовыя боты, — сказаў бацька. — Ноч. У туфлях пакалечыш ногі, наступіш на вужа... I вазьмі электрычны ліхтарык, — прыпомніў ёй.
— Добра, тата.
Пакуль ляснік Мацюкевіч выбіў махорку з люлькі, Кіра вярнулася з доміка ў гумовых ботах, куртцы, і з электрычным ліхтарыкам. Ляснік выясніў для Кіры, што яна павінна клікаць у лесе дзіця, якое можа забаяцца голасу дарослых людзей.
Ляснік узяў ліхтарык, Кіра ішла на другім месцы, а бацька ззаду. Ляснік час ад часу запальваў ліхтарык, калі праходзілі праз мокрыя мясціны ў ялінавым лесе, дзе так цёмна, быццам вочы перасталі бачыць. Чуваць, як парыпваюць старыя яліны, гудзіць бліз твару камар, потым два камары, потым многа. Злятаюцца на бляск.
Калі выйшлі з ялінавага лесу ў сасновы, зрабілася відней, на небе мігцелі зоркі. Месяц яшчэ не ўзыходзіў.
Пасталі.
— Здаецца, ужо недалёка? — сказаў бацька. Плач дзіцяці паўтарыўся, калі праходзілі яшчз цераз ялінавы лес.
— Так, — ляснік ляпей ведаў ваколіцу. — Яно павінна быць недзе тут, зараз гара.
— Крыкні, Кіра.
— Го-оо-гоо-о... гу-уу-гу-у... Дзе ты-ыы?!
Рэха паляцела аж за возера і распалася ў палянах. Лес маўчаў, растапырыўшы ў неба касалапыя цені. Рушылі пад гару, Кіра спатыкнулася на карэннях, якія, бы расшчэмленыя пальцы бруднай рукі выставалі ад пачарнелага пня. Ішлі асцярожна, як толькі маглі, каб не нарабіць шуму. Ляснік Мацюкевіч нешта пачуў і зашаптаў да Кіры, каб болей не клікала.
На гары, аднак, нічога падазронага не прыкмецілі. Цямнелі плямы сырой кастрыцы, разгрэбанай галлём, якое валаклі бацька з Сашам. Відаць адсюль кавалак возера, а дакладней, Зялёную бухту. Сосны і яліны ссоўваліся ўніз да бялеючых бярозак і пакудлачаных ляшчын у балаціне. Узыходзіў месяц — вялізнае чырвонае кола выкацілася памалу з падзёўбанай адзінокімі соснамі Змеевай паляны. У месячным бляску пабялеў камень-валун, аб якім ніхто не думаў і цяпер усе паглядзелі туды: за валуном задрыжэў заціхлы плач, закончаны імклівым шолахам у кустах.
— Мы тут! — крыкнула Кіра не сваім голасам. Пабеглі да валуна. Кіра напаткала тыя самыя сляды, якія кіраваліся ў кусты і далей, у малінавыя зараснікі. Нікога нідзе.
У той час Саша, застаўшыся з маці ў доміку, сядзеў на самаробным ганку. Унізе, ля самога берага, загасала вогнішча. Раптам выбухнула высокае полымя, абсвятляючы цэлы бераг, аж па шапкі соснаў. Саша падумаў, што гэта вярнуліся бацька, ляснік і Кіра. Зразу не здзівіла яго, што ніхто не гаворыць, а каля вогнішча пуста.
— Маму, вярнуліся! — крыкнуў у расчыненыя дзверы, бачачы, як маці заварвае на прымусе чайнік з малінавым адварам.
Спрытна саскочыў з ганку і пабег. Полымя разгаралася з-пад горбы кінутага ў жар хмызняку і сасновага сухападу. Саша прыпыніўся як укопаны, разглядаўся і крычаў:
— Тата! Кіра! Дзе вы?
Цягнулася так некалькі хвілін. Саша адступіўся да доміка. Маці запытала:
— Дзе яны?
— Не прышлі.
— Саша! Як табе не сорамна вырабляць такія штукі, — загневалася маці.
Саша прамаўчаў. Ён зразумеў, што тут хтосьці ёсць. Хто?
Калі полымя паслабела і пацямнеў бераг, Саша сказаў:
— Я зараз прыду, мама.
— Не лазь нікуды.
— Я выйду і прыду.
— Час кладавіцца спаць, — сказала яшчэ маці.
Саша нячутна прачыніў дзверы і выслізнуўся на ганак, прысеў і паволі споўз пад куст ядлаўцу, што рос пад акном. Перапоўз да другога куста, бліжэй берага. Затым, прыбярэжнымі сцежкамі прасунуўея пад нізкарослы вербалоз, адкуль да вогнішча не далей, чым на два скокі. На лыдку дзыганула жаба, але Саша ляжаў неру-хома. Жаба пакаўзнулася на лыдцы і ўпала ў траву. На плыткую ваду выплыў малады шчупак і пагнаўся за рыбкамі. Саша час ад часу па-глядаў на тлеючае акно доміка, там маці бразгітала пасудаю, рыхтуючы гарачую вячэру.
Убок ад вогнішча зашахацелі чароты, расхіліліся, прапускаючы прыгорбленую голую постаць у падводных акулярах і з плаўнікамі на нагах. Даволі голасна пляскаючы плаўнікамі плывец падыходзіў да вогнішча.
Саша чакаў, што будзе далей.
Плывец нахіліўся, узяў тоўстую галіну і з размаху ўдарыў па галавешках, раскідаючы іх аж у ваду. Узняўся дым.
— Што ты чаўпеш там! — крыкнула маці, пачуўшы псычанне галавешак у вадзе. У лес выройваліся хмары іскраў.