Словам, пакінуў яе, праз нейкі час да іншай, прыго-жай Анюткі-магазіншчыцы з бліжэйшага сяла, пачаў заляцацца. I цяпер з красуняй хутка ўсё на лад пайшло. Смеласць, спрыт заявіліся. Зразумеў: з жанчынамі трэба ласка, адмысловае языкачосніцтва, але заадно трэба і рашучасць, напорыстасць. Спакваля падступайся, улагоджвай, а калі ўсыпіў пільнасць, то хапай і не выпускай ужо з рук!
Дык… Еду аднойчы ад Анюткі позна дадому, песеньку пад нос мармычу — ажно бачу: на дарозе — стары Лыкаў, Марусін бацька. Мусіў прыпыніцца. Не душыць жа чалавека. Аж з лесу яшчэ і два яго сыны выходзяць. Усе сярэдняга росту, плячыстыя, малагаваркія і лютыя. Ну, тут у мяне і зубы заляскалі. Адчуў: будуць судзіць па нашым, ветраўскім, законе…
«Вылазь, герой, пагаворым», — кажа Лыкаў-бацька.
«Пра што?»
«Не ведаеш?»
Слова за слова — ухапілі, вывалаклі з машыны, на калені паставілі.
«Што Маруську нашу сапсаваў — ладна… Але калі не возьмеш яе замуж, заб'ём і ў лоўж…»
Карацей, упірацца не было як: загубілі б. Не толькі прызнаўся ва ўсім, але даў слова, што выкуплю свой грэх. Праз некалькі дзён павёз яе ў сельсавет. Пасля ўжо, на вяселлі, і Анютка, і іншыя дзяўчаты шкадавалі: эх, уздыхалі, Лукіч-Лукіч, ты такі хлопец, на ўвесь раён славён, мог самую прыгожую ўзяць, а падчапіў за-мухрыху!
Што мне было гаварыць? Маўчаў, моршчыўся ды махаў ад адчаю рукою.
3. ВАЙНА, НОВЫ ЛЁС I «АСАБІСТАЕ ПЫТАННЕ»
Як перадавога чалавека новай вёскі ўзялі мяне ў армію. Старшыня калгаса даў прэмію: кавалак палатна, пару ручнікоў і цяля. Бялізну Марусі пакінуў, а цяляці-на пайшла на развітальны вечар. Усёй вёскай гулялі, праводзілі мяне.
Потым усіх навабранцаў сабралі ў Дзёгцеве. Музыка, песні, свята. Праўда, Маруся плача. «Душа адчувае, — ные, — не вернешся ты да мяне, Апанас Лукіч. Гарадскую якую знойдзеш сабе…»
На камісіі, як і мой дзед некалі, шмат на вагах зацягнуў, і мною любаваліся ўрачы: мацак!
— Будзеш, герой, служыць на мяжы. У Брэсце, — сказаў старшыня камісіі.
З аднаго боку, быў рады, што ад Марусі ўцякаю, а з другога — душа ў пяткі. Я тады не вельмі ведаў геаграфічную карту. Ну, падумаў, траплю на край свету? Уладзівасток, Брэст — гэта ж крайнія кропкі нашай вя-лікай краіны. Уладзівасток на Далёкім Усходзе, непадалёку Японіі (фільм бачыў, як ехалі дзяўчаты туды па пу-цёўках). А вось дзе той Брэст? Кажуць, за Мінскам, перад Польшчай, якой ужо Германія валодае. Ну, што да Германіі, дык такой бяды: з ёй жа вялікая дружба! Хоць, сказаць шчыра, душу ўсё ж нейкая трывога тачыла: хаўрус то хаўрус, але Гітлер — не такі ўжо добранькі ды лагодненькі, як прыкідваецца, як цяпер нашы гаварыць пачалі. Вунь колькі ўжо суседніх краін патаптаў і загроб!
Але нічога не зменіш. Пагрузілі ў вагоны — паехалі. У Магілёў, з яго — у Брэсцкую крэпасць.
Служба была не цяжкая. Вазіў на легкавушцы каман-дзіра палка. Страявой, лічы, і не нюхаў. Праўда, два разы «на губе» сядзеў. Адзін раз за выпіўку, другі — за самаволку.
У першы ж дзень вайны ледзьве ў палон не трапіў. Вёз камандзіра ў штаб — адкрылі па нас з аўтаматаў агонь дэсантнікі-дыверсанты. Камандзіра забілі, а я ўцалеў. Уцёк з-пад самага варожага носа. Адступаў. Каля Стоўбцаў запыніліся. Пачулі: немцы пад Смаленскам ужо. Куды ні ідзі — трапіш у іхнія лапы. Адным словам, рашылі дачакацца нейкай пэўнасці ў невялікай вёсачцы. У Заброддзі. Паскідалі сваю форму, панадзявалі вясковыя жупаны. Пайшлі ў найміты. Касцамі. Праз месяц-другі некаторыя мае сябрукі ў прымы да тутэйшых маладзіц папрыставалі (адзін з жаніхоў жанаты быў ужо). Кажуць і мне: ляпіся і ты, Апанас, да якой мала-дой удавы, ахватней вучыся гаварыць па-тутэйшаму ды жыць тут будзем, пакуль усё ўсталюецца. Немцаў, можа, і не варта надта баяцца. Яны ўсё ж культурная нацыя. Зямля тут неблагая, людзі гаспадарлівыя, спакойныя — жыць можна. Павернецца ўсё іначай — можна тады і лататы даць.
Я не спяшаўся атабарвацца тут. Мае сябры па няшчасці цёмныя, недалёкія былі, а я ўсё ж свядомасць меў. Ды асцерагаўся, што немцы мяне, камсамольца, на-ватара, патрасуць, а па-другое, яшчэ болей баяўся сваіх. Ведаў: не даруюць ні здрады, ні дэзерцірства. Чуў жа: Сталін сказаў, што ў яго палонных няма, усе яны — здраднікі. А з ненадзейнымі ў таго ды яго памагатых размова кароткая. Альбо куля ў патыліцу, альбо за калючы дрот. Адным словам, пачакаў да восені: хто — каго? Аж немец пад Масквой ужо. Сказаць шчыра: засум-няваўся, што яго змогуць адтуль назад паперці.